Каб лес сустракаў парадкам і ўтульнасцю

Каб лес сустракаў парадкам і ўтульнасцю

IMG_9945Любіць лес, разумець і адчуваць яго мой суразмоўнік навучыўся ад свайго дзядулі Мікалая Іванавіча і таты Адама Мікалаевіча, якія працавалі ляснічымі. Мікалай Палуянаў прадоўжыў справу дзеда і бацькі – як некалі яны, звязаў свой лёс з зялёнай красой. Працаваў абрубшчыкам, лесніком, майстрам лесу, і вось пайшоў другі год, як ён на пасадзе ляснічага. Напярэдадні Міжнароднага дня лесу, які адзначаецца 21 сакавіка, Мікалай Адамавіч расказаў пра надзённыя справы і клопаты калектыву Пятровіцкага лясніцтва, планы на будучае.

– Наша лясніцтва размяшчаецца на тэрыторыі трох раёнаў: Жабінкаўскага, Кобрынскага і Маларыцкага, мае плошчу ў 11300 гектараў. Мы ўваходзім у Кобрынскі доследны лясгас, у яго складзе яшчэ шэсць лясніцтваў. У лесе пераважае сасна, ёсць асіннікі, бярэзнікі, сустракаюцца альховыя і дубовыя пасадкі. Лес у асноўным сярэднеўзроставы – ад 40 да 80 гадоў.
На тэрыторыі лясніцтва ёсць біялагічны заказнік “Непакойчыцы”, які займае каля 560 гектараў. Тут забаронены ўсе віды высечак, можна ажыццяўляць толькі санітарныя і ліквідоўваць захламленасць. Прывабліваюць адпачываючых і рыбаловаў рэчкі Мухавец і Асіпоўка, турыстаў – штучнае возера Булькова, якое займае 56 гектараў і з мінулага года ўключана ў склад ляснога фонду лясніцтва. Ёсць і балоты, якія ў цёплы час перасыхаюць. Лясы нашы багатыя на звяроў і птушак, таму цікавыя для наведвальнікаў.
Адзін з асноўных нашых абавязкаў – ахова лесу. Мы сочым, каб дрэвы без дазволу не высякалі, каб неахайныя гаспадары не ператваралі лесапасадкі ў смеццезвалкі. Лес павінен сустракаць адпачываючых парадкам і ўтульнасцю. У полі зроку стан дрэў, іншай расліннасці. За ўсім гэтым дбайна сочыць лясная ахова, у складзе якой 14 леснікоў, ляснічы, яго памочнік і тры майстры, якія патрулююць тэрыторыю лясніцтва, што разбіта на абходы, у кожнага свой. Напружана працуем у гарачыя летнія месяцы, калі ўзрастае небяспека пажараў. Выязджаем і на тыя, што ўзнікаюць з-за абыякавасці наведвальнікаў лесу.
Сумленна да выканання сваіх абавязкаў, пастаўленых задач адносяцца ўсе ў калектыве, які налічвае амаль тры дзясяткі чалавек. Акрамя вышэй названых супрацоўнікаў, што складаюць лясную ахову, ёсць у нас работнікі і іншых спецыяльнасцей: бухгалтар, тры трактарысты, два вадзіцелі, абрубшчык, два ахоўнікі, даглядчык жывёлы. Калектыў наш дружны, усе прафесіяналы сваёй справы, таму і маем пэўныя вынікі.
На сённяшні дзень ёсць дзве вакантныя пасады леснікоў, якія патрэбны для хмелеўскай зоны і тэрыторыі ў раёне Булькова.
Штогод займаемся пасадкай лесу, ажыццяўляем яе як вясной, так і восенню. У гэтым найпершыя нашы памочнікі – вучні Старасельскай, Ленінскай, Ракітніцкай і першай гарадской сярэдніх школ, якія таксама прыцягваліся для ўборкі смецця на тэрыторыі лесапасадак, па берагах уздоўж рэк. У асноўным высаджваем сосны і бярозы. Летась пасадзілі 33 гектары на тэрыторыях нашага і Маларыцкага раёнаў, сёлета плануем ахапіць плошчу ў 60 гектараў, пасадку дрэў будзем ажыццяўляць у лясных масівах Ленінскага і Хмелеўскага сельсаветаў.
Займаемся і натуральным абнаўленнем, для гэтага трактарам праворваем неглыбокія барозны, куды самастойна засяваюцца дрэвы. Насенне ў такім выпадку трапляе не на мох, а прама на зямлю і хутка прарастае. У будучым такія дрэвы і мацнейшыя, і больш устойлівыя да розных хвароб. Дарэчы, апошнім часам з-за змены клімату ад каранёвай губкі пакутуюць сасновыя насаджэнні – адбываецца іх засыханне. Хворыя дрэвы і тыя, што знаходзяцца ад іх у радыусе да дзесяці метраў, высякаем. Гэтыя месцы засаджваем наступным чынам: чаргуем сасну і бярозу, якая найбольш устойлівая да гэтай хваробы. Ёсць і яшчэ адна праблема: падтапленне лісцёвых насаджэнняў, калі, напрыклад, бярозы доўгі час стаяць у вадзе. Ад празмернай вільгаці дрэвы гінуць. Гэта назіраецца ўвесь час у балоцістых месцах. У такім выпадку дрэвы высякаюцца, іх абнаўленне адбываецца натуральным шляхам.
Калі гаварыць пра аб’ёмы высечак, то летась планавая лічба складала 12 тысяч кубаметраў, мы ж высеклі 21 тысячу. Чаму? На такі вынік паўплываў ураган, што прайшоў па тэрыторыі нашага раёна ў ліпені. Таму пасля стыхіі было высечана каля 37 гектараў лесанасаджэнняў на тэрыторыі Ленінскага і Хмелеўскага сельсаветаў. Планавая лічба на 2016 год – 13000 кубаметраў, на сённяшні дзень высеклі 4300.
Наш лес ідзе на экспарт, напрыклад, дробнатаварная драўніна сасны, бярозы, асіны адпраўляецца ў суседнюю Польшчу. Купляюць яго і звычайныя людзі: для будаўніцтва, на дровы. Дарэчы, шмат дроў завозіцца ад нас у Жабінкаўскую жыллёва-камунальную гаспадарку, райпалівазбыты Кобрына, Жабінкі, Брэста.
Нарыхтоўваць лес дапамагаюць два харвэстары і трактары: з пагрузчыкам МПТ-461.1 і МТЗ-82. Лясніцтва добра забяспечана рознай тэхнікай, у нашым арсенале пажарная і вахтавая машыны ГАЗ-66, аўтамабіль УАЗ, пяць матацыклаў.
Не застаемся ў баку ад конкурсаў прафесійнага майстэрства, што праводзяцца ў Кобрынскім лясгасе. Летась у спаборніцтвах вальшчыкаў лесу ўдзельнічалі леснікі нашага лясніцтва Мікалай Ячнік і Аляксандр Кузьміч. Хоць і не сталі пераможцамі, але выступілі няблага.
Да нас з экскурсіямі прыязджаюць навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, часцей гэта адбываецца ў летні перыяд, пад час работы школьных аздараўленчых лагераў. Мы заўсёды рады бачыць юных гасцей, якіх у першую чаргу прывабліваюць нашы плямістыя алені, што жывуць у лясніцтве. На сённяшні дзень іх восем, даглядае лясных прыгажуноў Людміла Козіч.
Радуе, што нарэшце пачало вырашацца адно з набалелых пытанняў – жыллёвае. У аграгарадку Ракітніца будуецца дом для работнікаў лясгаса. Пройдзе час, і там паселяцца мае калегі, з якімі будзем займацца адной справай: зберагаць наша багацце – лес!
Запісала Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: ляснічы Пятровіцкага лясніцтва Мікалай Палуянаў.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top