Пра справы ветэранскія

Пра справы ветэранскія

IMG_9644У раённай газеце “Сельская праўда” паведамлялася аб тым, што адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, дзе вялася гаворка пра справы людзей шаноўнага ўзросту за пяць гадоў.

Цяпер у раёне пражывае каля 5 тысяч 800 ветэранаў, з іх – 27 удзельнікаў вайны, 10 працаўнікоў тылу, 40 – Узброеных Сіл, 60 – воінаў-афганцаў, 58 – праваахоўных органаў, 31 – вязень і каля 5550 – ветэранаў працы. Усе яны аб’яднаны ў 28 пярвічных арганізацый. Колькасны склад розны. Ёсць пярвічкі, дзе налічваецца да 25 ветэранаў, і такія, дзе на ўліку больш як 300. Самыя буйныя ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, у ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, у шэрагу сельгаспрадпрыемстваў. Розняцца яны не толькі колькасцю сяброў, але і аб’ёмам праведзенай работы.
На канферэнцыі адзначалася, што справаздачны перыяд быў багаты на важныя кампаніі і знамянальныя даты для беларускага народа. Адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя Саветы дэпутатаў. Рыхтаваліся да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. А яшчэ рэспубліканская арганізацыя ветэранаў адзначала 25-годдзе, якое шырока святкавалася. Усе гэтыя падзеі былі стымулам для павышэння актыўнасці ў рабоце ветэранскіх арганізацый.
Колькі слоў пра работу Савета і яго прэзідыум. Праведзена 10 пленарных пасяджэнняў, на якіх разгледжана 14 пытанняў. Аналізавалася практыка сумеснай работы ветэранаў, прафсаюзнага камітэта і кіраўніцтва дыстанцыі пуці па сацыяльнай абароне пажылых людзей, далучэнне іх да актыўнага грамадскага жыцця. На аналагічную тэму быў праведзены семінар старшыняў пярвічных арганізацый у СВК “Вазнясенскі”. Абмяркоўвалася таксама пытанне аб актывізацыі работы ветэранскіх арганізацый у выкарыстанні жыццёвага вопыту заслужаных землякоў у працоўным, маральным і патрыятычным выхаванні моладзі. Восем разоў на пленарныя пасяджэнні выносіліся пытанні выбарчай кампаніі, вылучаліся ветэраны ў склад выбарчых камісій, накіроўваліся назіральнікі на ўчасткі для галасавання.
За справаздачны перыяд было праведзена 41 пасяджэнне прэзідыума, дзе разгледжана 96 пытанняў, большасць з іх датычылася сацыяльнай абароны ветэранаў, пажылых людзей, адзінокіх; удзел ветэранаў у мерапрыемствах, акцыях з удзелам моладзі, а таксама ў школах па маральна-патрыятычнай тэматыцы; ушанаванне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны, іншыя.
Неаднойчы на прэзідыуме разглядаліся вынікі абследавання жыллёва-бытавых умоў інвалідаў, удзельнікаў вайны, працаўнікоў тылу, сем’яў загінулых. Часта такія абследаванні праводзіліся сумесна з работнікамі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і з удзелам старшыняў сельвыканкамаў. Па ўсіх просьбах і патрэбах прымаліся рашэнні, асобныя выконваліся прэзідыумам, а большасць накіроўвалася на адпаведныя адрасы іх вырашэння.
Другі важны накірунак работы ветэранскіх арганізацый – удзел у маральным і патрыятычным выхаванні моладзі. Быў вывучаны вопыт работы СШ №1 па грама-дзянска-патрыятычным выхаванні вучняў на прыкладах ветэранаў, паважаных землякоў і ролі школьнага музея. Парэкамендавалі знайсці месца ў ім для фотаздымкаў з апісаннем заслуг такіх землякоў, як А. Трафімук, Д. Крыўчэня, Г. Шорах, Н. Ясінскі, К. Буснюк, ветэран вайны, які прайшоў па франтавых дарогах з ліпеня 1941 года па 9 мая 1945 года, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Прапанавана таксама змясціць у Галерэю фотаздымкі ці спісы жабінкаўцаў, узнагароджаных ордэнам Леніна (11 чалавек), Кастрычніцкай рэвалюцыі (17), Працоўнага Чырвонага Сцяга (85).
Перыядычна ветэраны право-дзяць абследаванні стану помнікаў і магіл, дзе пахаваны абаронцы Айчыны і ахвяры вайны. Апошняя такая праверка праведзена летась, пасля якой абноўлены надпісы, прыведзены ў парадак магілы, пафарбаваны агароджы. Вучні першай гарадской школы прывялі ў парадак пяць магілак, і было дагаворана, што школа за імі будзе і далей наглядаць. З кіраўніцтвам другой гарадской школы дамовіліся аб навядзенні парадку на магілах палкоўніка Кірычэнкі і яго жонкі, лейтэнанта медыцынскай службы Шапяленка і яе мужа, вязня “Бухенвальда” Касьяна. Такую работу павінны працягваць пярвічныя арганізацыі са сваімі актывістамі, правяраць захаванні на мясцовых пагостах. Вынікам яе стала правядзенне ў 2014 годзе сумеснага семінару ветэранскага актыву Брэста і жабінкаўскага з ПУАП “Азяты” на тэму “Аб ролі захавання памяці пра подзвігі абаронцаў Айчыны ў маральным і патрыятычным выхаванні моладзі”.
За справаздачны перыяд прэзідыум заслухаў работу трох старшыняў пярвічак, разгледзеў структуру ветэранскіх арганізацый у Жабінкаўскім, Крыўлянскім і Хмелеўскім сельсаветах. Дарэчы, на Жабінкаўшчыне ёсць пярвічныя ветэранскія арганізацыі, з якіх можна браць прыклад іншым: дыстанцыі пуці (старшыня В. Гардзейчык), ПУАП “Азяты” (В. Федзюковіч), ПМК-10 (І. Маёрава), СВК “Шпіталі” (Т. Казлякоўская), ПМК-19 (В. Качко). У абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пярвічку па падрыхтоўцы і правядзенні святочных мерапрыемстваў, звязаных з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-ай гадавінай Вялікай Перамогі, азяцкая пярвічка заняла прызавое месца, а ў раённым – першае. Старшыня яе была ўзнагароджана ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі.
У будучым савет і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі па-ранейшаму неаслабную ўвагу будуць надаваць патрыятычнаму выхаванню моладзі, дапамагаць таму, хто просіць, арганізоўваць шаноўным людзям культурны адпачынак, праводзіць сумесную работу саветаў ветэранскіх арганізацый з прафсаюзнымі камітэтамі, сельскімі старастамі, моладзевымі арганізацыямі. Пра ўсё гэта вялася гаворка ў справаздачы былога старшыні раённага савета ветэранаў Васіля Міхайлавіча Шышчыца і тых, хто ўдзельнічаў у яе абмеркаванні.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top