“Я пашпарт беражліва трымаю…”

“Я пашпарт беражліва трымаю…”

IMG_2374Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – свята, якое датычыцца непасрэдна ўсіх і кожнага. У святочныя дні грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, пачынаючы з 2004 года, праводзіць усебеларускую патрыятычную акцыю “Мы – грамадзяне Беларусі”. Пад час яе юнакам і дзяўчатам, якім споўнілася 14 гадоў, уручаецца пашпарт грамадзяніна Беларусі. Цырымонія праходзіць урачыста, з удзелам кіраўнікоў дзяржаўнай улады, грамадскасці, бацькоў, сяброў. Віноўнікамі свята з’яўляюцца выдатнікі вучобы, актывісты моладзевага руху, пераможцы алімпіяд, таленавітыя спартсмены.

У Жабінцы цырымонія ўручэння пашпартоў адбылася менавіта 15 сакавіка. Нагадаю, што старт патрыятычнай акцыі быў дадзены ў сталіцы нашай краіны – Мінску – 10 сакавіка, дзе 27 юных грамадзян атрымалі свой першы дакумент з рук намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігара Бузоўскага.Фото 769 (1)
У Жабінцы святочнае мерапрыемства адбылося ў актавай зале райвыканкама. Шаноўным госцем урачыстасці быў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі. Дзмітрый Мікалаевіч уручыў пашпарты шаснаццаці вучням гарадскога ліцэя і трох школ Жабінкі, шчыра павіншаваў іх з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і атрыманнем дакумента, які засведчвае іх прыналежнасць да нашай суверэннай і незалежнай краіны. Ён таксама нагадаў, што быць грамадзянінам сваёй краіны – не толькі вялікі гонар, але й вялікая адказнасць, якая мае на ўвазе выкананне многіх абавязкаў: захаванне Канстытуцыі і Законаў, сумленную і карпатлівую працу, абарону нацыянальных інтарэсаў, павагу і захаванне традыцый свайго народа, а самы святы з іх – абарона сваёй Айчыны. А яшчэ ён, у прыватнасці, сказаў: “Сёння ў краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны з вас змог скарыстаць права на адукацыю, працу, ахову здароўя, дастойны адпачынак, на свабоду меркаванняў… У якасці прыкладу прывяду наш раён, выпускнікі школ якога пасля атрымання адпаведнай адукацыі і спецыяльнасці паспяхова працуюць на кіруючых пасадах у працоўных калектывах раёна і за яго межамі. Праўда, можна быць дастойным, паважаным чалавекам і не займаючы пасады кіраўніка. У галерэі працоўнай славы Жабінкаўскага раёна вы знойдзеце імёны вадзіцеля і трактарыста-машыніста, машыніста экскаватара і муляра, інжынера, цырульніка, настаўніка, медыцынскай сястры, клубнага работніка. Іх працай, а таксама іх калег ствараюцца духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці, умацоўваецца дабрабыт людзей. Спадзяюся, што ваша энергія, мэтанакіраванасць, канструктыўныя ідэі і смелыя рашэнні таксама паўплываюць на развіццё і росквіт краіны і нашага раёна ў прыватнасці”.
З рук старшыні райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага пашпарты, а таксама цудоўную кнігу-альбом “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, дзе расказваецца пра родны край, яго гісторыю, дзяржаўны склад, нацыянальныя традыцыі, непаўторную прыроду атрымалі Настасся Лакіза і Альбіна Дашкевіч, якія маюць выдатныя поспехі ў вучобе; Вераніка Сабалеўская, Марына Андрайчук, Ганна Барысюк, Кацярына Самасюк і Марына Кушнір, – прызёры абласнога конкурсу тэатральных пастановак на англійскай мове і раённага саперніцтва “Радавод”; Міхаіл Панфіла, Вольга Грыцук і Кацярына Дулевіч – пераможцы раённых алімпіяд; Ганна Мацкевіч, якая перамагла ў навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” і ў абласным конкурсе малюнкаў і плакатаў “Небяспека – СНІД”; Святлана Кірыльчук, Ксенія Крупко, Сяргей Куян, Марыя Пятручык і Юрый Звераў, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай дзейнасці сваіх навучалных устаноў, ГА “БРСМ”. Музычнае віншаванне маладым грамадзянам Беларусі падаравала Надзея Чэчалева.
Затым слова ўзяла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вольга Плавух. Моладзевы лідар адзначыла, што наш час – гэта імклівы рух наперад, таму трэба цаніць кожнае імгненне і дабівацца пастаўленай мэты, захоўваючы пры гэтым пазітыўныя адносіны да жыцця, і пажадала камсамольскага запалу, няўрымслівасці, веры ва ўласныя сілы, вялікіх здзяйсненняў на самастойнай дарозе, прымнажаць веды і ўдасканальваць навыкі, сваёй вучобай, творчасцю, а ў далейшым і працай уносіць уклад у росквіт краіны і Жабінкаўскага рэгіёна.
15 сакавіка – свята не толькі тых, хто ўпершыню атрымлівае пашпарт, але й кожнага беларуса, хто з гэтым дакументам жыве многія дзесяцігоддзі. Юнакі і дзяўчаты з удзячнасцю ўспрынялі словы-віншаванні настаўніцы пачатковых класаў СШ №1 г. Жабінка Ірыны Панфіла, мамы Міхаіла, які быў сярод тых, каму на ўрачыстасці ўручылі сінюю кніжыцу грамадзяніна Беларусі.
Ірына Анатольеўна пажадала маладым людзям ганарыцца тым, што яны беларусы і заўсёды памятаць пра гэта, не цурацца родных каранёў, матчынай мовы, беларускай культуры і літаратуры, шанаваць гісторыю і народныя традыцыі, не забываць тых, хто здабыў нам магчымасць жыць, вучыцца і працаваць у суверэннай і незалежнай краіне, прымнажаць добрыя справы дзядоў і бацькоў на карысць росквіту роднай зямлі.
Ад маладых беларусаў слова сказаў вучань ДУА “Ліцэй г. Жабінка” Сяргей Куян: “Пашпарт, які мы сёння атрымалі, абавязвае нас быць у адказе за сённяшні і будучы дзень Беларусі, – сказаў юнак. – Называцца грамадзянінам і патрыётам сваёй Радзімы – гэта значыць мець актыўную грамадзянскую пазіцыю, сумленна выконваць абавязкі, разумна карыстацца правамі, што прапісаны ў Канстытуцыі Беларусі. Заўтрашні дзень залежыць ад ініцыятыўнасці, крэатыўнасці сённяшняй моладзі, але мы адчуваем непарыўнасць у сувязях розных пакаленняў. На долю сённяшніх ветэранаў выпалі суровыя гады, але яны годна іх пражылі, стварылі магутную эканоміку, багатую культуру, сучасную навуку, нацыянальныя традыцыі, што й прымнажае сучасная моладзь”.
Цудоўнымі песнямі віталі маладых беларусаў Ілля Учаеў і Аксана Пракошына, а затым былі Гімн Рэспублікі Беларусь і фотаздымак на памяць.
Цырымонія завершана, а я хачу закончыць свой допіс словамі вядучага: “Я пашпарт беражліва трымаю, як пропуск у шчаслівы дзень. І над маім жыццём лунае падзеі радасны прамень”.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top