Учительский «хлеб»

Учительский «хлеб»

На самым ускрайку Старога Сяла, дзе дарога як бы вырываецца, каб бегчы да Мельнікаў, летам 1955 года ў сям’і Алексяевічаў нарадзілася прыгожая, чарнявая дзяўчынка. Назвалі яе Ніна. Старэйшыя, гледзячы, як яна падрастала, гаварылі:
— Старайся вучыцца — настаўніцай будзеш!
І яна старалася: спачатку хораша закончыла базавую ў роднай вёсцы, а пасля і сярэднюю школу ў Азятах. Яе прывабліваў настаўніцкі “хлеб”. Тым больш, што перад вачамі быў “жывы” прыклад: мясцовы хлопец, педагог ад Бога, М.М. Хоміч вёў у школе ўрокі матэматыкі. І як вёў!
Добра ведала матэматыку і Ніна Алексяевіч, хаця больш яе цягнула да вывучэння нямецкай мовы. Таму, скончыўшы школу, падала дакументы ў Беларускі дзяржаўны інстытут замежных моў. Для таго, каб стаць студэнткай, Ніне не хапіла зусім драбніцы, і яна вырашыла, што будзе вучыцца завочна і працаваць. Тым больш, што ў Старасельскай базавай школе патрэбен быў настаўнік нямецкай мовы.
…Каханне да Ніны прыйшло яшчэ ў школьную пару. Яе выбраннікам быў аднакласнік Мікалай Кузьміч. Ён не стаў шукаць шчасця ў інстытуцкіх сценах, захапляўся тэхнікай, таму і ўладкаваўся вадзіцелем у калгас “Беларусь”. Маладыя людзі сустракаліся, скора і ажаніліся. Калі з’явіўся сын-першынец Саша, Н.І Кузьміч працавала ў Азяцкай школе.
То быў час, калі з’явілася “мода” на англійскую мову, а настаўнікі нямецкай аказаліся незапатрабаванымі. За дзясяткі гадоў Ніне Іванаўне выпала паспрабаваць многія спецыяльнасці: вучыла першакласнікаў, вяла групу падоўжанага дня, была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, сацыяльным педагогам, настаўніцай абслугоўваючай працы і нават бібліятэкарам.
— Кожная работа, — лічыць Ніна Іванаўна, — патрабуе шмат высілкаў. Працаваць з дзецьмі і не выкладвацца на поўную моц — немагчыма. Цябе ж кожны дзень акружаюць юныя са сваімі “чаму”, і ты павінен дапамагчы разабрацца ў іх няпростых пытаннях…
Школа рыхтуе хлопчыкаў і дзяўчынак да ўступлення ў дарослае жыццё. Н.І.Кузьміч з задавальненнем расказвае, як на ўроках абслугоўваючай працы яны гатуюць стравы, займаюцца вязаннем і вышыўкай. З цеплынёй гаворыць пра нядаўнюю выпускніцу Наталлю Федарук, якая захапілася вязаннем кручком і бісерапляценнем, а таксама сённяшніх Ірыну Ермаковіч ды Вікторыю Траяновіч. У юных умеліц шмат прыгожых вырабаў.
Як сацыяльны педагог Ніна Іванаўна разам з работнікамі сельскага Савета і ўчастковым інспектарам наведвае так званыя “цяжкія” сем’і, знаёміцца, якія ўмовы створаны для жыцця і вучобы дзяцей. Аднойчы зайшла Ніна Іванаўна ў магазін, а там адзін гора-бацька просіць у прадаўца даць пляшку віна на павер да зарплаты. Толькі ўмяшанне педагога не дазволіла яму набыць спіртное.
Жыццё прадаўжаецца. Шкада, што рана, толькі дзеці на ногі сталі паднімацца, пайшоў з жыцця муж. Меншы Юра гатовы быў ісці працаваць. Яго падтрымлівала і сястра Лена, але мама сказала:
— Тата хацеў, каб вы мелі вышэйшую адукацыю!
— Тады мы будзем вучыцца завочна! — заявіў Юра.
На тым і парашылі. Каб вывучыць, Ніна Іванаўна брала пазыку, а заадно часам дапамагала рабіць кантрольныя. Зараз усе гэтыя клопаты ззаду: Юра і Лена працуюць у Брэсце, а Саша — у Жабінкаўскім райаддзеле міліцыі. Жанаты пакуль толькі Аляксандр. Унукі Марынка і Косця — бязмерная бабуліна радасць.
Р.БЕНЗЯРУК.
На здымку: Ніна Іванаўна Кузьміч.
Фота А.Бензерука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top