У мяне самы лепшы тата!

У мяне самы лепшы тата!

DSC07445

Мама – самы блізкі чалавек для дзіцяці. Аднак даказана, што менавіта таты могуць навучыць дзяцей размаўляць, калі не хутчэй, то правільней, бо мамы з маленькімі часцей “сюсюкаюцца”, а гэта адбіваецца на развіцці правільнага маўлення.
Дзеці адчуваюць, што з бацькам яны надзейна абаронены. Гульні з татам – любімы занятак для малых. Бацька для хлопчыка ці дзяўчынкі – крыніца не толькі фізічнай, але і псіхалагічнай моцы. Сын параўноўвае сябе з татам, хоча быць падобным на яго ва ўсім. А для дачкі тата – гэта першы мужчына, якому яна хоча спадабацца, адчуваць сябе ля яго самай прыгожай, разумнай, прывабнай, і ў будучым вобраз “ідэальнага мужчыны” будзе складвацца з лепшых рысаў бацькі. Тата ў сям’і – не толькі кармілец, і яго роля ў выхаванні дзяцей не павінна абмяжоўвацца толькі матэрыяльным забеспячэннем.
Як здорава, што ў студыі развіцця “Час перамен” у цукразаводскім Доме культуры ў татаў была магчымасць яшчэ лепш зразумець сваіх дзяцей пад час дзіцяча-бацькоўскага трэнінгу “Разведчыкі”. У школе юных воінаў вопытныя салдаты-таты (Аляксандр Максіменка, Аляксандр Крэпскі, Валянцін Омесь, Андрэй Баярчук) перадавалі свае ўменні “новаспечаным” 6- і 7-гадовым “байцам”.
Таты навучылі дзяцей арыентавацца па карце-схеме, праверылі ў малых хуткасць, спрыт, смеласць і на ўласным прыкладзе прадэманстравалі ўзаема-выручку.
Пад час вясёлай гульні таты і дзеці сабралі дадзеныя аб “праціўніку”, расшыфравалі сакрэтнае данясенне. За выдатную службу ўсім удзельнікам прысвоілі ўзнагароды, юным байцам – шакаладныя медалі. А татам выхаванцы студыі ўручылі танкі з цукерак і паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі.
Відавочна, што дзецям вельмі спадабалася гуляць з татамі ў “дарослую” гульню, яны смяяліся, пляскалі ў далоні, радаваліся. А хлопчыкі і дзяўчынкі, якія атрымліваюць любоў і адабрэнне не толькі мамы, але і таты, адчуваюць сябе ўпэўненымі, абароненымі, шчаслівымі.
Іна МАРТЫНЮК, псіхатэрапеўт студыі “Час перамен”.
На здымку: гуляюць дзеці ў разведчыкаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top