“Хуліганствы – актуальная праблема для вобласці”

“Хуліганствы – актуальная праблема для вобласці”

IMG_9213

Летась на Жабінкаўшчыне колькасць хуліганстваў вырасла з 8 да 15, з 13 да 20 павялічылася колькасць асоб, што іх здзейснілі. Сярод дваццаці хуліганаў – двое берасцейцаў і пяцёра кобрынцаў, якія прыехалі ажыццяўляць злачынныя дзеянні ў Жабінку. Большая частка хуліганстваў была здзейснена пасля 21 гадзіны вечара ў перадвыхадныя і выхадныя дні.
Такія лічбы і факты былі агучаны на раённай каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, якая разгледзела і абмеркавала пытанне “Аб эфектыўнасці дзейнасці праваахоўных органаў, суб’ектаў прафілактыкі ў папярэджанні хуліганстваў і правапарушэнняў, здзейсненых у грамадскіх месцах на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна ў 2015 годзе”.
У нарадзе прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, першы намеснік пракурора Брэсцкай вобласці старшы саветнік юстыцыі Сяргей Туравец, старшыня суда Жабінкаўскага раёна Віктар Новік, старшыні сельвыканкамаў.
Вёў нараду пракурор Жабінкаўскага раёна старшы саветнік юстыцыі Уладзімір Кірылюк. З асноўным дакладам выступіла намеснік пракурора Алена Сідарук. Яе дапоўнілі і абмяняліся думкамі намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС Ілля Хвалько, былы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Ніна Куракевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко.
Адзначалася, што работа суб’ектаў прафілактыкі летась праводзілася ў адпаведнасці з Планам мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў на 2015 год. Удзел у іх рэалізацыі прымалі РАУС, РАНС, упраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва райвыканкама, яго аддзел адукацыі, спорту і турызму, пракуратура раёна, Жабінкаўскі РАСК, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Жабінкаўская ЖКГ і іншыя.
Так, у сакавіку мінулага года ажыццяўлялася падрыхтоўка работнікаў ЖКГ па аказанні садзейнічання супрацоўнікам РАУС у ахове грамадскага парадку на дваровых тэрыторыях. На пастаяннай аснове праводзяцца мерапрыемствы па забеспячэнні кантролю за ўтрыманнем пустуючых будынкаў, збудаванняў, гарышчаў, тэхнічных паверхаў, падвальных і іншых тэхнічных памяшканняў у шматкватэрных дамах і своечасовае прыняцце мер да іх закрыцця на запорныя прылады з мэтай выключэння несанкцыянаванага доступу старонніх асоб.
Разам з тым дадзеныя мерапрыемствы неабходна прадоўжыць і сёлета, паколькі паступаюць паведамленні ад грамадзян пра знаходжанне асоб, схільных да ўжывання спіртных напояў, у тым ліку непаўнагадовых, у падвалах і іншых дапаможных памяшканнях.
На нарадзе адзначалася недастатковасць уцягвання ў прафілактычныя мерапрыемствы раёна грамадскіх фарміраванняў (добраахвотных дружын, Саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, прафсаюзаў). Так, на тэрыторыі раёна створана 12 добраахвотных дружын, зацверджаны іх штаб. Аднак, практычна ніякая дапамога з боку дружыннікаў супрацоўнікам РАУС не аказваецца. Усе мерапрыемствы праводзяцца дружынамі фармальна. Дадзеныя факты пацвярджаюцца праверкамі, якія ажыццяўляла пракуратура раёна.
Напрыклад, пры наведванні сельскага Дома культуры ў Ракітніцы выявілася, што члены добраахвотнай дружыны адсутнічалі.
Намеснік пракурора зазначыла, што супрацоўнікі РАУС рэдка навучаюць дружыннікаў, у сілу чаго тым не растлумачваюцца іх правы, гарантыі, а таксама мэты іх работы. Метадычная дапамога добраахвотным дружынам ажыццяўляецца слаба і зводзіцца да эпізадычных сумесных рэйдаў. Інструктажы праводзяцца фармальна, без уліку і спецыфікі дзяжурстваў. У РАУС адсутнічаюць графікі выхаду дружыннікаў на дзяжурствы, інфармацыя ў райвыканкам пра парушэнні ўказанага заканадаўства не накіроўвалася.
Таксама ў адпаведнасці з артыкулам 21 Закона члены добраахвотнай дружыны падлягаюць абавязковаму асабістаму страхаванню за кошт сродкаў адпаведных мясцовых бюджэтаў або сродкаў юрыдычных асоб, якія стварылі гэтую дружыну. Аднак ніводзін з 76 дружыннікаў раёна не застрахаваны і ў выпадку атрымання траўмы або калецтва ў час аховы правапарадку не будзе мець права на страхавую выплату.
Не ў поўным аб’ёме выконваюць свае паўнамоцтвы і створаныя саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (ГПАП). Напрыклад, работа Азяцкага і Ленінскага зводзіцца толькі да правядзення штомесячных пасяджэнняў. Прынятыя рашэнні фармальныя і фактычна не накіраваныя на прафілактыку правапарушэнняў і аказанне якой-небудзь дапамогі насельніцтву.
Саветы ГПАП не робяць аналіз прычын і ўмоў, што спрыялі здзяйсненню правапарушэнняў і злачынстваў, не распрацоўваюць і не ўносяць рэкамендацыі па пытаннях прафілактыкі і спынення правапарушэнняў на тэрыторыі, замацаванай за саветам грамадскага пункта.
Указаныя факты сведчаць пра істотныя недахопы ў рабоце суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў, а таксама пра невысокую эфектыўнасць работы саветаў ГПАП па прафілактыцы правапарушэнняў.
Алена Міхайлаўна паведаміла, што ў Жабінкаўскі РАУС летась паступіла 214 заяў (паведамленняў) (у 2014-ым – 275) пра хуліганства, наўмыснае пашкоджанне маёмасці (арт. 339 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, арт. 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь).
На тэрыторыі раёна ў мінулым годзе 20 асоб здзейснілі 15 злачынстваў-хуліганстваў (у 2014-ым – 13 чалавек здзейснілі 8 злачынстваў), з іх тры – групай асоб, сем – раней асуджанымі, сем – хуліганамі ў стане алкагольнага ап’янення.
Супраць асобы летась здзейснена
9 хуліганстваў, адно ажыццёўлена ўжо сёлета. У трох выпадках хуліганы пашкодзілі чужую маёмасць (у 2014 г.
– у чатырох), у двух – транспартныя сродкі (у 2014 г. – у адным).
Да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь (дробнае хуліганства) у мінулым годзе прыцягнуты 143 асобы (у 2014-ым – 191). Асноўнае правапарушэнне (а гэта больш за 90% ад усіх правапарушэнняў паказанай катэгорыі) – гэта нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы.
На жаль, адзначыла намеснік пракурора, за мінулы год Жабінкаўскім РАУС не было папярэджана ніводнага хуліганства. Прычына гэтага ў тым, што службы аддзела ўнутраных спраў разрозненыя паміж сабой, адсутнічае ўзаемадзеянне з іншымі суб’ектамі прафілактыкі.
Паводле гэтай жа прычыны не былі папярэджаны ў тым ліку тры хуліганствы, здзейсненыя сямю іншагароднімі непаўнагадовымі (з аператыўных дадзеных – іх ажыццявілі футбольныя фанаты). Аддзел крымінальнага вышуку АУС не інфармаваў інспекцыю па справах непаўна-гадовых (ІСН) пра бойкі і разборкі так званых футбольных фанатаў; ІСН у сваю чаргу не інфармавала пра гэта аддзел адукацыі, бацькоў і г.д.
Так, 20 жніўня мінулага года каля СШ №1 у Жабінцы непаўнагадовыя жыхары Кобрына В.Пташнік, Р.Брашчук, І.Пятроўскі, Д.Сухарэвіч, А.Федарук і непаўнагадовы берасцеец А.Шапурка беспрычынна, з хуліганскіх намераў, збілі дваіх непаўнагадовых і аднаго паўнагадовага. “Залётныя гастралёры” раз’язджалі па райцэнтры на аўтамабілі і шукалі тых, хто не падзяляе з імі поспехі або паражэнні той ці іншай футбольнай каманды.
Аднак хапае і сваіх хуліганаў. Жыхар Жабінкі Р.Посахаў у чэрвені мінулага года, будучы на добрым падпітку, з хуліганскіх намераў пашкодзіў кузаў і салон аўтамабіля “Аўдзі”, які належаў С.Казульку, чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 339 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Посахаў неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, знаходзіўся на прафілактычным уліку ў нарколага, нідзе не працаваў.
Яшчэ адзін беспрацоўны У.Рута, які неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, меў не знятыя і не пагашаныя судзімасці, знаходзіўся на прафілактычным уліку ва ўрача-нарколага і крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС, 8 жніўня каля гадзіны ночы ў стане алкагольнага ап’янення прымяніў насілле да пацярпелага, выкарыстоўваючы ў якасці зброі шкляную бутэльку, чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 3 вышэйназванага артыкула.
Летась у студзені адбыўся канфлікт паміж наведвальнікамі кафэ-бара “Казантып Рыка” А.Жарнасекам і Е.Конанавым, якія “не падзялілі” танцавальную пляцоўку, закранулі адзін аднаго локцямі і сталі выясняць адносіны. Таксама рэгіструюцца факты канфліктаў паміж наведвальнікамі не толькі ў памяшканні бара, але і на прылеглай да яго тэрыторыі. У сувязі з чым патрабуецца з мэтай папярэджання правапарушэнняў разгледзець пытанне аб устаноўцы дадатковых сістэм відэаназірання.
Працягваюць мець месца факты здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера “Арляня” ў перыяд правядзення міжнароднага байк-фестывалю. З году ў год у маі рэгіструюцца розныя катэгорыі злачынстваў (ад крадзяжоў і хуліганстваў да прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў і здзяйснення дарожна-транспартных здарэнняў).
Летась за два дні правядзення фестывалю зарэгістраваны тры крадзяжы: мабільнага тэлефона, ювелірных вырабаў і матацыклетнага абмундзіравання. У гэты ж перыяд выяўлены 28 кіроўцаў матацыклаў, якія знаходзіліся за рулём у стане алкагольнага ап’янення. За парушэнне рэжыму знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб высылцы 24 асоб. Штогод у правядзенні дадзеных мерапрыемстваў удзельнічаюць каля 2 тысяч чалавек, летась – больш за 7 тысяч, хоць змяшчальнасць карпусоў на тэрыторыі лагера складае не больш за 350 ложка-месцаў. Больш таго: мэтавае прызначэнне лагера – аздараўленне дзяцей, якія заязджаюць у першую змену праз 4-5 дзён пасля заканчэння фестывалю.
Разам з тым, адзначыла намеснік пракурора, неаднаразовыя прапановы РАУС аб пераносе месца правядзення фестывалю застаюцца без увагі і рэагавання з боку прадстаўнікоў улады.
Меркаваннямі па прафілактыцы правапарушэнняў у час пасяджэння падзяліліся таксама дырэктар аздараўленчага дзіцячага лагера “Арляня” Ніна Дацэнка і дырэктар кафэ-бара “Казантып Рыка” Вольга Волкава.
Падвёў вынікі раённай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй першы намеснік пракурора Брэсцкай вобласці Сяргей Туравец. Ён адзначыў, што “хуліганствы на сённяшні дзень – актуальная праблема не толькі для Жабінкаўскага раёна, але і для Брэсцкай вобласці ў цэлым”. На Берасцейшчыне летась іх было здзейснена 695. Асаблівае хваляванне, падкрэсліў Сяргей Іванавіч, выклікалі злачынствы прадуманыя, падрыхтаваныя загадзя, калі хуліганы збівалі на вуліцах Жабінкі ні ў чым не вінаватых людзей.
Нарада паставіла канкрэтныя задачы ў імя бяспекі і спакою насельніцтва, умацавання законнасці і правапарадку на Жабінкаўшчыне перад раённым выканаўчым камітэтам, яго аддзелам унутраных спраў, Жабінкаўскай жыллёва-камунальнай гаспадаркай, сельвыканкамамі.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна, старшыня каардынацыйнай нарады.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top