Аляксандр Дзягель: “Аддзел не першы год у ліку лепшых у вобласці”

Аляксандр Дзягель: “Аддзел не першы год у ліку лепшых у вобласці”

IMG_8202

Значнасць і адказнасць працы следчых у захаванні законнасці ў краіне падкрэслівалася на калегіі Следчага камітэта ў Мінску, якая прайшла 11 лютага з удзелам кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка заўважыў: “Новы праваахоўны орган канчаткова склаўся і прыносіць станоўчыя вынікі”. З гэтай нагоды сустрэліся з начальнікам Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнікам юстыцыі
А.Ц. Дзягелем, які распавёў пра дзейнасць мясцовых следчых.

– Аляксандр Ціханавіч, наколькі эфектыўна спрацаваў аддзел, які вы ўзначальваеце, у мінулым годзе?
– Эфектыўнасць нашай дзейнасці вызначаецца шматлікімі крытэрыямі. Дарэчы, па паказчыках службовай дзейнасці за 2015 год мы падзялілі з пружанскімі следчымі першае месца ў вобласці сярод аддзелаў ІІІ катэгорыі.
Нагрузка на кожнага следчага значная, яна большая, чым у 2014-ым. Разам з тым, нягледзячы на вялікую колькасць спраў, што праходзяць праз нашы рукі, дзейнасць следчых нязменна адзначаецца са станоўчага боку і кіраўніцтвам, і простымі грамадзянамі. Нездарма ўжо не першы год Жабінкаўскі раённы аддзел Следчага камітэта – у ліку лепшых у вобласці. Ён на добрым рахунку па ўдзельнай вазе спраў, завершаных у тэрмін да 1 месяца, у расследаванні іх у паскоранай вытворчасці. Надзвычай прыемна адзначыць: наш райаддзел летась меў адзін з найлепшых паказчыкаў ва ўдзельнай вазе спраў, што былі спынены па рэабілітуючых падставах (былі толькі два такія выпадкі з агульнай колькасці звыш трохсот спраў, спыненых ва ўсёй вобласці).
Мы бясспрэчныя лідары ў кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, прычыненай парушальнікамі закона. Калі сярэдні паказчык на Брэстчыне летась склаў каля 60 адсоткаў, дык у нас – 94, што амаль на працэнт лепш, чым у 2014 годзе, калі жабінкаўскія следчыя таксама прызнаваліся найлепшымі ў гэтым плане. Больш чым у два разы ад агульнаабласнога Жабінкаўскі раённы аддзел Следчага камітэта мае паказчык і ў вяртанні шкоды з улікам кошту ўсёй арыштаванай маёмасці. Адні з лепшых таксама і ва ўдзельнай вазе ўнесеных прадстаўленняў да скончаных крымінальных спраў (94 працэнты, пры тым, што ў сярэднім на Брэстчыне – каля 80%).
Падкрэслю, жабінкаўскія следчыя ў ліку лепшых у вобласці і па такім паказчыку, як удзельная вага адмены рашэнняў аб узбуджэнні крымінальных спраў (такіх выпадкаў летась на Жабінкаўшчыне ўвогуле не было). Усяго адзін раз летась пракурорам адмянялася рашэнне аб прыпыненні папярэдняга следства. Гэта бясспрэчны поспех нашага аддзела, калі браць пад увагу, што ўсяго такіх адмен на Брэстчыне было каля 350, прычым ёсць райаддзелы СК, дзе колькасць аналагічных выпадкаў склала больш за дзясятак, а ў некаторых пераўзыходзіла нават паўсотні.
Усе пералічаныя факты яскрава сведчаць пра якасць следства на Жабінкаўшчыне, пра тое, што супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта надзейна стаяць на варце законнасці.
– Аднак за станоўчымі вынікамі, пра якія вы расказалі, бясспрэчна, адчуваюцца намаганні не толькі вашых падначаленых. Наколькі цесна раённы аддзел Следчага камітэта супрацоўнічае з іншымі праваахоўнымі органамі?
– Так, мы працуем на агульны станоўчы вынік. У Следчага камітэта, вядома, склаліся надзвычай канструктыўныя адносіны з судом і пракуратурай, якімі кіруюць старшыня суда Жабінкаўскага раёна Віктар Новік і пракурор раёна старшы саветнік юстыцыі Уладзімір Кірылюк. Хочацца таксама са шчырасцю падзякаваць за ўзаемадзеянне ў вырашэнні задач супрацоўнікам райаддзела ўнутраных спраў, якіх узначальвае падпалкоўнік міліцыі Андрэй Лагота. Гэтае паразуменне і сумесныя дзеянні амаль штодня прыносяць плён, які адчуваюць нашы грамадзяне.
– Аляксандр Ціханавіч, дзе маладым людзям, што жадаць звязаць свой лёс са следствам, можна зараз атрымаць профільную адукацыю? Ці ёсць вакансіі ў жабінкаўскім раённым аддзеле?
– На сённяшні дзень у нашым райаддзеле маецца адна часовая вакантная пасада следчага. Тым, хто хоча сваё жыццё прысвяціць працы ў Следчым камітэце, рэкамендую паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, на следча-экспертны факультэт. Падрабязней пра ўмовы прыёму на працу і ў профільную вышэйшую ўстанову можна даведацца, калі звярнуцца на кантактныя тэлефоны 2-38-48 ці 2-15-98 альбо завітаць у раённы Следчы камітэт, што месціцца па адрасе: вуліца Наганава, 27.
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top