Самый уважаемый житель в деревне

Самый уважаемый житель в деревне

Узаемнымі ласкаю і шчырай павагаю гаспадароў і гасцей у мінулыя нядзелю і панядзелак поўнілася хата жыхароў в.Залуззе Марыі Станіславаўны і Дзмітрыя Цімафеевіча Жолначаў. Гаспадыня, на восем гадоў маладзейшая за мужа, была, як заўсёды, гасцінная на пірагі, гаспадар — найперш на ўспаміны пра перажытае за свае доўгія гады. Дзмітрыю Цімафеевічу споўнілася 90! Самы шаноўны вясковец ён не толькі ўзростам, а і як адзіны сёння ветэран мінулай вайны, хто застаўся ў Залуззі. І жыве, дзякуй Богу, у добрым здароўі. А яшчэ ён ветэран працы: з 1949-га да 1984-га быў суднапрапускніком на гідравузле №8 “Залуззе”. Акурат кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт Рэспубліканскага ўнітарнага эксплуатацыйна-будаўнічага прадпрыемства “Днепрабугскі водны шлях” у Пінску былі ініцыятарамі вялікай і цёплай урачыстасці ў доме Жолначаў. Прывітальны адрас, грашовую дапамогу і падарункі прывезлі Дзмітрыю Цімафеевічу старшыня прафкама прадпрыемства Жанна Баговіч і галоўны спецыяліст інфармацыйнай работы Георгій Савянок.
Юбіляра ў панядзелак віншавалі таксама былы і цяперашні кіраўнікі гідравузла №8 Мікалай Уласаў і Мікалай Качанаў, ветэран вайны з Якаўчыцаў Арсен Васільевіч Жук, старшыня Якаўчыцкага сельвыканкама Юрый Бычкоўскі і загадчыца Залуззеўскага Дома народнай творчасці Людміла Пышынская. Яны ўручылі Дзмітрыю Цімафеевічу падарункі, пажадалі моцнага здароўя і актыўнага жыцця яшчэ не на год, не на два.
А чаго пажадаў гасцям юбіляр? Сказаў ён коратка і ёміста: “Жывіце, мае дарагія, не менш чым да дзевяноста, як я…”. Падзяліўся і “сакрэтамі” доўгажыхарства: яны палягаюць галоўным чынам у спадчыннасці, бо пражылі да глыбокай старасці і бацькі ягоныя, і дзед з бабуляю. Былы франтавік добра памятае цану ўласнага жыцця. Гэта было на подступе да Берліна, дзе ён быў у кроку ад смерці.
— … Мы падышлі блізка, бо немцы затаіліся, дый цемнавата было. “Га-а-а!” — закрычалі яны знячэўку і пачалі страляць ва ўпор. Адзін з іх кінуў гранату. У мяне трапілі два асколкі, крыху аглушыла. “Бляшку з нагі я выцягнуў сам, а другую, з рукі, вырэзвалі дактары.
Раны свае франтавік загаіў у вайсковым шпіталі. Аднак і пасля Перамогі вайна для яго не закончылася: сяржант Жолнач у складзе асобнага атрада ўдзельнічаў у вылоўліванні “лясных братоў” ва Украіне, адкуль родам… Пасля вайны ажаніўся, жыў і працаваў усе гады ў Залуззі. У Марыі Станіславаўны і Дзмітрыя Цімафеевіча два сыны — Уладзімір у Мінску, Павел у Кобрыне, два ўнукі і адзін праўнук. Дзеці прыязджалі днём раней, але і на другі дзень урачыстасць была па-сямейнаму сонечная.
А.КАСКО.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top