Эфектыўнасць эканомікі, багаты бюджэт, актыўнасць людзей – і менш стане сацыяльных праблем

Эфектыўнасць эканомікі, багаты бюджэт, актыўнасць людзей – і менш стане сацыяльных праблем

IMG_9709У мінулую пятніцу адбылася ХІІІ сесія Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання. На яе, акрамя дэпутатаў, запрашаліся намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, сельскагаспадарчых таварыстваў і кааператываў, сельсаветаў, якія не з’яўляюцца дэпутатамі.
Сесія разгледзела справаздачу старшыні Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргея Мартысюка аб рабоце Савета і яго органаў у 2015 годзе. У абмеркаванні яе ўдзельнічалі старшыня Крыўлянскага сельскага Савета дэпутатаў, дэпутат ад Крыўлянскай выбарчай акругі №26 Анатоль Марчук і старшыня Хмелеўскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Прылуцкі.
Затым быў разгледжаны блок пытанняў, што датычацца развіцця фінансавай дзейнасці ў раёне. Пра выкананне раённага бюджэту ў 2015 годзе, пра зацвярджэнне Інструкцыі аб парадку рэструктурызацыі запазычанасці гаспадарчых таварыстваў па плацяжах у раённы бюджэт і пра ўнясенне змяненняў у рашэнне Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2015 года №50 гаварыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Святлана Плавух.
Па ўсіх разгледжаных на сесіі пытаннях былі зацверджаны рашэнні.
У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі і начальнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, генерал-маёр Фёдар Балейка. Фёдар Фёдаравіч выступіў з прамовай.
IMG_9698Летась Жабінкаўшчына развівалася паводле зацверджаных раённым Саветам дэпутатаў доўгатэрміновых праграм, якія накіраваны на павышэнне эфектыўнасці эканамічнага патэнцыялу раёна, паляпшэнне ўмоў жыццезабеспячэння лю-
дзей. Перыяд, што прайшоў з пачатку чарговага склікання, адзначаны пэўнымі важкімі набыткамі ў вытворча-эканамічнай сферы раёна, вырашэнні шэрагу важных сацыяльных праблем, значных для насельніцтва.
Якія ж яны? На іх найперш і засяродзіў сваю ўвагу ў справаздачы старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Мартысюк. Сяргей Васільевіч сказаў:
– Напоўненасць бюджэту ў мінулым годзе дазволіла правесці пэўныя работы ў капітальным будаўніцтве, добраўпарадкаванні, рамонце і забеспячэнні абсталяваннем аб’ектаў сацыяльнай сферы. Фактычна абуладкаваны новы ФАП у Старым Сяле, пракладзены асфальт ад Азятаў да Старога Сяла, ад Маціевічаў у накірунку Якаўчыцаў абуладкаваны адзін кіламетр асфальтаванага пакрыцця.
Добраўпарадкавана прыдамовая тэрыторыя па вуліцы Моладзевая, зроблена падсыпка гравійнага пакрыцця вуліц Францыска Скарыны, Тадэвуша Касцюшкі, Лесапаркавая, Палявая, Калгасная, Садовая, Лугавая, Партызанская ў Жабінцы. Уведзена ў эксплуатацыю 1,908 км сетак водаправода і 1,358 км сетак каналізацыі (будаўніцтва сетак гаспадарча-бытавой каналізацыі квартала індывідуальнай жылой забудовы “Камсамольскі” ў горадзе, аб’ект здадзены ў эксплуатацыю 27.08.2015 года). У студзені сёлета завершаны работы на аб’екце “Будаўніцтва сетак водазабеспячэння па вуліцах Палявая і Каліноўскага ў Жабінцы”.
У населеных пунктах раёна сіламі Жабінкаўскай ЖКГ заменена 12 помпаў на артэзіянскіх свідравінах. Летась у раёне было ўведзена ў эксплуатацыю 27,18 кіламетра сетак прыроднага газу, з якіх у Жабінцы 0,88 кіламетра, у сельскай мясцовасці 26,3 кіламетра. Колькасць спажыўцоў блакітнага паліва ў раёне павялічылася на 272 чалавекі. Былі газіфікаваны Сцяпанкі, Шпіталі і Сакалова. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту выдаткавана 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў і 681333037 рублёў з раённага. Было пракладзена 8,754 кіламетра сетак прыроднага газу і падключана 147 новых спажыўцоў.
Акрамя гэтага пабудаваны падводзячыя газаправоды да аграгарадка Крыўляны і вёсак Агароднікі і Вежкі, за кошт сродкаў грамадзян пракладзены падводзячы газаправод да Рачкаў.
Сёлета ў рамках Указа №368 плануецца газіфікаваць Сакі, Крыўляны, Агароднікі, а таксама асобныя індывідуальныя жылыя дамы ў Маціевічах, Сакалове, Жабінцы і Навасадах. Значны ўклад у паспяховае вырашэнне задач, што стаяць перад раёнам, уносяць дэпутаты Анатоль Шалтанюк, Віктар Міронаў, Васіль Волк, Мікалай Шпакоўскі, Пётр Вайноўскі, Аляксандр Будзько, Барыс Парафянюк і многія іншыя.
Раённы Савет дэпутатаў у справаздачным перыядзе імкнуўся праводзіць мэтанакіраваную арганізацыйную работу ў ажыццяўленні сваіх функцый па каардынацыі дзейнасці ўсіх органаў тэрытарыяльнага самакіравання. Пастаянна ўдасканальваў уласнае ўзаемадзеянне з органамі выканаўчай улады, раённымі службамі, арганізацыямі, сельскімі Саветамі дэпутатаў, грамадскімі аб’яднаннямі.
– За справаздачны перыяд праведзена шэсць сесій раённага Савета дэпутатаў, усяго разгле-джана 35 пытанняў, – заўважыў старшыня райсавета. – Так, напрыклад, пры разглядзе пытання аб дзяржпадтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва было прынята рашэнне аб прыцягненні ў гаспадарчы абарот пустуючых плошчаў для арганізацыі дзейнасці прадпрымальніцкіх структур, стварэння новых вытворчасцяў, павышэння эфектыўнасці выкарыстання зямель фермерскімі гаспадаркамі, забеспячэння малых вытворчых прадпрыемстваў рабочымі кадрамі. Гэта спрыяла выдзяленню зямельных участкаў для будаўніцтва аб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, прадаваліся з аўкцыёна аб’екты нерухомасці. Так, на 1 сту-
дзеня 2016 года здадзена ў арэнду 25 аб’ектаў камунальнай уласнасці раёна; летась аказана падтрымка ў выглядзе бязвыплатнай субсідыі беспрацоўным для адкрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці на 34,5 мільёна рублёў; заключаны інвестыцыйны дагавор з фермерскай гаспадаркай “ЯКВІЛ” на рэалізацыю праекта “Мадэрнізацыя вытворчых магутнасцяў ФГ “ЯКВІЛ”; навучана новым прафесіям і накіравана на працу 38 беспрацоўных. Усё гэта дазволіла стварыць у малым і сярэднім бізнесе дадаткова 174 рабочыя месцы. Вынікам гэтых дзеянняў стаў прырост прадпрыемстваў малога бізнесу на 10 суб’ектаў гаспадарання.
У справаздачы Сяргей Васільевіч пэўную ўвагу звярнуў таксама на рэалізацыю моладзевай палітыкі ў раёне, засяродзіў увагу на недапрацоўках у пытаннях прафарыентацыі выпускнікоў школ пры паступленні іх ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю, накіраванне іх на вучобу паводле ўмоў мэтавай падрыхтоўкі. Нагадаў, што на сесіі, дзе абмяркоўвалася моладзевая палітыка ў раёне, указвалася на недапрацоўкі ў прафілактыцы негатыўных з’яў у асяродку юнакоў і дзяўчат, на павышэнне ўзроўню культуры ўзаемаадносін, на прапаганду сямейных каштоўнасцяў, працаўладкаванне, занятасць маладых людзей у свабодны час, на прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў.
Выступоўца закрануў таксама такія праблемы, як выкананне раённай праграмы “Кадры” на 2011-2015 гады”, расказаў пра работу інстытута старастаў, які існуе на Жабінкаўшчыне 17 гадоў, пазнаёміў з работай самых няўрымслівых памочнікаў мясцовай улады.
– Паміж сесіямі работу Савета ў справаздачным перыядзе ажыццяўляў яго прэзідыум, – гаварыў далей старшыня райсавета. – Адбылося чатыры пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якіх прынята 32 рашэнні па розных пытаннях жыццядзейнасці раёна. Так, напрыклад, у справаздачным перыядзе, паводле прадстаўленняў працоўных калектываў, упраўленняў і аддзелаў райвыканкама, Ганаровымі граматамі Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў узнагароджана 20 чалавек, прэзідыум райсавета хадатайнічаў аб узнагароджанні траіх чалавек Ганаровымі граматамі і дваіх – Пісьмамі падзякі Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў.
29 снежня мінулага года рашэннем райсавета дэпутатаў было зацверджана новае палажэнне аб узнагародах і заахвочваннях, якое прайшло юрыдычную экспертызу ў галоўным упраўленні юстыцыі, і ў адпаведнасці з рашэннем апублікавана ў раённай газеце “Сельская праўда” за 10 лютага 2016 года.
Пэўную ўвагу дакладчык засяродзіў на правядзенні прапагандысцкай, інфармацыйна-выхаваўчай работы сярод насельніцтва, на рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай і праўдзівай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, растлумачэнні насельніцтву асноўных накірункаў унутранай і знешняй палітыкі Беларусі.
– У нас у раёне створана 7 інфармацыйна-прапагандысцкіх груп для правядзення сустрэч у працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства, – сказаў Сяргей Васільевіч. – Шэсць дэпутатаў райсавета ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама ў складзе гэтых інфармацыйных груп. З’яўляючыся старшынёй інфармацыйнай групы №2, куды ўваходзяць кіраўнікі аддзелаў, раённых службаў, мы сустракаліся з працаўнікамі раённага вузла электрычнай сувязі, Жабінкаўскага ДРБУ №103, Жабінкаўскага гарадскога ліцэя, цэнтральнай раённай бальніцы, Якаўчыцкай адзінаццацігодкі, раёна газазабеспячэння ВУ “Брэстгаз”, СВК “Хмелева”, Ленінскай сярэдняй школы і іншых. Пасля сустрэч я, як кіраўнік групы, аддаю справаздачу ў аддзел ідэалагічнай работы для абагульнення і распрацоўкі неабходных мерапрыемстваў і ажыццяўлення кантролю за імі. Практычна на кожнай сустрэчы ўзнікаюць тыя ці іншыя пытанні, на якія даюцца тлумачэнні, а калі яны патрабуюць далейшага разгляду, то іх уключаюць у пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама і накіроўваюць для рэагавання адказным за іх вырашэнне. Аналагічная работа праводзілася і маім намеснікам Анатолем Шалтанюком, які таксама ўзначальвае інфармацыйна-прапагандысцкую групу.
У справаздачы старшыні райсавета адзначалася, што летась некалькі стабілізавалася фінансавае становішча сельсаветаў, прымаліся меры па зніжэнні датацыйнасці бюджэтаў, прыцягненні дадатковых крыніц папаўнення іх даходных частак. На рахунках шэрагу сельскіх Саветаў дэпутатаў з’явіліся свабодныя грошы. Гэта адносіцца, у першую чаргу, да Жабінкаўскага і Ракітніцкага сельсаветаў, якія ад продажу на аўкцыёнах зямельных участкаў атрымалі важкую прыбаўку ў свае бюджэты (Жабінкаўскі сельсавет – 578 млн. руб., што склала 44 % ад яго гадавога бюджэту). Гэтыя грошы выкарыстаны на добраўпарадкаванне, рамонт вуліц і дарог, асвятленне населеных пунктаў. Аналагічная сітуацыя і ў Ракітніцкім сельсавеце.
Праўда, было заўважана, што райсавету, яго прэзідыуму яшчэ не ў поўнай ступені ўдалося дасягнуць выніковай работы ўсіх без выключэння дэпутатаў у сваіх выбарчых акругах, у тым ліку і ў пытаннях паўсядзённай санітарнай культуры насельніцтва. Органы ўлады пярвічнага ўзроўню не выкарыстоўваюць дадзеныя ім паўнамоцтвы з мэтай скарачэння колькасці пустуючых і трухлявых дамоў. Лічбы ў справаздачнасці сельвыканкамаў не заўсёды адпавядаюць дзейснаму стану спраў, хоць аб гэтым размова ішла неаднойчы. Усе недапрацоўкі ў сферы добраўпарадкавання бачны няўзброеным вокам. Напрыклад, абнаўляюцца помнікі, устанаўліваюцца і рамантуюцца агароджы, ліквідуюцца аварыйныя дрэвы і стыхійныя смеццезвалкі, але асобныя кіраўнікі арганізацый і ўстаноў не могуць навесці ўзорны парадак на падведамасных і замацаваных за імі тэрыторыях.
– Ёсць яшчэ важны момант у рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання, – сказаў на заключэнне Сяргей Мартысюк. – Працуем са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў, прымаем меры па ўдасканаленні механізму гэтай работы. Летась назіралася зніжэнне колькасці зваротаў, якія паступілі ў сельскія Саветы дэпутатаў. Людзей у асноўным хвалявалі пытанні аказання паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркай, газіфікацыі населеных пунктаў, будаўніцтва дарог.
Кіраўніцтвам райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў праведзена 48 “прамых тэлефонных ліній”, на якія патэлефанаваў 61 заяўнік, а таксама 264 “прамыя тэлефонныя лініі” ў сельскіх Саветах дэпутатаў. Арганізоўваюцца адзін раз у два месяцы, а ў вясенне-летні перыяд штомесячна выязныя прыёмы грамадзян у аддаленых сельскіх населеных пунктах з удзе-
лам дэпутатаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Асабіста я ўдзельнічаў у пяці выязных прыёмах, мне паступіла 12 зваротаў. Па ўсіх іх прыняты рашэнні ці дадзены тлумачэнні. Аналагічная работа праведзена і намеснікам старшыні райсавета Анатолем Шалтанюком.
Пачалося абмеркаванне справаздачы раённага Савета дэпутатаў. Першым сваімі думкамі падзяліўся старшыня Крыўлянскага сельскага Савета дэпутатаў Анатоль Марчук. Анатоль Фёдаравіч сказаў:
IMG_9701– Вялікую ўвагу ў сваёй рабоце мы надаём добраўпарадкаванню сельскіх населеных пунктаў. На гэтыя мэты ў бюджэце запланаваны невялікія сродкі. Таму наводзім парадак разам з насельніцтвам. Незвычайную актыўнасць летась праявілі крыўлянцы перад раённым сельскагаспадарчым святам “Дажынкі”, хоць іх асабліва і не прымушалі. Вяскоўцы разумеюць, што трэба жыць у чысціні, ніхто акрамя іх саміх не створыць утульнасць.
Бюджэт мы стараемся папоўніць за кошт продажу ўчасткаў зямлі. Канечне, яна ў нас не такая дарагая і запатрабаваная, як у Жабінкаўскім ці Ракітніцкім сельсаветах. Летась мы ўпершыню прадалі ўчастак з аўкцыёна ў Новых Дворах, другі без яго – у Вандаліне. Грошы невялікія, але гэта толькі пачатак.
У нас, як і ў іншых сельсаветах, праблема з пустуючымі дамамі, іх амаль трыста. Вядома, у большасці дамоў ёсць гаспадары, якія выкарыстоўваюць іх пад дачы для сезоннага пражывання. Летась у адносінах трох дамоў былі падрыхтаваны дакументы і накіраваны ў суд. У выніку пабудовы прызнаны безгаспадарчымі і перададзены на баланс сельсавета, мы прынялі рашэнне аб іх зносе. Сёлета прадоўжым гэтую работу.
Анатоль Фёдаравіч спыніўся таксама на праблемах сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, расказаў пра работу старастаў і выказаў удзячнасць дэпутату Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргею Ашмянцаву і кіраўніцтву раёна за асфальтаванне дарогі ад Крыўлянаў да Агароднікаў і за газіфікацыю жылога сектара, якая праходзіць цяпер у населеных пунктах, а таксама выказаў упэўненасць, што блакітнае паліва прыйдзе сёлета ў дамы жыхароў аграгарадка Крыўляны, а затым у вёскі Вежкі і Агароднікі.
IMG_9708Пры абмеркаванні даклада старшыня Хмелеўскага сельскага Савета Сяргей Прылуцкі засяродзіў сваю ўвагу на развіцці асабістых падсобных гаспадарак.
– У гаспадарках нашых вяскоўцаў налічваецца 53 каровы, – гаварыў ён. – Летась прададзена дзяржаве ў сярэднім ад кожнай з іх 3010 кілаграмаў, што на 554 кілаграмы больш да ўзроўню папярэдняга года.
Для пасадкі бульбы ў 2015 годзе вяскоўцам у палях севазвароту было выдзелена 244 участкі агульнай плошчай амаль 56 гектараў. Пад пасевамі зерневых культур у насельніцтва было занята 32 гектары і намалочана 105 тон зерня.
Закрануў Сяргей Лявонцьевіч і жыллёвую праблему. Ён, у прыватнасці, сказаў:
– У сельсавеце на ўліку тых, каму патрэбна паляпшэнне жыллёвых умоў, 18 чалавек: з іх 7 маладых і 7 шматдзетных сем’яў. Зацверджаны пералік участкаў для выдзялення іх грамадзянам пад індывідуальнае будаўніцтва, працягваецца ўшчыльненне жылой забудовы ў населеных пунктах сельсавета. У другім паўгоддзі летась быў уведзены ў эксплуатацыю вулічны газаправод у Сакалове.
Для прыцягнення дадатковых сродкаў у бюджэт сельсаветам распрацоўваецца дакументацыя на тры зямельныя ўчасткі для продажу іх праз аўкцыён. На тэрыторыі сельсавета выяўлены пустуючы дом у Дзяменічах. Цяпер заключаны дагавор з ПМК-19 і пачаты работы па яго разборцы. Словам, на добраўпарадкаванне населеных пунктаў летась было зрасходавана звыш 155 мільёнаў рублёў.
Сяргей Лявонцьевіч гаварыў таксама пра работу сельскіх дэпутатаў па ўмацаванні сям’і, павышэнні яе ролі ў выхаванні дзяцей, пра сувязі з жабінкаўскімі камунальнікамі і дарожнікамі, выкананне сацыяльных стандартаў і работу са зваротамі вяскоўцаў.
Пра стан крымінагеннай сітуацыі ў вобласці гаварыў начальнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага IMG_9712аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Фёдар Балейка. Ён, у прыватнасці, адзначыў:
– Тая прафілактычная работа, што праводзіцца на Брэстчыне, прыносіць добрыя вынікі: узровень злачыннасці ў вобласці летась самы нізкі ў Беларусі, хоць у параўнанні з 2014 годам рост яе складае каля дзевяці працэнтаў. Людзі ў пагонах працуюць эфектыўна, таму раскрывальнасць злачынстваў таксама самая высокая.
Летась, напрыклад, нам удалося раскрыць серыю згвалтаванняў жанчын, што працягвалася ў вобласці ў розных яе раёнах на працягу 20 гадоў. Першае такое нападзенне адбылося ў Драгічынскім раёне ў 1994 годзе, цяпер гвалтаўнік панясе суровае пакаранне.
У вобласці застаюцца пакуль не раскрытымі 29 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Праца над давядзеннем іх да лагічнага завяршэння працягваецца.
Ускладняе нашу працу эканамічная сітуацыя: нестабільнасць у вытворчасці, незанятасць насельніцтва (летась, напрыклад, у вобласці было скарочана 12 тысяч рабочых месцаў, абласны бюджэт не дабраў 900 мільярдаў рублёў).
Асноўныя прычыны здзяйснення злачынстваў – п’янства і беспрацоўе. Цяпер у наркалагічных дыспансерах вобласці на ўліку звыш 26 тысяч хранічных алкаголікаў, кожнае трэцяе злачынства здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Лічбы называю з тым, каб паказаць, чым павінны займацца дэпутаты – прафілактыкай гэтай злоснай з’явы ў грамадстве, міліцэйская ж часам запозненая. Хоць мы такіх людзей і адпраўляем у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, але карысці ад такога лячэння мала. Яны толькі на пэўны час адхілены ад здзяйснення злачынства. Летась з Брэсцкай вобласці ў ЛПП было асуджана 1004 чалавекі, ад ужывання сурагатнага алкаголю памерла 214 чалавек. Таму асноўная наша з вамі задача – не дапусціць распаўсюджвання “зялёнага змея” ў моладзевым асяродку.
Наступнае зло, якое паралізуе грамадства, – наркаманія, і з ёю трэба змагацца сумесна, усім ра-зам. Летась у вобласці было больш злачынстваў, звязаных з абаротам наркотыкаў. На 30 працэнтаў больш было ўзбуджана спраў у збыце і незаконным абароце наркатычных сродкаў. Гэта звязана з тым, што Дэкрэт Прэзідэнта “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, які ўступіў у дзеянне з 1 студзеня 2015 года, даў нам больш шырокія паўнамоцтвы. Першыя месяцы 2016 года паказваюць, што ў вобласці зніжаецца колькасць злачынстваў па лініі наркакантролю. Летась спынілі дзеянне чатырох каналаў пастаўкі наркатычных сродкаў, ліквідавана некалькі месцаў вырошчвання каноплі на Брэстчыне. Нядаўна ў Кобрынскім раёне быў выяўлены “вундэркінд”, які стварыў хімлабараторыю, дзе вырабляў амфітамін.
Перад тымі, хто носіць міліцэйскую форму, прэзідэнтам пастаўлены задачы – аберагаць спакой усіх людзей, асабліва пажылых, да якіх пачалі заходзіць махляры грашовымі знакамі, не даваць у крыўду дзяцей, іншыя. Час патрабуе распрацоўкі новых падыходаў і метадаў у рабоце з няўдалымі сем’ямі, каб не адбывалася жорсткасці ў адносінах да непаўнагадовых. Самымі актыўнымі памочнікамі міліцыі тут з’яўляюцца дэпутаты розных узроўняў, мясцовае насельніцтва.
Матэрыял сесіі падрыхтавала Людміла КАСКО.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top