Пах гарачага хлеба над горадам? Гэта рэальна!

Пах гарачага хлеба над горадам? Гэта рэальна!

5092344231

На тэрыторыі нашага раёна больш за палову тавараабароту ў гандлі забяспечваюць філіял “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая база” (28,6%), ТАА “Еўрагандаль” (19,1%), РУП “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт” (8,1%). Філіял “Жабінкаўскі” абслугоўвае вяскоўцаў у 32 стацыянарных магазінах, у 54 вёскі заязджае аўтамагазін з прадуктамі і гаспадарчымі таварамі, жыхары яшчэ 45 паводле графіку абслугоўваюцца аўталаўкай ТАА “Еўрагандаль”.
Змагацца за кожнага пакупніка ва ўмовах цеснай канкурэнцыі – задача нумар адзін.
Як расказаў старшыня праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Леанід Янковіч, жабінкаўцаў прыемна здзівяць перамены ў гандлі, якія адбудуцца ўжо сёлета. Сярод іх, напрыклад, запланаваная рэканструкцыя магазіна №15 “Прадукты”.
– У мікрараёне Жабінкі, які за апошнія гады дабудаваўся некалькімі шматпавярхоўкамі, даўно неабходны сучасны ўніверсальны магазін, – кажа Леанід Сцяпанавіч. – Для гэтага з суседняй залы перавязём мэблю ў магазін “Тэхніка”, разбяром перагародку і атрымаем вялікае памяшканне ў 350-400 кв. м.
Установім там найноўшае халадзільнае абсталяванне, зручныя прылаўкі, рассоўныя дзверы. Па найменнях тавараў ён не будзе саступаць магазінам абласнога цэнтра.
Мадэрнізацыя закране і магазін “Універмаг”. Першы паверх часова “пераедзе” на другі. Пасля рамонту ўнізе будзе размешчаны магазін “Тэхніка” з усім яго асартыментам. Вырашаецца пытанне з “насельнікамі” другога паверха ўнівермага – нешматлікімі іпэшнікамі. Куды ім дзецца? На рынак? У нейкі адміністрацыйны будынак? Пакуль яно без адказу.
Змены адбудуцца і ў рэстаране “Вясёлка”. Тут плануецца наладзіць выпуск гарачага хлеба і адчыніць кавярню. Па духмянай, апетытнай скарынцы гараджане даўно засумавалі (будынак хлебапякарні, памятаецца, быў прададзены “Берасцейскаму пекару”, а той, у сваю чаргу, перапрадаў “Еўрагандлю”). Думаецца, пачаставацца гарачанькай выпечкай за кубачкам кавы ў прыстойнай кавярні, якой так не хапае гораду, жабінкаўцы будуць прыходзіць з задавальненнем.
Што ж, пажывём – пабачым.
Таццяна БЯРЭЗІНСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top