Ёсць і яе ўклад у яркасць юных зорачак

Ёсць і яе ўклад у яркасць юных зорачак

Юля1

Артыстаў сустракаюць па іх сцэнічных строях, а праводзяць, ацэньваючы майстэрства. Юных танцораў узорнага дзіцячага калектыву “Каруначкі”, у якім пазнаюць сакрэты спляцення музыкі і рухаў, пластыкі і тэмпераменту амаль дзевяноста хлопчыкаў і дзяўчынак самых розных узростаў, сустракаюць і праводзяць аднолькава – гучнымі апладысментамі. Глядач, асабліва жабінкаўскі, ужо на працягу трыццаці гадоў ведае, што юныя зорачкі ў чарговым выступленні пакажуць штосьці новае. Нездарма калектыў выклікаюць на “біс” аматары танца на малых і вялікіх сцэнах краіны і замежжа, аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды. Сярод іх – гран-пры на сусветным і міжнародным фестывалях фальклору ў Польшчы.
У гэтым заслуга не толькі кіраўніка ансамбля Ірыны Румко, але і акампаніятара пад час рэпетыцый Таццяны Кіневай і… мала каму вядомай дзяўчыны-аматаркі мастацкага шыцця Юліі Майзік. З “Каруначкамі” яна пасябравала некалькі гадоў таму, калі працавала ў мікрараёне цукровага завода ў швейнай фірме. Ірына заўважыла ў звычайнай швачцы творчую асобу і прапанавала ёй супрацоўніцтва, сутнасць якога – стварэнне новых сцэнічных строяў. На сучасныя яркія, арыгінальныя касцюмы трэба немалыя сродкі. Таму даводзіцца перашываць, дапаўняць асобнымі элементамі пад той ці іншы танцавальны нумар даўнія рэчы. Так з’явіўся камплект “Лета” і іншыя, сукенка “Агнявушка”.
– Набылі спецыяльныя фарбы, – дзеліцца сакрэтамі Юля. – Малюю на тканіне і палянку, і кветкі на ёй. Галоўнае, каб адзенне не толькі адпавядала тэматычнаму танцу, але і падабалася выканаўцы. Гэта вельмі важны псіхалагічны момант: калі дзяўчынка з радасцю апранае новую сукенку, тады яна не будзе адчуваць сябе скавана на сцэне. Пра псіхалагічны клімат у калектыве – гаворка асобная. Я не хутка зразумела, якімі ўнутранымі таямніцамі валодае Ірына Феафанаўна, калі на рэпетыцыях, на сцэне, па-за ёй дзеці ад сямі-васьмі гадоў да сямнаццаці-васямнаццаці знаходзяць паразуменне. Параўнала заняткі ў гуртку мастацкай гімнастыкі ў Брэсце, куды вазіла дачку і без роздуму перавяла сваю васьмігадовую Ангеліну ў “Каруначкі”. Тут ёй вельмі падабаецца.
У свой час Юля марыла стаць мастачкай, але не было магчымасці вучыцца. Цяпер яна – своеасаблівы мастак у стварэнні адзення на грамадскіх пачатках. Галоўная ж праца ў абласной бальніцы, дзе дзяўчына завіхаецца ў якасці санітаркі. У вольны час асвойвае хатнія курсы “Ешка” ў галіне канструявання моднай вопраткі, марыць паўдзельнічаць у конкурсе “Млын моды”.
Не так даўно я завітаў вечарком у гарадскі Дом культуры з журналісцкімі справамі і зазірнуў на другі паверх, дзе звычайна праводзяць рэпетыцыю “Каруначкі”. Не так здзівіўся, як прыйшоў да высновы, што кіраўнік ансамбля і яе сяброўка-дарадчыца дапаўняюць адна другую. У руках Ірыны Румко трашчала па швах пабляклых колераў сукенка.
– Будзем з Юляй “варажыць” над новымі карункамі, – адказала на маё здзіўленне Ірына.
Аляксей ГАНЧУК.
На здымку: Юлія Майзік.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top