Самсонаўна

Самсонаўна

IMG_4076

8 сакавіка Веры Самсонаўне Кірыльчук са Сцяпанак спаўняецца 80 гадоў.
Гэтую жанчыну два гады таму прымеціў на мітынгу ў Драмлёве. Яна моўчкі стаяла ўбаку, слухала прамовы, самотную музыку, спевы, што краналі душу, і прыкладала ражкі хустачкі да вачэй. Пацікавіўся пра яе ў Мікалая Георгіевіча Ягорчанкава, і старшыня Сцяпанкаўскага сельвыканкама адказаў: “Гэта Самсонаўна. Яна бачыла, як гарэла Драмлёва”. Ужо тады разумеў, што трэба спецыяльна прыехаць у Сцяпанкі і паразмаўляць са сведкаю жудасных падзей. Аднак першы крок зрабіла яна. Аднойчы, пасля чарговай публікацыі пра лёс драмлёўцаў, дзверы ў маім кабінеце асцярожна адчыніліся і ўвайшла Вера Самсонаўна.
Першыя яе словы былі:
– Прачытала ў газеце… Ноч не спала… і, як бульбу выбрала, пехатою да вас прыйшла…
Тады й даведаўся, што Вера Саўчук (цяпер – Кірыльчук) нарадзілася 8 сакавіка 1936 года на мажэйкаўскіх хутарах. Саўчукова хаціна стаяла найбліжэй да Драмлёва, і той вогненны дзень, Галавасек, назаўжды прапісаўся ў памяці шасцігадовай дзяўчынкі, і гэты боль дасюль баліць. Таму й прамовіла:
– Там бабулечка мая старая згарэла, цёця Ганна, яе трое дзетак: Алёша, Тоня і самая маленькая Людка, якой усяго сорак дзён было… На сцяпанкаўскіх могілках, на тумбачцы гэтай, ля помніка, мае ўсе напісаны…
Вырашыў сёння, калі набліжаецца двайное для Веры Самсонаўны свята, не кранаць пакуль няпростых і балючых успамінаў, а трошкі расказаць пра жыццё самой бабулі Веры.
– Як мяне з братам Мішам запісвалі ў школу, вельмі саромелася свайго імя па бацьку, – расказвала яна. – Было гэта да той пары, пакуль ад людзей не пачула, у Бібліі не прачытала, хто такі Самсон. Моцны герой з прыгожымі валасамі, што вяроўкі тоўстыя рваў голымі рукамі. І цяпер ганаруся, што Самсонаўнай завуся, бацькам сваім ганаруся, працавітым, увішным, гаспадарлівым.
Жыццё пасля вайны цяжкім было. Як жніво завяршалася, Вера з іншымі дзецьмі па каласкі хадзіла ў поле. Каб хлеба паесці чорнага. Першую белую булачку яна пакаштавала, як бацька вярнуўся з кірмашу, які ладзіўся ў Жабінцы ў скверы паблізу чыгуначнай станцыі. Калі падрасла, пайшла працаваць на крухмальны завод у Вялікія Сяхновічы. Пасля, як прадпрыемства зачынілася, была даяркаю ў Шпіталях. Даводзілася рукамі даіць 11 кароў. Хоць і цяжка жылося, ды ў вёсках, дзе моладзі хапала, весела было, песенна.
У верасні 1962-га прыгажуня пайшла замуж за Міхаіла Васільевіча Кірыльчука, маладзейшага за абранніцу ажно на шэсць гадоў. Малады муж у прымаках “прапісаўся”. Да таго часу Саўчукі хаціну з Мажэйкаў перавезлі ў Малыя Сяхновічы. У ёй хутка і дзеткі зашчабяталі: спачатку Валодзя (ён і цяпер у Сяхновічах жыве, працуе вадзіцелем у Жабінцы), затым – Саша, які з сям’ёй ажно ў Хабараўск выбраўся, дый дочкі Люда Дарапіевіч ды Ліля Басавец.
На пытанне, ці добрыя ў яе дзеці, Вера Самсонаўна адгукнулася з запалам:
– Хто? Дзеці? А дзе ж у маці бываюць дрэнныя дзеці?! Памятаюць, прыязджаюць, дапамагаюць. Унукаў нам з дзедам падаравалі: чацвёра хлопцаў і трое дзяўчат. Ужо і праўнучка ёсць Віка. Як прывозяць, я за ёю, трохгадовай, збегаюся. А калісь, ох, якая жвавая была! Ды жыццё бяжыць, а мы валочымся… Цяпер і старыя такую смакату ядуць, што раней і малыя не бачылі. Добрае жыццё, шкада, што не ў гару ідзе, а з горкі коціцца.
Бабуля Вера ў чаканні 8 сакавіка, калі ў яе доме збяруцца родныя. Мо з далечыні і малодшы сын з жонкаю прыедзе. Павіншуюць у святочны дзень галоўную Жанчыну роду, якой пашчасціла выканаць усе жаночыя наканаванні: стаць любячай жонкай, клапатлівай маці, дачакацца ўнукаў і праўнучкі, якую цяпер ужо не дагнаць…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Вера Самсонаўна Кірыльчук, чый дом глядзіцца вокнамі на Сцяпанкаўскую царкву.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*