Вясновы марафон

Вясновы марафон

TUL24white07_PF

Вясна. Каханне. Жанчыны. Словы, якія мы часта чуем у першыя дні сакавіка. Аб святочным настроі, вясновай цеплыні і мужчынскай увазе расказваюць жанчыны Жа-бінкаўшчыны. Менавіта яны ва ўсіх сферах дзейнасці раёна праяўляюць найлепшыя ўласныя якасці: высокі прафесіяналізм, дабрыню, адказнасць, мудрасць, працавітасць, надзейнасць і спагадлівасць.
Хрысціна Андрайчук:
– Вясна – час дарыць усмешкі, радавацца першым чыстым праменьчыкам сонца. Прыемна, канечне, што 8 Сакавіка муж зробіць табе сюрпрыз, паднясе які-небудзь прэзент. Ён ніколі не памыляецца з кветкамі, але самымі важнымі застаюцца ўсмешкі і ўвага блізкіх людзей.
Галіна Аксюцік:
– Дзеці і ўнукі (апошніх маю шасцёра – аднолькава хлопчыкаў і дзяўчынак) заўсёды памятаюць пра жаночы дзень. За святочным сталом збіраецца ўся сям’я, таму ў доме пануюць утульнасць, душэўнасць, клапатлівасць пра кожнага.
Як мае родныя ствараюць святочны настрой? Традыцыйна падносяць букет цюльпанаў. Сёлета мы парушым традыцыю, таму што я заранёў намякнула пра жаданне мець у кватэры архідэю. Сучасную бытавую тэхніку на кухню яны падарылі мне раней. Але самы дарагі падарунак, вядома, усмешкі дамачадцаў і гасцей. А калі чалавек усміхаецца, значыць, яму добра і камфортна.
Галіна Парафянюк:
– Для мяне 8 Сакавіка – хутчэй проста выхадны, калі можна расслабіцца, адпачыць. Гэта па-сапраўднаму мой дзень! Настрой заўсёды светлы.
У нашай сям’і трое мужчын – муж і сыны, якія дапамагаюць адчуць чароўнасць дня. Як бы мае мужчыны ні любілі мяне, як бы я іх ні любіла, яны не заўсёды ведаюць, які падарунак хацела б атрымаць у гэты дзень. Каб не прагадалі, прыкладна за месяц тактоўна намякаю ім, маўляў, на кухні не хапае міксера ці новага камбайна, а ў спальні – архідэй.
Аксана Лугоўская:
– 8 Сакавіка важна быць у добрым настроі. Я і сама магу зрабіць уласнае свята. І калі мужчыны не ведаюць, як павіншаваць сваіх цудоўных дам, могуць проста ўсміхацца, гаварыць прыемныя, пяшчотныя, добрыя словы і… На свята я б не адмовілася і ад рамантыкі! Напрыклад, ад ранішняй кавы ў ложак.
Ала Казімір:
– Раніца 8 Сакавіка заўсёды прыемная. Па-першае, свята, а па-другое, ужо вясна і дні сталі даўжэйшымі, не такімі маркотнымі. Ва ўсіх добры настрой, жанчын чакаюць незвычайныя сюрпрызы. Ведаю, што будуць цёплыя словы ад родных і знаёмых. Абавязкова збярэмся разам. Традыцыйны атрыбут гэтага дня – цюльпаны – вырошчваю дома на падаконніку, а лепшы падарунак для мяне, як і ў любой іншай сям’і, – моцнае здароўе блізкіх і іх шчаслівыя вочы!
Ірына Швырова:
– У гэты дзень заўсёды прачынаюся з выдатным настроем і чакаю віншаванняў ад дзяцей. Сыны Ваня і Андрэй рыхтуюць для мяне паштоўкі з пажаданнямі, песні спяваюць, вершы чытаюць, пацалункамі абменьваемся. Звычайна ездзім на свята ў Брэст, дзе наведваем розныя мерапрыемствы.
Жанчыны дзіўныя, пяшчотныя, чароўныя. Хочацца, каб мужчыны дарылі нам увагу, цеплыню і клапатлівасць не толькі ў свята, а кожны дзень, хвіліну і секунду. Якой бы ні была раніца 8 Сакавіка – па-вясноваму сонечнай ці маркотнай і дажджлівай, яна пад знакам жаночай прыгажосці, таемных поглядаў і чароўных усмешак ператвараецца ў цуд.
Лідзія БАРАДЗІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top