“Наша Надзея – дзейсная, актыўная, ініцыятыўная…”

“Наша Надзея – дзейсная, актыўная, ініцыятыўная…”

IMG_9245Самыя аўтарытэтныя на сяле памочнікі мясцовай улады – старасты. Ім давяраюць, да іх звяртаюцца, яны жывуць для іншых. Многае ў іх атрымліваецца дзякуючы асабістай ініцыятыве і ўменню працаваць з людзьмі. У гэтым упэўнілася пад час размовы са старастай вёскі Малыя Сяхновічы Надзеяй Юдзінай.

На працягу 12 гадоў Надзея Рыгораўна працуе брыгадзірам жывёлагадоўчай фермы ў роднай вёсцы, столькі ж яна выконвае і абавязкі старасты. Без усялякіх паперак пералічвае, што ў Малых Сяхновічах 30 жыхароў пенсійнага ўзросту, 12 – працуючых, чацвёра дзяцей, з якіх двое школьнікаў і двое дашкалят. Ведае кожную сям’ю, хто чым жыве, у каго якія праблемы – усё навідавоку. Без увагі не застаецца ніводная просьба аднавяскоўцаў, а яны розныя: у гарачую пару пасадкі ці ўборкі ўраджаю дапамагчы з тэхнікай, выпісаць зерне ў сельгаскааператыве, прывезці лекі з Жабінкі, дамовіцца аб шпіталізацыі ў райбальніцу і многія іншыя. Клопатаў у старасты хапае: зімою сочыць за расчысткай вуліц ад снегу, летам – за абкошваннем падворкаў, за своечасовым вывазам смецця. Ёсць праблемы з аўталаўкай – неадкладна вырашае. Дапамагае ў арганізацыі і правядзенні святаў вёскі.
Хутка пацяплее, і сяхноўцы дружна выйдуць на суботнікі, каб навесці парадак ля дамоў, на вуліцах, прыбраць вясковыя могілкі.
Надзея Рыгораўна працуе ў цеснай узаемасувязі са старшынёй Сцяпанкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Мікалаем Ягорчанкавым, старшынёй СВК “Шпіталі” Віктарам Марковічам, кіраўнікамі іншых раённых службаў, якія дапамагаюць у вырашэнні надзённых пытанняў. У сваю чаргу інфармуе сяхноўцаў аб прынятых рашэннях сельвыканкама, дапамагае ў іх выкананні, прымае ўдзел у абследаванні матэрыяльна-бытавых і жыллёвых умоў вяскоўцаў і льготных катэгорый грамадзян, да якіх адносяцца ветэраны (у Малых Сяхновічах пражывае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леанід Міхайлавіч Ярмашук).
Надзея Рыгораўна дапамагае ўчастковаму інспектару ў прафілактыцы злачынстваў, што адбываюцца на бытавой глебе, сігналізуе пра няўдалыя сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўнагадовыя дзеці, а бацькі злоўжываюць алкаголем. Лёс такіх аднавяскоўцаў непакоіць жанчыну-старасту, якая ніколі не заставалася ў баку ад гэтай праблемы, дапамагала ім з ёю справіцца. Разам з участковым інспектарам папярэджвала сяхноўцаў аб “гасцях-чужынцах”, што часам наведваюцца ў вёску.
З 2012 года Малыя Сяхновічы газіфікаваны. Цяпер старасце не трэба клапаціцца пра забеспячэнне людзей палівам на зімовы перыяд. Вырашылася і праблема са старымі і пустымі дамамі – такіх амаль не засталося. Газ прывабіў пакупнікоў, якія іх аднаўляюць, даюць ім новае жыццё. Некаторыя спадчыннікі жылля праяўляюць сваю актыўнасць у вяснова-летні перыяд, калі садзяць агароды і клапоцяцца пра будучы ўраджай, але і ў такім выпадку дамы пад пільным наглядам.
У планах Надзеі Юдзінай – арганізоўваць жыхароў Малых Сяхновічаў на далейшае добра-ўпарадкаванне малой радзімы. У першую чаргу навесці парадак з дрэвамі, што растуць абапал дарогі, якая вядзе ад камянецкай трасы да гісторыка-краязнаўчага музея.
“Наша Надзея Рыгораўна дзейсная, актыўная, ініцыятыўная, жыве клопатамі пра нас, арганізоўвае на добрыя справы, і мы ўдзячны ёй за гэта”, – так характарызуюць старасту жыхары Малых Сяхновічаў.
Актыўнасць жанчыны не заставалася без увагі раённых уладаў: неаднаразова адзначалася Пісьмамі падзякі райвыканкама. Сёлета на сходзе гаспадарчага актыву раёна Надзея Юдзіна ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў як лепшая стараста па выніках работы за 2015 год.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: стараста вёскі Малыя Сяхновічы Надзея ЮДЗІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top