Ад Аляксея да Елісея

Ад Аляксея да Елісея

IMG_9266“Кім бы вы былі, калі б не настаўніцай?” – спыталі аднойчы ў Ларысы Ясінскай яе вучні. “Мамай, я была б проста мамай…” – адказала яна. Як ні дзіўна, жанчына выдатна рэалізавала сябе і ў адным прызванні, і ў другім. Ларыса Мікалаеўна ў свае 45 не толькі сімпатычная жанчына-“ягадка”, добры педагог, але й клапатлівая жонка і маці пяцярых дзяцей.

Ларыса з дзяцінства марыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. Яна вельмі любіла маленькіх дзетак, заўсёды знаходзіла з імі агульную мову. Да таго ж вялікі ўплыў на выбар будучай прафесіі
аказала і першая настаўніца Тамара Адамаўна Мурашка. Таму адразу пасля заканчэння другой гарадской школы Ларыса паступіла ў брэсцкі педінстытут.
На трэцім курсе акурат на
8 Сакавіка ёй зрабіў прапанову рукі і сэрца Генадзь Ясінскі, з якім дзяўчына сябравала яшчэ са школьных гадоў. Неўзабаве маладыя ажаніліся.
Дыпламаваным спецыялістам Ларыса Мікалаеўна прыйшла працаваць у родную школу. Штодзённа знаходзячыся сярод маленькіх гарэзаў, яна марыла хутчэй займець і сваіх, бо якая ж сям’я без дзяцей? Працоўная дзейнасць маладой настаўніцы пачала чаргавацца з адпачынкамі па доглядзе за малымі.
Пра сваіх дзетак Ларыса Ясінская можа расказваць гадзінамі. Яны – радасць і гонар бацькоў. Старэйшы сын Аляксей пасля заканчэння ліцэя чыгуначнага транспарту і тэхнікума прыборабудавання ў Брэсце працуе электрыкам на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе. Ён самастойны і адказны, ніколі не адмаўляе матулі і бацьку, калі трэба дапамагчы па гаспадарцы або пасядзець з малымі.
Дачка Алёна жыве, вучыцца і працуе ў сталіцы. Заканчвае чацвёрты курс факультэта экалагічнай медыцыны Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя Сахарава (уключаны ў склад БДУ). Атрымлівае павышаную стыпендыю, з’яўляецца прафсаюзным арганізатарам. Акрамя таго, асвоіла на курсах цырульніцкае майстэрства і ў вольны час стварае прыгожыя і модныя стрыжкі і ўкладкі.
Данік вучыцца на другім курсе Брэсцкага політэхнічнага каледжа па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Штодзённа ездзіць з Жабінкі ў Брэст і вяртаецца пасля заняткаў дадому, таму што сумуе па родных. Ведае: тут сустрэнуць мама і тата, выбегуць насустрач малодшыя брацік і сястрычка.
Марыйка – першакласніца другой гарадской школы. Прыгажунька, разумнічка, маміна памочніца. Яна прыйшла на свет 1 студзеня 2009-га – праз 10 год пасля Даніка. Адбылася гэтая радасная падзея незадоўга да Раства Хрыстова, таму нараклі дзяўчынку Марыяй.
Самы маленькі ў гэтай вялікай і дружнай сям’і – Елісей. Яму ўсяго годзік і чатыры месяцы. А розніца паміж Аляксеем і Елісеем – 22 гады!
Малодшы сын стаў для Ларысы Мікалаеўны і яе мужа прыемнай нечаканасцю, а яго рэдкае імя прыйшло ў сне.
– Самы каштоўны ўклад у жыцці – у дзяцей, – разважае шматдзетная мама. – Чым больш часу бацькі з імі право-дзяць, тым большую аддачу, на мой погляд, атрымаюць. Абавязкова трэба развіваць іх таленты і здольнасці: запісаць у школу мастацтваў, падабраць аб’яднанні па інтарэсах. Аляксей, Алёна і Данік наведвалі заняткі ў цукразаводскім філіяле дзіцячай школы мастацтваў. Марыя зараз займаецца на падрыхтоўчым аддзяленні па класе фартэпіяна.
У нас тут побач басейн у спартыўным комплексе “Бадзёрасць” – і старэйшыя дзеці яго наведвалі, і малодшых таксама плануем туды вадзіць, бо плаванне – гэта здароўе.
Для дзяцей важна таксама і духоўнае выхаванне. Яны зараз пастаянна ў камп’ютарах, планшэтах, смартфонах. Патрэбную інфармацыю, як правіла, здабываюць у інтэрнэце, а не ад бацькоў. А я за давяральныя гутаркі, душэўныя пасядзелкі за сямейным сталом.
Хвалюе Ларысу Ясінскую і праблема прэстыжу сям’і ўвогуле.
– На жаль, нідзе не вучаць, як стварыць трывалую, шчаслівую сям’ю. – кажа яна. – Дзеці, як правіла, бяруць прыклад з бацькоў, капіруюць іх паводзіны. Зараз шмат так званых грамадзянскіх шлюбаў, маладыя людзі доўга жывуць не распісваючыся, часам разбягаюцца, потым сыходзяцца. І ў мужчыны, і ў жанчыны няма той адказнасці адзін перад адным, як у сапраўднай сям’і, зарэгістраванай афіцыйна. Яшчэ спакон вякоў была завядзёнка: муж працаваў, а жонка гадавала дзяцей, вяла гаспадарку. А зараз, калі жанчына цэлы дзень на працы, у яе, на жаль, застаецца няшмат часу для дзяцей і мужа.
Ларыса Мікалаеўна цэніць гады дэкрэтнага адпачынку, калі можна ўвесь час прысвячаць сям’і. У Ясінскіх немалая гаспадарка. Свойскую жывёлу і птушку трэба дагледзець, накарміць. Акрамя таго, на гаспадыні агарод. Клопатаў нямала, аднак і памочнікаў хапае.
Хутка 8 сакавіка. У гэты дзень у сям’і Ясінскіх не толькі віншуюць прадстаўніц прыгожай паловы з жаночым святам, але і ўзгадваюць той букецік цюльпанаў, якім 26 гадоў назад тата канчаткова паланіў маміна сэрца і пачуў у адказ сарамлівае “так”.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top