“КАСЬЯНАВЫ ДЗЕЦІ”, альбо Самы рэдкі дзень

“КАСЬЯНАВЫ ДЗЕЦІ”, альбо Самы рэдкі дзень

 

У народнай і царкоўнай традыцыі 29 лютага названы днём святога Касьяна. Таму нярэдка тых, хто нарадзіўся ў такі незвычайны дзень, што бывае толькі раз у чатыры гады, называлі “Касьянавымі дзецьмі”.
Сучасныя вучоныя падлічылі: сёння на Зямлі жывуць прыблізна чатыры мільёны чалавек, якія нарадзіліся 29 лютага. Гэта складае ўсяго 0,066 % зямлян. І што цікава, Жабінка цалкам пацвярджае гэту “агульназямную” статыстыку. Зараз у нашым райцэнтры восем “Касьянавых дзяцей”, а гэта – 0,06 % ад агульнай колькасці жыхароў. Сустрэліся і паразмаўлялі з некаторымі.

1980 год
Толькі раз у чатыры гады?
Не, такое бывае заўжды!

IMG_9108Уладзімір СКАЧЫКОЎСКІ, Жабінкаўская дыстанцыя пуці:
– У маім выпадку не спрацоўвае дзіцячая песенька, якая сцвярджае, што “дзень нараджэння бывае толькі раз у год”. Па-першае, у звычайныя гады віншаванні атрымліваю двойчы: ад родных і блізкіх – 28 лютага (усё ж, як не круці, я “зімовы” чалавек), а вось сябры найчасцей згадваюць пра маё нараджэнне ў першы веснавы дзень. А як надыходзіць нарэшце год высакосны, у якім насамрэч бывае 29-ага… О! Віншаванні сыплюцца з усіх бакоў як з рога ўсяго многа.
Цікава знаёміцца з людзьмі, што нарадзіліся ў гэты дзень. Пару гадоў таму ў Жабінку перасяліўся Сяргей. Неяк пазнаёміліся і выпадкова ў размове высветлілася, што не проста аднагодкі, але й абодва прыйшлі на свет 29 лютага. Калі сумленна, агульнага паміж намі няшмат, хіба што аб’ядноўвае сяброўства ды схільнасць да ўсялякіх механізмаў, тэхнікі, аўто – сапраўдныя мужчынскія інтарэсы.
Ці адчуваю сябе “маладзей” ад таго, што ў адрозненне ад іншых даводзіцца радзей святкаваць “сапраўдны” дзень нараджэння? Скажу так: даты – гэта не эліксір маладосці, таму й не лічу сябе па жыцці “чацвёртакласнікам” толькі з тае нагоды, што ўсяго ў дзявяты раз сустракаў 29 лютага. І ўсё ж прыемна, што такіх людзей на зямлі няшмат. Мабыць, трэба гуртавацца!
Панядзелак ёсць панядзелак: правёў 29-га на працы з калегамі, а ўвечары святкаваў з роднымі: жонкай Марынай, дачкой Сафіяй і сынам Арцёмам.
Як сумленна, падарункаў ад іх не чакаў (хоць без віншаванняў, зразумела, не абышлося). Мне прасцей і цікавей самому рабіць нейкія прыемныя сувеніры. Ад таго і мой не зусім звычайны дзень лепш запомніцца! Наша вялікая радня ў сваёй большасці лёс звязвала і звязвае з чыгункай (нашай сямейнай працоўнай дынастыі ўжо 165 гадоў!) Жывём надзвычай дружна – сапраўды моцнай сям’ёй. Прыемна думаць, што для майго шматлюднага роду сярод многіх “чырвоных” дат і 29 лютага – вялікае свята.

1988 год
На добрае заўсёды
вам мытня дасць “дабро”

IMG_9102Людміла ПАСЮК, Брэсцкая мытня:
– Ведаю, бацькам многіх, хто нарадзіўся ў такі “нязручны” дзень, прапаноўвалі запісаць дзіцё на 28 лютага або 1 сакавіка. Такую “прапанову” атрымала некалі і мая мама Ніна Дзмітрыеўна. “Калі ваша дзяўчынка нарадзілася? Бліжэй да дваццаць восьмага ці першага? Можа, лепей да аднаго з гэтых дзён аднесці рэгістрацыю дня нараджэння?” На тое матуля абурылася: “Толькі 29-га! Мы нарадзіліся якраз пасярэдзіне – у 12 гадзін 26 хвілін. Якія могуць быць ваганні?!”
Гэта дата нярэдка выклікае калі не фурор, дык зацікаўленасць. Іншы дзень мо і забудзецца, такі – ніколі. На мой дзень нараджэння звярталі ўвагу, як была студэнткаю і калі ўладкоўвалася на працу. Некаторыя не вераць, просяць пашпарт паказаць. Многія, нават малавядомыя, людзі раптам успамінаюць, гледзячы ў каляндар: “А я ведаю чалавека, у каго сёння свята”, – і абавязкова павіншуюць. Часам нават дзіўна – такое ўражанне, нібы паўсвета ведае пра мае народзіны (смяецца). І гэта, безумоўна, падабаецца – ніякага дыскамфорту.
У гады невысакосныя свята звычайна цягнецца ажно два дні – ад канца зімы да пачатку вясны. Той-сёй нават стараецца даслаць эсэмэску менавіта ў 00.00, каб патрапіць са сваімі ветлівымі словамі паміж лічбамі 28.02 і 01.03.
У 12 гадоў была ў піянерскім лагеры “Церамок” пад Брэстам. Там сустрэлася з Вікторыяй з Пружан, з якой нарадзілася ў адзін год і дзень. Глядзела на яе і міжволі адчувала, што нібыта ў люстэрка пазіраю: падобныя характары, паводзіны, захапленні. Некалі чытала: 29 лютага – гэта акно ў нейкі паралельны незвычайны свет. Хоць ніякай містыкі ў сабе не адчуваю, затое інтуіцыя развіта вельмі моцна і ў быце, і на працы. Сёлета ў сёмы раз сустракала свой “сапраўдны” дзень нараджэння. Мо з гэтым неяк звязана, што выглядаю маладзей за свае гады. Канечне, ужо не ў 2 класе, аднак…
Самае распаўсюджанае пытанне, якое чула: “Як будзеш святкаваць?” Сустрэла 29-ага ў начной змене, з калегамі, прынесла торцік, а на ім – 28 свечак. Навошта свайго ўзросту баяцца ці саромецца? А ўжо ўдзень адзначала з роднымі – матуляй, цёцяй Галінай Дзмітрыеўнай, сваім маладым чалавекам Андрэем.
Можа, нехта хацеў, каб хутчэй наступіла вясна. Але ж давялося пачакаць трошачкі і сустрэць зусім не лішні дзень – 29 лютага.

1992 год
Навошта спрабаваць
жыццё “перапісаць”?

IMG_9086Юлія ГЕРАСІМЧЫК, Жабінкаўскі цукровы завод:
– Мне вельмі падабаецца мой дзень нараджэння і нейкае люстраное падабенства даты: год – 92-гі, дзень – 29-ы. Мая сям’я з ліку тых, што звязалі жыццё з цукровым заводам: тут працуюць і тата Пётр Аляксандравіч, і мама Ірына Аляксандраўна.
Ніколі нават і блізка не ўзнікала жадання, каб “перапісаць” дату з’яўлення на свет. Хіба ў жыцці бываюць чарнавікі? Яшчэ працу над памылкамі зрабіць можна, але галоўнае не памяняеш. У звычайныя гады сябры тэлефануюць найчасцей у апошні зімні дзень, аднойчы нават злавіла сябе на думцы: а што, бацькі забыліся? А яны, аказваецца, проста чакалі 1 сакавіка, каб павіншаваць і з нараджэннем, і з вясной. Вельмі ад гэтага бывае цёпла на душы.
Толькі ўявіце, з якім хваляваннем чакаю высакосны год. Памятаю, як у 2012-ым (тады яшчэ была студэнткай) літаральна кожнаму ва ўніверсітэце хацелася хоць словам, хоць усмешкай сказаць мне нешта добрае!
Заўсёды лічыла 29 лютага асаблівым днём. Калі нешта задумаю – абавязкова спраўджваецца. Можа, гэта неяк звязана з 29-ым?
У панядзелак спачатку восем працоўных гадзін была на заво-дзе, а затым – дамоў. Не, свята надта пышнае не планавала. Ды й не трэба, лічу. Галоўнае, каб побач былі бацькі, верныя сяброўкі Карына, Аляксандра, Крысціна, з якімі прыемна падарожнічаць (ёсць у мяне такое хобі, наведала ўжо не толькі Расію і Украіну, але й Малдову, Польшчу, Венгрыю, Чэхію, Славакію, Аўстрыю, Чарнагорыю). Але як вяртаюся дамоў, разумею: тут найлепш!

1996 год
Наш салдат надзейна служыць,
са статутам верна дружыць

IMG_2473Дзмітрый КАРПІН, радавы беларускай арміі:
Чацвёрты наш герой пакуль далёка ад роднага парога. Таму замест радавога Карпіна папрасілі трохі расказаць пра брата яго малодшую сястру Сашу Гаргун, што вучыцца ў трэцім класе СШ № 1 г. Жабінка.
– Дзіме 29 лютага споўнілася дваццаць, а мне пакуль толькі дзевяць. Я вельмі-вельмі люблю брата, такога добрага і вясёлага.
Хутка год, як ён у арміі, служыць у Слоніме. Разам з мамай Вольгай Ігараўнай і татам Ігарам Васільевічам ездзілі да яго на прысягу. Дзіма такі прыгожы ў ваеннай форме, з аўтаматам – сапраўдны абаронца Айчыны.
Хачу яшчэ раз павіншаваць яго з мужчынскім святам, якое нядаўна было, і днём нараджэння. Кожны раз дару браціку паштоўку з пажаданнямі. Раблю яе сваімі рукамі, упрыгожваю малюнкамі, аплікацыямі і самымі ветлівымі словамі. Гэта вельмі для мяне незвычайна – упершыню павіншаваць брата праз газету.
Хочацца сказаць яму: “Дзімачка! Віншую цябе з мінулым днём нараджэння. Жадаю шчасця, здароўя, поспехаў у службе. Вяртайся хутчэй дадому. Мы цябе ўсе любім і чакаем!”
З нараджэнцамі 29 лютага, іх знаёмымі і блізкімі сустракаліся, каб паразмаўляць і сфатаграфаваць
Анатоль БЕНЗЯРУК ды Ірына ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top