Гадаванцы радуюць хуткай прыбаўкай у вазе

Гадаванцы радуюць хуткай прыбаўкай у вазе

_DSC9389Працоўны дзень Наталлі Дулевіч пачынаецца ў 6 гадзін раніцы. Хуценька апранаецца і спяшаецца на ферму “Арэпічы”, дзе яе чакаюць паўтары сотні гадаванцаў. Цяляткі падхопліваюцца ў стойлах, патрабавальна тыкаюцца пысамі ў вядзерцы-кармушкі, дзе заўжды ёсць камбікорм “адзінка”, для самых маленькіх, побач вада. Аднак яны чакаюць смачнейшага – малака, якое ў рацыёне на працягу двух месяцаў.

– Зараз-зараз, крышачку цярпення, сняданак грэецца, – супакойвае малых Наталля і аглядае выхаванцаў. Так, белалобы, што ўчора вечарам нарадзіўся, упэўнена стаіць на ножках, а вось цялушачка ў шостай клетцы нейкая сумная, гучна ўздыхае. Так і ёсць – захварэла, носік сухі і гарачы. Значыць, ёй трэба даць толькі 700 грамаў малака, літр травянога чаю і паклікаць ветурача Уладзіміра Кавальчука ці Святлану Баранчук.
Пакуль агледзела гадаванцаў, у пастэрызатары падагрэлася малако. Цёпленькае (на датчыку замігала лічба 38 градусаў па Цэльсію), размешанае з антыбіётыкам – можна паіць самых маленькіх. З цялятамі трэба прытрымлівацца правіла – лепей менш, чым больш, таму што яны могуць аб’есціся, і тады развіваецца дыярэя, якую вылечыць няпроста. Наталля ведае “сакрэт” – заварвае гаючыя зёлкі і альховыя шышкі, падсольвае і дае цялятам. Калі своечасова заняцца лячэннем народнымі спосабамі, можна абысціся і без уколаў. Другая бяда для малых – надыход вясны, калі днём прыгравае, а ноччу холадна. Тады ад перападаў тэмператур гадаванцаў “душыць” кашаль. Таму Наталля Дулевіч пільна сочыць за тым, каб у “яслях” не было скразняку. Калі заканчваецца так званы малозіўны перыяд (а цялятка пажадана паіць малаком мамы-рагулі), гадаванцаў кормяць “кісляком” – заквашаным малаком. Знаходзяцца нованароджаныя цяляты ў светлым дабудаваным памяшканні. Зрабілі цагляныя перагародкі ў два рады – вось табе і асобныя стойлы для самых маленькіх. У іх суха, заўжды паслана салома і цёпла – нічым не горш, чым у навамодных пластыкавых доміках для цялят.
Калі падрастуць, увойдуць у сілу, іх перавядуць у клеткі па 8 галоў у кожнай. Пры вазе 80-100 кг трапляюць у суседняе памяшканне да другой цялятніцы – Наталлі Міранюк. За жывёлай тут належны клопат, таму што адносяцца да маладняку з ласкаю, пяшчотай.
– Калі цялушачку змалку песціць, лагодна размаўляць з ёю, то і вырасце яна рахманай, спакойнай каровай, – тлумачыць Наталля Дулевіч. – Такая і даярку будзе слухацца, і малако аддаваць без праблем.
Перахопліваю цёплы позірк Наталлі Мікалаеўны: яе вочы свецяцца дабром і ласкаю.
– Ну, як іх не будзеш любіць? Яны ж як дзеці малыя… З імі, вядома, складана, але і цікава. Тры гады ў “яслях” працую і ні кропелькі не шкадую…
– Такую работніцу, як наша Наталля, яшчэ пашукаць трэба, – расказвае загадчыца фермы Любоў Хоміч. – Працавала яна крышку паляводам, потым кароў даіла. На гэтай пасадзе асабліва сярод калег не вылучалася. А калі цялят ёй даверылі, заўважылі, што справа ёй па душы. Сем гадоў даглядала сярэднюю групу, а цяпер – нованароджаных. За мінулы год Наталля Дулевіч дагледзела 849 цялятак – гэта 98 % ад атрыманага прыплоду ў гаспадарцы. Малайчына яна – і руплівіца, і адказная. Трэба – і ў 11 гадзін вечара прыбяжыць на ферму, цялятка прыме. Ніколі не сказала – ат, няхай хто другі расцяліцца дапаможа. Пагрузіць малое на тачку, у цялятнік з сухастойнага цэха да сябе завязе, пад лямпай абсушыць, зноў да каровы вернецца, каб малозівам напаіць. Спачатку праз зонд корміць, потым з соскі, а там, бачыш, маладняк з вядзерца піць навучыцца. Ніколі дадому не пойдзе, пакуль не ўпэўніцца, што з цялятамі ўсё добра. Пашанцавала нам з Наталляй…
А яна ў гэты час накарміла малых, напаіла вадой, падаслала і зазбіралася дамоў, дзе на падворку чакалі гаспадыню свойская птушка, сабака, кот. Да наступнага кармлення застаецца яшчэ некалькі гадзін, таму вырашыла прыгатаваць далікатэсы, каб пачаставаць дачку Кацярыну, якая вучыцца на трэцім курсе каледжа сувязі, а на выхадныя прыязджае ў родную вёску. З сынам Мікалаем даводзіцца бачыцца радзей – ён служыць у войску. Да дэмбеля хлопцу засталося ўсяго чатыры месяцы.
Гаспадыня прывыкла ўсю работу, за якую б ні бралася, выконваць добрасумленна, з любоўю. Таму гадаванцы радуюць яе хуткай прыбаўкай у вазе.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: цялятніца Наталля ДУЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top