Людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй

Людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй

IMG_9233Нярэдка з высокіх трыбун, медыясродкаў, са старонак перыядычных выданняў можна пачуць або прачытаць выраз: “чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй”. Сярод тых, хто займае менавіта такую пазіцыю, а значыцца, не бывае абыякавым да праблем іншых людзей, стараецца рабіць, каб у родных населеных пунктах быў парадак і дыхалася вальней, – добраахвотныя дружыннікі. Так, яны не носяць міліцэйскіх пагонаў і ўсё ж з поўным правам могуць адзначаць 4 сакавіка прафесійнае свята.

Упершыню ў нашай краіне добраахвотныя народныя дружыны ўзніклі яшчэ ў 1959 годзе. Традыцыя іх стварэння і дзейнасці, такім чынам, мае ўжо працяглую гісторыю.
Паводле слоў начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Жабінкаўскага РАУС маёра міліцыі Ігара Пастушына, сёння добраахвотныя дружыны ўяўляюць сабой аб’яднанні грамадзян Беларусі, што ўдзельнічаюць у ахове правапарадку пад кіраўніцтвам упаўнаважаных асоб органаў мясцовага кіравання альбо іншых юрыдычных асоб, што ствараюць дружыны.
Галоўная іх задача – садзей-нічанне праваахоўным органам, падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях ці органам памежнай службы Рэспублікі Беларусь. Асноўныя функцыі: ахова грамадскага парадку, жыцця і здароўя грамадзян, іх маёмасці, іншыя.
Сёння на Жабінкаўшчыне сябры дружын прыцягваюцца не толькі для сумеснага нясення службы па захаванні грамадскага парадку, але й у звычайныя дні пры апрацоўцы ўчастковымі інспектарамі жылога масіву, пры правядзенні рэйдаў па выяўленні месцаў самагонаварэння, адзіных дзён прафілактыкі злачынстваў, пры выкліках на сямейна-бытавыя канфлікты.
Адна з найбольш актыўных дружын дзейнічае пры ДАІ. Каб яна ўзнікла, спатрэбіўся чалавек з сапраўды актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Уладзімір Верацёлка – з сям’і патомных ваенных. Недарма месцам яго нараджэння пазначаны горад Франкфурт-на-Одэры. Шмат гадоў Уладзімір Іванавіч прысвяціў вайсковай службе, якая праходзіла ў Кіеўскім, Прыволжскім акругах, ва Усходняй Германіі, Заходняй групе войск. У 1995-ым падпалкоўнік Верацёлка выйшаў у запас і пераехаў у Сенькавічы, на малую радзіму жонкі. На Жабінкаўшчыне яго захапіла грамадская работа, стаў старшынёй раённага савета Беларускага таварыства аўтамотааматараў. Вядома, паводле новага віду дзейнасці даводзілася кантактаваць з ДАІ.
– Неўзабаве ўзнікла думка стварыць добраахвотную дружыну, якая дапамагала б праваахоўнікам захоўваць бяспеку на дарогах, – расказвае Уладзімір Іванавіч. – Першапачаткова наша арганізацыя, створаная ў 1997 го-
дзе, аб’ядноўвала 25 чалавек. Цяпер у яе складзе тузін асобаў.
– Хочацца назваць усіх без выключэння, – дадае начальнік АДАІ Жабінкаўскага РАУС маёр міліцыі Андрэй Мядзведзь, – паколькі насамрэч адчуваем ад іх дзейсную дапамогу. Гэта Аляксей Панасюк, Уладзімір Дэц і Анатоль Засімук, Юрый Вавін, Аляксей Грыцук і Павел Козак, Міхаіл Катовіч, Андрэй Ляўковіч і Яўген Смалюк, Юрый Алясюк, Віктар Якімавец і Якаў Гулько. Для таго, каб патрапіць у дружыну, праводзіцца сур’ёзная праверка. Бо нават немагчыма ўявіць, што гэтай справай будзе займацца чалавек псіхічна і псіхалагічна непадрыхтаваны.
Якімі справамі вызначаюцца дружыннікі?
Адзін з найбольш яскравых прыкладаў сумеснай працы ў забеспячэнні аховы грамадскага парадку адбыўся летась.
У тую ноч службу неслі разам інспектар дарожна-паставой службы капітан міліцыі Дзмітрый Базылюк і сябра дружыны Яўген Смалюк. Каля поўначы з упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага абл-выканкама ў Жабінкаўскі РАУС паступіла тэрміновае паведамленне: у суседнім Камянецкім раёне здзейснена дзёрзкае злачынства. Трое невядомых уварваліся ў дом фермерскай сям’і. Пагражаючы металічнай дубінкай, рабаўнікі запатрабавалі грошы, і 12-гадовы сын гаспадароў, які спужаўся пагроз, паказаў, дзе схаваныя сямейныя зберажэнні. Здабычай злодзеяў, што хутка з’ехалі ў невядомым накірунку, сталі сем тысяч долараў ЗША.
Быў уведзены план “Перахоп”. Базылюк і Смалюк ра-зам з оперупаўнаважаным групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі капітанам міліцыі Андрэем Лісюком выехалі на аўтадарогу Камянец–Жабінка–Федзькавічы. Літаральна ўжо другая машына, якую яны спынілі, выклікала падазрэнні. Пакуль інспектар дарожна-паставой службы разбіраўся з вадзіцелем, дружыннік звярнуў увагу, што пасажыр кінуў пад аўто нейкую рэч. Высветлілася, у пакеце знаходзіліся тыя самыя грошы, што грабежнікі забралі ў фермера. Яны былі затрыманы і дастаўлены ў Жабінкаўскае раённае аддзяленне ўнутраных спраў. Рабаўнікоў чакала суровае пакаранне: суд Камянецкага раёна прызначыў аднаму злачынцу 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, яго падзельнікам – па восем гадоў турмы, таксама з канфіскацыяй.
– Нярэдка на долю народных дружыннікаў прыпадаюць затрыманні людзей у нецвярозым стане, што выказваюць агрэсіўнасць, парушаюць грамадскі парадак, перашкаджаюць добрасумленным і законапаслухмяным жыхарам горада і раёна адчуваць сябе ў бяспецы, – заўважае Андрэй Мядзведзь. – Адным словам, дапамога іх каштоўная. Большасць сяброў добраахвотнай дружыны па бяспецы руху пры аддзяленні ДАІ маюць падзячныя лісты ад Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Асобна хочацца сказаць пра камандзіра дружыны. Уладзімір Верацёлка ўганараваны найвышэйшай узнагародай, якая існуе ў дзяржаўтаінспекцыі, – нагрудным знакам “Выдатнік ДАІ”. Прычым, гэтую высокую адзнаку сваёй службы ён атрымліваў двойчы, у 2003 і 2012 гадах. І гэта вельмі паказальна, бо нават сярод дзеючых супрацоўнікаў нашага АДАІ такую ўзнагароду маюць толькі двое.
Што ж добраахвотныя памочнікі міліцыі атрымліваюць за сваю дзейнасць? Самі дружыннікі сцвярджаюць: галоўнае для іх – гэта спакой ды парадак на вуліцах і дарогах роднага горада, у нашых вёсках. Хоць у кожнай арганізацыі, дзе працуюць дружыннікі, і прадугледжаны некаторыя льготы: некалькі дадатковых дзён да водпуску або матэрыяльнае заахвочванне – на погляд наймальніка, аднак большасць сяброў дружыны сцвярджаюць, што ўступілі ў атрад не з карыслівых меркаванняў.
Так, добраахвотныя дружыны – гэта магчымасць праявіць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, не на словах, а на справах садзейнічаць стварэнню бяспечнага і камфортнага асяродку.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: добраахвотныя памочнікі аддзялення ДАІ Жабінкаўскага РАУС.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top