Зваротаў стала больш

Зваротаў стала больш

IMG_8991Падставай для размовы з Аленай АКУЛІЧ сталі змяненні і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, якія ўступілі ў сілу з 23 студзеня. Аднак перш-наперш пацікавіліся ў загадчыка сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама аб выніках працы за мінулы год.

– Алена Аляксееўна, не сакрэт, што звароты грамадзян – адзін з дзейсных сродкаў усталявання дыялогу паміж адказнымі асобамі і так званым простым чалавекам, які можа давесці да ўладных структур свае меркаванні, праблемы, задаць набалелыя пытанні. Што найчасцей, калі прааналізаваць зва-роты, хвалявала ў 2015-ым жабінкаўцаў?
– Летась колькасць зваротаў у райвыканкам у параўнанні з 2014 годам павялічылася на 7,4% і склала 260 (242, плюс 18). Больш (з 5 да 11) стала іх і ад юрыдычных асоб, і прынятых па электроннай пошце (такіх зваротаў было 15% ад агульнай колькасці). А вось у сельвыканкамах назіралася адваротная тэндэнцыя: колькасць зваротаў зменшылася.
Падкрэслю, каб станоўча вырашаць пытанні, узнятыя грамадзянамі, ад выканаўцаў нярэдка патрабуюцца значныя часовыя і фінансавыя выдаткі. Паколькі грашовыя сродкі, што выдаткоўваюцца з раённага бюджэту, абмежаваныя, вырашыць многія просьбы грамадзян немагчыма. Пра тое заяўнікам тлумачылася пісьмова.
Паводле вынікаў 2015 года колькасць зваротаў, якія паступілі на разгляд у райвыканкам з вышэйстаячых органаў, наступная: з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – 7, Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта – 17 (у параўнанні з 2014-ым адбылося павелічэнне ў два разы – з 12 да 24 зваротаў).
У кожным выпадку заяўнікам абавязкова тлумачацца іх правы і абавязкі, даюцца спасылкі на нарматыўныя прававыя акты, вызначаюцца магчымыя шляхі вырашэння праблем непасрэдна грамадзянамі. Аднак тыя нярэдка працягваюць звяртацца ў дзяржорганы дзеля станоўчага вырашэння пытанняў “на сваю карысць”. Гэта яшчэ адна з прычын паўторных зваротаў. У выніку колькасць іх у мінулым годзе склала 6.
Тэматыка зваротаў не змянілася. Дамінуюць праблемы камунальнай гаспадаркі (73 звароты, або 28,1%), а таксама пытанні будаўніцтва і рамонту дарог (асфальтаванне), газіфікацыя, добраўпарадкаванне і санітарны стан дваровых тэрыторый і населеных пунктаў, якасць жыллёва-камунальных паслуг і іх аплата, рамонт жыллёвага фонду.
Другую пазіцыю займаюць звароты, што тычацца жыллёвай гаспадаркі (14,2% ад агульнай колькасці). Гэта пытанні прадастаўлення жытла, выдзялення крэдытаў на яго будоўлю, індывідуальнае будаўніцтва.
Больш чым у 9% зваротаў (24) грамадзяне ўзнімаюць пытанні землекарыстання і землеўпарадкавання (выдзяленне зямельных участкаў, захаванне іх межаў).
У 8% зваротаў (21) утрымліваюцца пытанні, звязаныя з працоўным заканадаўствам, у тым ліку з уладкаваннем на працу і аплатай за яе.
Яшчэ адной з формаў дыялогу ўлады з грамадзянамі з’яўляецца пра-вядзенне “прамых тэлефонных ліній”. Летась кіраўніцтвам райвыканкама праведзена іх 43, пад час якіх са сваімі просьбамі, заўвагамі звярнуліся 59 чалавек.
– Алена Аляксееўна, давайце падрабязней спынімся на Законе “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. Змяненні і дапаўненні ў яго ўносіліся і раней, у чым сутнасць апошніх, што запрацавалі з 23 студзеня гэтага года?
– Найперш яны тычацца сферы дзеяння згаданага Закона. Акрамя таго, што ён не распаўсюджваецца на звароты, якія павінны разглядацца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб канстытуцыйнай суда-вытворчасці, гра-мадзянскім, грамадзянскім працэсуальным, гаспа-дарчым працэсуальным, крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, зака-надаўствам, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу аб адміністрацыйных працэдурах. Цяпер Закон дапоўнены ўказаннем на яго непрымяненне ў адносінах зваротаў работнікаў да наймальніка.
Акрэслены таксама парадак арганізацыі асабістых прыёмаў. У нашай краіне – гэта вельмі дзейсны сродак падачы зваротаў. Грамадзяне актыўна карыстаюцца сваім правам на вусны зварот, разлічваючы пад час асабістага прыёму пераканаць адпаведную службовую асобу ў абгрунтаванасці свайго пытання.
Закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” падрабязна рэгламентуе працэдуру асабістага прыёму, у тым ліку замацоўвае парадак адмовы заявіцелю.
Пунктам 2 артыкула 6 прадугледжана адмова службовымі асобамі і спецыялістамі, адказнымі за папярэдні запіс на прыём, у наступных выпадках: зварот тычыцца пытанняў, што не адносяцца да кампетэнцыі дадзенай арганізацыі; зварот у нявызначаныя дні і гадзіны; калі заяўніку ў ходзе асабістага прыёму ўжо быў дадзены вычарпальны адказ альбо з грамадзянінам спынена перапіска па выкладзеных у звароце пытаннях.
Адказ на калектыўны зварот накіроўваецца першаму ў спісе заяўніку, які пазначыў адрас свайго месца жыхарства (месца знаходжання), з просьбай праінфармаваць іншых заявіцелей (пункт 3 артыкула 22).
Да таго ж на афіцыйным сайце дзяржаўнага органа або арганізацыі ў інтэрнэце павінна размяшчацца інфармацыя пра спосабы падачы электронных зваротаў (электронны адрас і (ці) спецрубрыка ў глабальным сеціве).
Прадугледжваецца, што паўторны зварот, пісьмовы альбо электронны, – гэта зварот, які паступіў ад аднаго і таго ж заяўніка па адным і тым жа пытанні, у тым ліку накіраваны з іншых арганізацый, альбо заўвага і (ці) прапанова, унесеныя ў кнігу заўваг і прапаноў адным і тым жа грамадзянінам па адным і тым жа пытанні аднаму і таму ж індывідуальнаму прадпрымальніку, што паступілі на працягу трох гадоў з дня паступлення ў арганізацыю, да прадпрымальніка перша-­­пачатковага звароту, калі на першапачатковы зварот заяўніку быў дадзены адказ (накіравана паведамленне).
– Як цяпер падлічваюцца тэрміны пры разглядзе зваротаў грамадзян?
– Працягласць тэрмінаў, якія вызначаюцца месяцамі або днямі, пачынаецца з дня, што ідзе следам за днём рэгістрацыі звароту ў арганізацыі, унясення заўваг і (ці) прапаноў у кнігу заўваг і прапаноў (пункт 1 артыкула 17).
Пісьмовыя звароты павінны быць разгледжаны не пазней за 15 дзён, а тыя, што патрабуюць праверкі і дадатковага вывучэння, – не пазней за адзін месяц.
Закон замацоўвае падлічэнне ў працоўных днях наступных тэрмінаў:
5-дзённы для накіравання звароту на разгляд арганізацыям у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй і паведамлення заяўніку альбо для пакідання звароту без разгляду па сутнасці і паведамлення пра тое заяўніку з тлумачэннем, у якую арганізацыю і якім парадкам патрэбна звяртацца для рашэння пытанняў, выкладзеных у зваротах (частка 1 пункта 3 артыкула 10);
5-дзённы тэрмін для вяртання пісьмовых зваротаў, у якіх абскарджваюцца судовыя пастановы, заяўнікам з тлумачэннем ім парадку іх абскарджвання (частка 2 пункта 3 артыкула 10);
5-дзённы тэрмін для накіравання зваротаў, што ўтрымліваюць інфармацыю пра злачынства або іншае правапарушэнне, якое рыхтуецца, здзяйсняецца ці адбылося, у адпаведныя праваахоўныя ці іншыя дзяржаўныя органы (пункт 5 артыкула 10);
5-дзённы тэрмін для паведамлення заяўніку аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці (пункт 4 артыкула 15);
3-дзённы тэрмін на паведамленне ў вышэйшую арганізацыю пра выкананне прадпісання, а таксама паведамленне заявіцеля (пункт 2 артыкула 20).
– Нярэдка чалавек чуе: “Ваш зварот будзе разгледжаны па сутнасці”. Што стаіць за гэтай фразай? Наколькі задавальняюць грамадзян рашэнні, прынятыя паводле іх пытанняў?
– Безумоўна, кожны выпадак індывідуальны, але не было ніводнага, каб грамадзянін застаўся без адказу. Ужо іншае пытанне, ці будзе гэты адказ для яго станоўчым, а можа, адмоўным. У многіх выпадках праблемы, узнятыя ў зваротах, не могуць быць вырашаны так, як просіць заяўнік, з-за іх фінансавых затрат ці праз іншыя прычыны. Больш за тое, нярэдка патрабаванні грамадзян нават пярэчаць заканадаўству (прыкладам, просьба правесці рамонт у кватэры, якая знаходзіцца ва ўласнасці заявіцеля, за кошт дзяржаўных сродкаў).
Закон канстатуе: пісьмовы зварот лічыцца разгледжаным па сутнасці ў выпадку, калі разгледжаны ўсе выкладзеныя ў ім пытанні, прыняты адпаведныя меры па абароне, забеспячэнні рэалізацыі, аднаўленню правоў, свабод і (ці) законных інтарэсаў заявіцелей і ім накіраваны пісьмовыя адказы або адказ абвешчаны пад час прыёму.
Гэта значыць, у роўнай ступені лічацца разгледжанымі па сутнасці звароты, па якіх прынята станоўчае рашэнне або ў задавальненні якіх адмоўлена, пры ўмове ўсебаковай прапрацаванасці ўсіх довадаў заяўніка з улікам патрабаванняў заканадаўства і накіравання яму адказу.
– Як ужо падкрэслівалася, звароты – вельмі дзейсны сродак “дайсці” простаму чалавеку да “высокіх інстанцый”. Аднак ці заўсёды абгрунтаванымі бываюць людскія просьбы і патрабаванні? Што рабіць з тымі, для каго ліставанне з дзяржорганамі ператварылася ў сапраўднае “хобі”?
– Сёння Закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” прадугледжвае магчымасць спагнання з заяўніка расходаў, панесеных арганізацыямі, індывідуальнымі прад-прымальнікамі ў сувязі з разглядам неабгрунтаваных зваротаў, што сістэматычна накіроўваюцца ў адну і тую ж інстанцыю, да аднаго і таго ж прадпрымальніка ад аднаго і таго ж заявіцеля, а таксама зваротаў, якія ўтрымліваюць свядома хлуслівыя звесткі (пункт 2 артыкула 19). Выдаткі могуць спаганяцца ў судовым парадку.
Ёсць яшчэ адна катэгорыя – “добразычліўцаў”-ананімшчыкаў, на шляху якіх паўстаў Закон. Прынамсі, артыкул 23 яго прадугле-джвае, што ананімны зварот, за выключэннем звестак пра злачынства, разгляду не падлягае. Пры гэтым ананімнымі лічацца звароты, у якіх адсутнічаюць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) альбо ініцыялы грамадзяніна ці адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання) або назва юрыдычнай асобы (поўная ці скарочаная) ці месца яе знаходжання.
Каб выключыць падобныя сітуацыі, Закон прапаноўвае прызнаваць ананімнымі звароты, у якіх дадзеныя пра заяўніка не адпавядаюць рэчаіснасці.
– Дзякуй за размову, якая, бясспрэчна, будзе карыснай для жабінкаўцаў.
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top