Адказнасць на высокім узроўні

Адказнасць на высокім узроўні

Левчук1Уявіць жыццё без элект-рычнасці вельмі складана. Варта толькі ў хаце выключыцца святлу, як адразу людзі губляюцца, не ведаюць, чым займацца. Падтрымліваюць бесперапынную падачу электраэнергіі і такім чынам ствараюць спакой жыхарам Жабінкаўшчыны супрацоўнікі мясцовага раёна электрасетак.

Як расказаў вядучы інжынер па эксплуатацыі размеркавальных сетак Жабінкаўскага РЭС Аляксандр Ляўчук, сёння прадпрыемства абслугоўвае больш за 800 км ліній электраперадач, што ахоплівае тэрыторыю ўсяго раёна. Асноўная задача энергетыкаў – утрыманне падстанцый і ліній у надзейным стане. Для гэтага электрыкі праводзяць капітальны рамонт ліній і іх мадэрнізацыю.
Мінулы год стаў асабліва паспяховым для Жабінкаўскага РЭС. Статус горада-спадарожніка прыцягнуў у Жабінку дадатковае фінансаванне. Гэта дало магчымасць правесці некаторую мадэрнізацыю. Напрыклад, з гарадской мяжы былі цалкам прыбраны паветраныя лініі напружанасцю 10 кВ, якія ў выпадку псавання робяцца небяспечнымі для жыцця людзей і жывёл. Аднак, як адзначае Аляксандр Ляўчук, статус горада-спадарожніка – гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць. Аб’ём працы РЭС істотна ўзрос. Пры гэтым штат супрацоўнікаў уключае ўсяго 54 чалавекі, з якіх 15 – дзяжурныя, а яшчэ прыкладна 10 займаюцца збытам. І толькі на астатніх ляжыць асноўная адказнасць за якасную і бесперапынную падачу электраэнергіі.
У аддзеле па эксплуатацыі размеркавальных сетак складаюцца шматгадовыя графікі капітальных рамонтаў. Напрыклад, яшчэ ў 2007 годзе была распрацавана праграма па расчыстцы прасек у тых месцах, дзе лініі праходзяць па тэрыторыі лесу. Сёння дрэвы і кустоўі ўжо амаль не пагражаюць правадам і апорам.
Сярод істотных падзей года Аляксандр Ляўчук успамінае ліпень, калі ў сярэдзіне месяца ў раёне пранёсся страшны ўраган. Былі пашкоджаны многія лініі. Тады Жабінкаўскі райвыканкам сабраў экстраную нараду і заклікаў на дапамогу арганізацыі і іншыя раёны. Былі выдзелены дюдзі, транспарт, вышкі. Прыбыло падмацаванне з Брэста, Маларыты, Кобрына. За чатыры дні наступствы аварыі былі ліквідаваны, а падача электрычнасці цалкам адноўлена.
Як адзначае Аляксандр Уладзіміравіч, Жабінкаўскі раён электрасетак увесь час мае падтрымку ад раённых уладаў. Так, нярэдка ўзнікае патрэба дыялогу паміж працаўнікамі-энергетыкамі і насельніцтвам. Жыхары садзяць дрэвы побач з пракладзенымі лініямі ці пакідаюць смецце на месцах планавых рамонтных работ. Тады раённыя ўлады дапамагаюць знайсці кампраміс, праводзяць гутаркі з людзьмі, прапануюць магчымасці выйсця.
Сёння Жабінкаўскія электрасеткі імкнуцца ўсяляк супрацоўнічаць з насельніцтвам. Прадпрыемства аказвае паслугі фізічным і юрыдычным асобам па прынцыпе “адно акно”. Чалавеку для вырашэння праблемы трэба звярнуцца ў электрасеткі ўсяго два разы: у першы – скласці дамову і даведацца пра тэхнічныя ўмовы, у другі – атрымаць свой абаненцкі нумар. Гэта дазваляе сэканоміць час і абмінуць цяжкасці з празмернасцю дакументаў.
Аляксандр Ляўчук працуе ў Жабінкаўскім РЭС ужо 24 гады. Ён займаецца арганізацыяй і планаваннем капітальных рамонтаў ліній, аднак хутка збіраецца на пенсію. Як найбольш дасведчаны і каштоўны супрацоўнік, Аляксандр Уладзіміравіч часта праводзіць лекцыі для школьнікаў пра бяспечнае выкарыстанне электраэнергіі. Нярэдка дзеці адкрыта гавораць з ім пра тое, як гулялі з правадамі ці залазілі на падстанцыі. І тады спецыяліст электрасетак даходліва тлумачыць ім, да чаго прыводзіць бестурботнасць, а таксама заўважае, што работа ў Жабінкаўскіх раённых электрасетках сёння арганізавана выдатна.
Хрысціна МАСЛЕНІКАВА, студэнтка філалагічнага факультэта БрДУ
ім. А.С.Пушкіна.
На здымку: Аляксандр Ляўчук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top