Свята сапраўдных мужчын

Свята сапраўдных мужчын

IMG_9027Паўсюль напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны святкаванні прысвячаліся нашым мужчынам. І тыя, хто “чобаты ўжо таптаў і пах пораху паспытаў”, і тыя, каму яшчэ да армейскай службы расці ды расці. У баку ад гэтай падзеі, вядома, не застаўся і наш дружны 3 “Б” СШ № 1 г. Жабінка, дзе свята пры адчыненых дзвярах ладзілася ў мінулую суботу, 20 лютага.
Каб яно адбылося, спатрэбіліся намаганні дзяцей і дарослых, якія тры тыдні рыхтаваліся да гэтага дня. Прынамсі, бацькоўскі камітэт сумесна з настаўніцай Наталіяй Расціславаўнай Бабровай стварылі сцэнарый, старанна рэпеціравалі, афармлялі класны пакой. Па прапанове Людмілы Мікалаеўны Олінай хлопчыкам вырабілі пагоны, каб яны на час уявілі сябе ваеннымі. Многія бацькі не засталіся ў баку ад агульнай справы, асабліва ўдзячных слоў заслугоўваюць Вольга Генадзьеўна Данілюк, Інга Мікалаеўна Дзербушова, Святлана Вітальеўна Лысенка, Аляксандр Уладзіміравіч Леванюк, Святлана Аляксандраўна Грыцук ды іншыя.
Дзеці таксама мелі важныя даручэнні: па-першае, ад іх патрабавалася вывучыць вершы і песні, па-другое, падрыхтавацца да шматлікіх конкурсаў. А вось Ілля Клімовіч адзначыўся ў іншым: развучыў песню “Я вярнуся пераможцам”, якую і выканаў надзвычай добра на свяце.
…І вось надышоў доўгачаканы дзень. Найбольш хвалюючым момантам стаў прагляд класнага “Альбома баявой славы”. Дзеці прынеслі сямейныя фотаздымкі, а на іх – любімыя таты, дзядулі і нават прадзядулі, што служылі ў арміі, абаранялі нашу Айчыну. Трэба было бачыць, з якім гонарам пазіралі малыя, калі бачылі родныя твары на экране! Кранула гэта і дарослых. І не дзіўна, бо міжволі, старонка за старонкаю, былыя абаронцы вярталіся ў сваю маладосць.
Загадзя сярод хлопчыкаў быў абвешчаны конкурс малюнкаў “Род войскаў”. Цяпер надышла чарга падвесці яго вынікі. Найбольш папулярнымі аказаліся танкавыя войскі, за імі – паветрана-дэсантныя, на трэцім радку – пагранічныя. Усе маленькія мастакі за сваю творчасць атрымалі са-лодкія прызы.IMG_9076
Вядома, як будучыя салдаты і камандзіры, хлопчыкі павінны выхоўваць у сабе ўменне сябраваць, трымаць слова, быць смелымі, мужнымі, высакароднымі і добрымі. Прыклад для іх – таты. Пра тое, што ўмеюць бацькі, распавяла відэапрэзентацыя “Супер-таты” з намінацыямі “Ачумелыя ручкі”, “Шэф-повар”, “Душа кампаніі”, “Рыбакі”.
Але ж прыйшоў момант праверыць і хлапчуковыя здольнасці. Дзеля гэтага – конкурсная праграма, што называлася “Салдаты – бравыя рабяты”. У ёй паўдзельнічалі каманды “Снайперы” ды “Знішчальнікі”.
Дзяўчынкі-вядучыя прадставілі журы: Андрэя Алегавіча Бандарчука, Аляксандра Мікалаевіча Клімовіча, Віктара Мікалаевіча Якубовіча.
Першы конкурс “Салдаты на розум багаты” паказаў, што некаторыя пытанні паставілі ўдзельнікаў у тупік і ім ёсць яшчэ над чым працаваць. Затое далей разыгралася сур’ёзная барацьба. Увогуле, азартнае спаборніцтва атрымалася надзвычай напружаным. Сапраўдныя эмоцыі выклікаў конкурс “Асілак”. Па два прадстаўнікі ад кожнай каманды павінны былі як мага даўжэй пратрымаць у выцягнутай руцэ пакеты з сокам. Канечне ж, хлопчыкі трымаліся, наколькі маглі, іх вынослівасці можна было пазайздросціць. Таму й журы прызнала нічыю ў гэтым конкурсе, таксама як і ў спаборніцтве “Трапныя стралкі”. Каб ацаніць перадапошні конкурс членам журы нават давялося выйсці да дошкі, на якой размяшчаліся словы, з якіх трэба было скласці прыказкі на вайсковую тэматыку. За дзве хвіліны каманды расставілі ўсё на свае месцы. “Снайперы” з гэтым заданнем справіліся больш паспяхова. А вось у конкурсе “Страхоўка” больш зладжанымі і спрытнымі аказаліся “Знішчальнікі”.
IMG_9081Пакуль класны хор з салістам Арсеніем Міхалькевічам выконваў песню “Бесказырка”, журы падвяло вынікі. Перамогу святкавала сяброўства! Нездарма капітаны каманд атрымалі не толькі граматы, але й талеркі, а на іх… цукеркі (менавіта з дапамогай такіх “фішак” журы налічвала балы на працягу ўсяго спаборніцтва!)
Таты і дзядулі атрымалі ў падарунак прыгожыя паштоўкі, зробленыя дзіцячымі рукамі. А самы смачны сюрпрыз чакаў на заканчэнне свята – цудоўныя пірожныя, згатаваныя дзяўчынкамі.
Хочацца яшчэ раз павіншаваць хлопчыкаў і мужчын з цудоўным святам, а ўсім падзякаваць за выдатнае мерапрыемства, што стала магчымым дзякуючы агульным клопатам і намаганням.
Таццяна БАНДАРЧУК, г. Жабінка.
На здымках: у час святкавання Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у 3 “Б” класе першай гарадской школы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top