Спытае поле, ці сейбіт гатовы

Спытае поле, ці сейбіт гатовы

На календары апошнія дні адлічвае люты, дбайныя гаспадары правяраюць, ці ўсё гатова да выхаду ў поле.
Не выключэнне – мехдвор ПУАП “Азяты”. Асілак “Джон Дзір” не стаіць, як астатнія “калегі”-трактары, пад павеццю, а размясціўся на асфальтаванай пляцоўцы. На яго тут асноўная надзея пры сяўбе яравых і азімых культур._DSC9606
Руплівец Сяргей Андрасюк восем гадоў шчыраваў на гэтым трактары, бездакорна рыхтаваў глебу і сеяў. Праўда, выйшаў са строю ў жалезным памочніку рухавік. “Сэрца” трактара ўзяліся адрамантаваць кобрынскія спецыялісты, якія абяцаюць, што рухавік будзе працаваць як новенькі. Гэтая паслуга каштавала ПУАП “Азяты” 60 мільёнаў рублёў. Каб поўнасцю правесці рамонт “Джон Дзіра” першай камплектнасці, гаспадарцы давядзецца раскашэліцца мінімум на 200 мільёнаў.
Дапамагаць “Джон Дзіру” на палях вясной гатовыя яшчэ два энерганасычаныя трактары – МТЗ-28-22 і МТЗ-30-22 і амаль дзясятак МТЗ-80.
Як запэўнілі інжынер-механік ПУАП “Азяты” Аляксандр Бармута і загадчык гаража Сяргей Каржук, для правядзення першага комплексу работ тэхніка ў асноўным гатовая, застаецца падрэгуляваць прычапны інвентар. Гэта бяруцца зрабіць самі механізатары, за якімі замацавана тэхніка. Яно і зразумела – і танней абыдзецца, і ёсць упэўненасць, што зробяць сумленна. На дапамогу ім прыходзяць токар Міхаіл Сабалеўскі і газаэлектра-зваршчык Андрэй Карнялюк. Яны спецыялісты высокага класа. А ва ўмовах хранічнага безграшоўя навучыліся хлопцы разбіраць-перабіраць старыя, спісаныя механізмы, з дапамогай якіх намагаюцца “рэаніміраваць” патрэбныя запчасткі. Напрыклад, адзін дыск сашніка каштуе 360 тысяч рублёў, а іх трэба 48 штук! Умелымі рукамі майстроў сапсаваным дыскам надаецца другое жыццё, яны зноў выкарыстоўваюцца, а не ідуць у металалом. Праўда, такі “фокус” не атрымаецца з коламі. Скажам, каб “пераабуць” МАЗ-551605, у якім 10 колаў, трэба сума, эквівалентная здадзеным 100 тонам малака (а штодня ў перапрацоўку накіроўваецца толькі 10 тон).
– Да пачатку палявых работ запланаваны аб’ём рамонтных работ будзе праведзены, – гаворыць дырэктар прадпрыемства Уладзімір Пашкевіч. – Механізатараў адклікалі з адпачынкаў, каб паспелі падрэгуляваць-падцягнуць трактары і глебаапрацоўчы і пасяўны інвентар. Аплата вядзецца за аб’ёмы і тэрміны рамонту.
– Вясна, відаць, будзе ранняя, – расказвае галоўны аграном Сяргей Зінкевіч. – Як толькі пачнецца вегетацыя азімых, прыступім да падкормкі тукамі азімых, пашаў і шматгадовых траў. Дарэчы, у нас азімыя займаюць 1000 гектараў, плюс 200 гектараў – рапс. Хвалюе стан пасеваў: з-за маласнежнай зімы азімыя кепска перанеслі халодны час, асабліва рапс і ячмень. Адназначна, частку перасяваць давядзецца._DSC9612
Немалаважная зарука ўраджаю – назапашванне тукаў. У ПУАП “Азяты” нарыхтавалі ўжо 24 тысячы тон арганікі, а на палі вывезлі 18,5 тысячы, з якіх 6 – яшчэ з восені. Арганіка добра спрыяе росту кукурузы. Дарэчы, пасеюць вясной тут яе на 260 гектарах, каб атрымаць насенне, і яшчэ на 620 гектарах, каб забяспечыць жывёлу зялёнай масай і сіласам. З назапашваннем тукаў намнога складаней, таму што не хапае грошай. Пад поўную патрэбу імі запасціся не ўдасца. Як адно з рашэнняў гэтай праблемы азятчукі бачаць у выліванні на палі жыжкі, якую бяруць на свінакомплексе “Сычова”. Летась, напрыклад, яе ўнеслі амаль 4 тысячы тон, а яна ўтрымлівае азотныя, фосфарныя і калійныя ўгнаенні, так неабходныя раслінам. Дарэчы, для яе зручнай перавозкі ў гаспадарцы нават пераабсталявалі 3 бочкі.
Для ўнясення ж арганікі тут гатовыя два раскідвальнікі (МТТ-9 і ПРТ-10), у працоўным стане таксама і два апырсквальнікі.
Выклікае трывогу нізкая забяспечанасць палівам. Улічваючы “завіслую” з восені запазычанасць перад нафтабазай, без дзяржаўнай дапамогі тут не абысціся.
А вясна, між іншым, вось-вось пакліча сейбітаў у поле.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымках: механізатары Мікалай Ігнацюк і Андрэй Белая-Вежа; Сяргей Андрасюк за падрыхтоўкай тэхнікі ў ПУАП “Азяты”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top