“Прайшоў я два франты і подпіс свой пакінуў на Рэйхстагу”

“Прайшоў я два франты і подпіс свой пакінуў на Рэйхстагу”

23 лютага амаль не зачыняліся дзверы ў доме Аляксандра Юсцінавіча Завяржэнца, нярэдка перарываў цішыню ў доме па вуліцы Карла Маркса тэлефонны званок. Ветэран прымаў шматлікія віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны ад родных, блізкіх, вучняў трэцяй гарадской школы, якія завіталі да яго ў госці.IMG_9145
Трэба было бачыць, з якой цікавасцю слухалі дзесяцікласнікі расповед былога салдата пра вайну і мірнае жыццё. Ён згадваў, як гарэла Драмлёва, дзе 11 верасня 1942 года загінулі ягоныя сваякі, як пасля вызвалення летам сорак чацвёртага апрануў салдацкі шынель.
– Прайшоў я два франты і подпіс свой пакінуў на Рэйхстагу, – працягваў Аляксандр Юсцінавіч. – Усяго васьмі жабінкаўцам, акрамя вайны на Заха-дзе, давялося пазмагацца ў сорак пятым і супраць японцаў на Далёкім Усходзе. Калі вярнуліся дамоў з таго паходу, падтрымлівалі блізкія стасункі, гулялі адзін у аднаго на вяселлях, потым, на жаль, і на пахаванні збіраліся… Цяпер я адзін застаўся з той васьмёркі.
Да 1951 года служыў на самым краёчку амаль бязмежнага Савецкага Саюза – на Курылах і Сахаліне. Як вярнуўся, ажаніўся і вось ужо 65 гадоў жыве ў шчасці са сваёй Галінай Дзмітрыеўнай. Пакуль ішла размова, раптам яе перапыніў тэлефонны званок. Гэта дзеда вырашыў павіншаваць унук Сяргей з Мінска, які сказаў:
– Для нас дзядуля – ва ўсім узор: у сваіх адносінах да жыцця, працы, людзей. Ён сапраўдны мужчына, які годна пражыў жыццё.
І ўсе мы ім надзвычай ганарымся! Ён па-геройску паводзіў сябе на вайне і ў мірным жыцці таксама быў для многіх прыкладам.
Так, жыццёвы шлях Аляксандра Завяржэнца адзначаны не толькі баявымі ўзнагародамі, але й добрай мірнай працай. У 1958-ым як дырэктар хлебапякарні ў Жабінцы быў дэлегатам з’езда спажывецкай кааперацыі ў Мінску. Жабінкаўскі хлеб тады вельмі цаніўся, нездарма прадпрыемства пяць разоў прызнавалася найлепшым у вобласці, мела пераходны чырвоны сцяг у рэспубліцы. Два гады запар жабінкаўскія пекары вучылі майстроў з усёй Брэстчыны, як працаваць, каб хлеб быў найвышэйшага гатунку. Дзеля гэтага на базе Жабінкаўскай пякарні ладзіліся спецыяльныя курсы.
…Сустрэча са школьнікамі атрымалася надзвычай цёплай. Як заўважыла класны кіраўнік 10 “А” Таццяна Сыч:
– Гэты дом для нас амаль што родны, а ягоны гаспадар даўно стаў блізкім чалавекам. Шмат разоў Аляксандр Юсцінавіч паўтарае маладым і на сустрэчах у школе, і ў сваім доме: “Абавязкова вам патрэбны веды, ад іх найбольшая карысць у жыцці, якое пражывіце годна і прыгожа”. На прыкладзе такіх людзей можна вучыцца жыццю, і гэтыя ўрокі для дзяцей не праходзяць бясследна. Нават калі пойдуць дамоў, будуць згадваць гэтую сустрэчу.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: Аляксандр Юсцінавіч Завяржэнец з вучнямі СШ №1 г. Жабінка.  
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top