Як папярэдзіць агрэсію

Як папярэдзіць агрэсію

Апошнім часам неаднаразова з’яўлялася сведкай праяўлення агрэсіі ў дзяцей. Задумвалася: у чым прычыны такіх паводзін, як на гэта рэагаваць бацькам? Што ім рабіць, каб ліквідаваць альбо хаця б знізіць праяўленні агрэсіўных паводзінаў сваіх дзяцей? З гэтымі пытаннямі звярнулася да педагога-псіхолага СШ № 3 г. Жабінка Ірыны Кудзянюк.

IMG_8726– Ірына Уладзіміраўна, мы, дарослыя, да ўсіх дзяцей: ціхоняў і задзіраў, забіякаў і свавольнікаў – умела падбіраем ключыкі. Але ёсць сярод іх тыя, з кім не так проста наладзіць адносіны – гэта агрэсіўныя дзеці. Хачу пачаць размову з пытання: што ж такое агрэсія?
– Агрэсія – паводзіны, якія супярэчаць нормам і правілам існавання людзей у грамадстве, накіраваныя на нанясенне фізічнай ці псіхалагічнай шкоды аб’ектам нападзення. У ролі аб’ектаў могуць выступаць як жывыя істоты, так і прадметы. Агрэсія можа ўзнікнуць як рэакцыя чалавека на стрэс, немагчымасць задаволіць тую ці іншую патрэбу, псіхалагічны або фізічны дыскамфорт. Стан агрэсіі суправаджаецца гневам, варожасцю, нянавісцю і г. д.
– Але агрэсія не ўзнікае нечакана, існуюць яе прычыны, яна кім-небудзь або чым-небудзь выклікаецца?
– Гэта на самой справе так. Агрэсія можа з’явіцца ў выніку зносінаў паміж людзьмі, бывае, і правакацый. Прычым і вербальная (славесная), і невербальная (фізічная) правакацыі могуць у адказ выклікаць фізічныя дзеянні, нападзенні, насілле. На ўзнікненне агрэсіўных паводзінаў дзіцяці аказваюць уплыў некаторыя саматычныя захворванні або захворванні галаўнога мозгу, а таксама розныя сацыяльныя фактары. Існуе непасрэдная сувязь паміж праяўленнямі дзіцячай агрэсіі і метадамі выхавання ў сям’і. Калі дзіця строга караюць за любое праяўленне агрэсіўнасці, то яно вучыцца ўтойваць свой гнеў у прысутнасці бацькоў, але гэта не значыць, што яно не будзе агрэсіўным у любой іншай сітуацыі. Нядбайныя патуральніцкія адносіны дарослых да агрэсіўных успышак дзіцяці таксама прыводзяць да фарміравання ў яго агрэсіўных рыс асобы. Дзеці часта праяўляюць агрэсію і непаслухмянасць для таго, каб прыцягнуць да сябе ўвагу дарослых. Малыя, бацькі якіх вылучаюцца надзвычайнай падатлівасцю, а часам бездапаможнасцю ў выхаваўчым працэсе, не адчуваюць сябе ў бяспецы і таксама становяцца агрэсіўнымі. Няўпэўненасць і ваганні бацькоў пры прыняцці рашэнняў правакуюць дзіця на капрызы і ўспышкі гневу, з дапамогай якіх дачка ці сын могуць уплываць на далейшы ход падзей і пры гэтым дабівацца свайго.
– А якія бываюць віды агрэсіі?
– Розныя вучоныя вылучаюць пэўныя віды агрэсіі. Напрыклад, дабраякасную і злаякасную. Першая з’яўляецца ў момант небяспекі і носіць абарончы характар. Як толькі небяспека знікае, патухае і дадзеная форма агрэсіі. Злаякасная ўяўляе сабой жорсткасць і дэструктыўнасць і бывае спантаннай і звязанай з характарам асобы. Акрамя гэтага, выдзяляюць фізічную агрэсію, пры якой праяўляюцца дзеянні супраць каго-небудзь, славесную – гэта пагрозы, крыкі, лаянка. Ускосная ўяўляе сабой плёткі, злосныя жарты, а таксама раздражненне, якое праяўляецца ў запальчывасці і грубасці.
– Што трэба рабіць бацькам, якія меры прымаць, каб ліквідаваць праяўленні агрэсіі ў сваіх дзяцей?
– Для таго, каб  папярэдзіць непажаданыя праяўленні агрэсіі, неабходна больш увагі ўдзяляць сваім дзецям, імкнуцца да ўсталявання цёплых адносін з імі, а на пэўных этапах развіцця сына або дачкі праяўляць цвёрдасць і рашучасць. Акрамя гэтага, агрэсіўных дзяцей трэба вучыць спосабам выражэння гневу ў прымальнай форме, а таксама прыёмам самарэгуляцыі, уменню валодаць сабой у розных сітуацыях. З імі патрэбна адпрацоўваць навыкі зносінаў у магчымых канфліктных сітуацыях, фарміраваць у агрэсіўных дзяцей такія якасці, як эмпатыя (здольнасць да суперажывання, уменне падзяляць эмоцыі і пачуцці іншых) і давер да людзей.
Для пераадолення дзіцячай агрэсіі бацькі павінны мець у арсенале ўвагу, цярпенне, сумленне, абавязковасць, пяшчоту, давер, пачуццё гумару, такт, спачуванне, патрабавальнасць, адкрытасць, дабрыню, клопат, разуменне, адказнасць.
– Куды можна звярнуцца бацькам па дапамогу?
– За больш падрабязнай інфармацыяй па прафілактыцы і карэкцыі агрэсіўных паводзінаў дзяцей бацькі могуць звярнуцца да педагогаў-псіхолагаў дашкольных і школьных устаноў адукацыі нашага раёна.
– Дзякуй за размову.
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: педагог-псіхолаг СШ № 3 г. Жабінка І.У.Кудзянюк.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top