Іх жыццё напоўнена актыўнасцю

Іх жыццё напоўнена актыўнасцю

Адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы.IMG_петровна
Са справаздачнай інфармацыяй выступіла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі педагогаў Жабінкаўшчыны, якую зрабіла Вера Пятроўна Мандрэнка. Яна ўзначальвала савет ветэранаў больш як 10 гадоў. Выступаючы перад калегамі, адзначыла, што ў нашым раёне 248 ветэранаў-педагогаў. З іх 197 не працуюць, 15 – жывуць адзінока, засталіся толькі два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – Ганна Пракопаўна Давыдоўская і Іван Рыгоравіч Чэрнікаў. Пра апошніх клопат асаблівы: ім дапамагаюць спраўляцца з бытавымі праблемамі вучні і педагогі замацаваных устаноў адукацыі. Штогод у раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі для ветэранаў рыхтуецца канцэртная праграма, дзіцячымі рукамі робяцца сувеніры. Затым для ўсіх прысутных пры падтрымцы райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі арганізоўваецца святочны стол. У цёплай сяброўскай абстаноўцы ветэраны-педагогі дзеляцца сваімі ўражаннямі, успамінамі пра перажытыя дні на той страшнай вайне.
Далей Вера Пятроўна заўважыла: “Заслугоўвае ўвагі работа пярвічных прафсаюзных арганізацый устаноў адукацыі раёна з тымі, чыя працоўная дзейнасць была звязана з развіццём адукацыйнага працэсу. Так, у СШ № 3 г. Жабінка штогод дараць падарункі ветэранам на Дзень настаўніка, Новы год, віншуюць з Днём жанчын і Днём Перамогі. У Жабінкаўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце ў прафсаюзным кутку штомесячна нароўні з працуючымі імяніннікамі вывешваецца спіс ветэранаў, дзе пазначаюць нумар тэлефона, па якім можна іх павіншаваць. Тут ужо закладзена традыцыя – запрашаць ветэранаў у школу на Дзень настаўніка, перад імі выступаюць вучні з канцэртам.
Нягледзячы на тое, што ёсць цяжкасці з транспартам, для ветэранаў-педагогаў раёна арганізуюцца экскурсіі. Людзі шаноўнага веку пабывалі ў Кобрыне, Каменцы, у Свята-Праабражэнскім храме ў Хмелеве, у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі вёскі Малыя Сяхновічы, у Пятровіцкім лясніцтве, іншых цікавых мясцінах. Праводзяцца мерапрыемствы сярод ветэранаў да Дня жанчын, да Дня пажылага чалавека, сустрэчы за кубачкам чаю з саладосцямі. Часта перад імі выступае народны хор “Тонус”, у склад якога ўваходзіць дзесяць ветэранаў-педагогаў. Мы актыўна ўдзельнічаем у рабоце клубаў “Мае гады, маё багацце”, які працуе пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і “Суразмоўнік” пры раённай бібліятэцы, дзе сустракаемся з цікавымі людзьмі.
Ездзілі на экскурсію ў Пружанскі раён і наведалі Гарадзечненскую капліцу “Доблесным продкам, што загінулі ў бітве”, шмат цікавага даведаліся пра падзеі 1812 года, пра генерала-кавалерыста графа Тармасава, гераізм салдат.
Прыемна былі ўражаны ветэраны ўбачаным на аграсядзібе “Лясная гавань”, у Залуззеўскім музеі, страўсінай ферме і інш.”
На канферэнцыі адзначалася, што савет ветэранаў супрацоўнічае з рэдакцыяй раённай газеты “Сельская праўда”. Дзякуючы творчаму супрацоўніцтву ўсе чытачы раёнкі пазнаёміліся з педагагічнымі дынастыямі Грыгарукоў, Клімукоў, з настаўнікамі-ветэранамі Вікторыяй Анатольеўнай Ліс, Яўгеніяй Васільеўнай Сасноўскай, Аляксандрам Фёдаравічам Крыўчэнем, Верай Пятроўнай Мандрэнка. Артыкулы пісалі як уласныя карэспандэнты раёнкі, так і самі ветэраны Раіса Маргевіч і Вера Мандрэнка.
Яшчэ адзін штрых пра добрыя справы настаўнікаў і вучняў у адносінах да ветэранаў.
З 2010 года праводзіцца акцыя “Мы памятаем вас”, згодна з якой школьнікі даглядаюць магілы адзінокіх ветэранаў, чые родзічы знаходзяцца за межамі нашай краіны. Была выказана ўдзячнасць адміністрацыі, прафсаюзам першай і трэцяй гарадскіх адзінаццацігодак за арганізацыю работы ў добраўпарадкаванні магіл удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Веры Васільеўны Гарбацэвіч, Міхаіла Паўлавіча Карнеева і яго жонкі, Зоі Іосіфаўны Масейка і інш.
Цяпер вядзецца работа па стварэнні саветаў ветэранаў у буйных школах для больш эфектыўнай працы. На канферэнцыі таксама падкрэслівалася, што савет ветэранаў раённай арганізацыі сумесна з райкамам галіновага прафсаюза правялі творчую сустрэчу ветэранаў-настаўнікаў і маладых спецыялістаў “Ганаровае імя – Настаўнік!” Такія педагогі, як Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва, Васіль Веньямінавіч Кузьмін, Вера Пятроўна Мандрэнка і Святлана Васільеўна Пятручык дзяліліся вопытам работы з маладымі спецыялістамі.
Дакладчык і выступоўцы пад час канферэнцыі заўважалі, што на базе культурнага абмену вопытам наладжана супрацоўніцтва з Кобрынскім і Драгічынскім раённымі саветамі ветэранаў. Творчыя калектывы з іх ужо неаднойчы прыязджалі ў госці на Жабінкаўшчыну са святочнымі праграмамі.
Педагогі шаноўнага ўзросту выказалі і прэтэнзіі да савета: маўляў, некага забылі павіншаваць з днём нараджэння, пажадана больш арганізоўваць экскурсій у гістарычна вядомыя мясціны. Гэтыя і іншыя праблемы паспрабуе вырашыць новы савет педагогаў-ветэранаў, у які выбралі тых, хто сваёй працай зусім нядаўна клапаціўся пра фізічнае і духоўнае развіццё падрастаючага пакалення, выхоўваў у хлопчыкаў і дзяўчынак пачуцці патрыятызму, дабрыні, паважлівасці, хто не так даўно рыхтаваў школьнікаў да раённых і абласных алімпіяд.
На канферэнцыі быў выбраны савет раённай ветэранскай арганізацыі, які ўзначаліла Тамара Дзмітрыеўна Барысюк.
У рабоце справаздачна-выбарнай канферэнцыі прынялі ўдзел і выступілі старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Мікалаеўна Урбан.
Раіса МАРГЕВІЧ, член савета ветэранаў педагагічнай працы раённай арганізацыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top