Хто глядзіцца ў тыя вокны?

Хто глядзіцца ў тыя вокны?

395022Ноччу, калі сумленныя грамадзяне мірна адпачывалі ў сваіх дамах па вуліцы Міру, што ў аграгарадку Ленінскі, не спаў, аказваецца, зламыснік, які выйшаў, каб заняцца крымінальным “рамяством”. Ягонай здабычай сталі… вокны ў грамадскай лазні. У выніку прадпрыемству жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Жабінкаўская ЖКГ” была нанесена шкода ў памеры звыш трох мільёнаў рублёў. Хто паквапіўся на чужое і глядзіцца цяпер у скрадзеныя вокны, давядзецца высвятляць праваахоўнікам і следчым, якія 11 студзеня ўзбудзілі справу па гэтым факце паводле часткі 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Крадзёж”).

“Папяровы” дворнік смецце прыбіраў

Як высветліла следства, на працягу васьмі месяцаў у 2013 і 2014 гадах толькі на паперы значыўся ў ДУА “Падлескі яслі-сад” дворнік. Былая загадчыца ўстановы з мэтаю незаконнага атрымання зарплаты спраўна складала табелі ўліку выкарыстання працоўнага часу і падліку заробку чалавека, які лічыўся дворнікам, але па сутнасці ім не з’яўляўся. Сабраныя следчым матэрыялы сталі падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы па частцы 1 артыкула 427 КК (“Службовы падлог”).

Што схавана ў гаражы?

Гэта, відаць, вырашыў высветліць невядомы, які ў перыяд з 25 па 26 студзеня збіў навясны замок у гаражы на вуліцы Заводская ў райцэнтры. Злодзей пажывіўся на 16,7 мільёна рублёў – менавіта ў такую суму ацэнены інструменты для рамонту аўтамабіляў, што зніклі ў невядомым накірунку.

“Залётны” эксгібіцыяніст

Для тых, хто не ведае, патлумачым: гэтым словам называюць мужчын, што, груба парушаючы грамадскі парадак, цынічна дэманструюць сваю непавагу да іншых, праяўляюць бессаромнасць, паказваюць прахожым свае аголеныя палавыя органы. Пад гэтае вызначэнне цалкам падпадае 42-гадовы кобрынец Юрый В. 23 студзеня ён прыехаў на сваім аўто ў Жабінку і не знайшоў лепшага для сябе занятку, як агаліцца перад выпадковымі дамамі. Аднак замест авацый яго дзеянні выклікалі ў міжвольных глядачак шок, а за ім – званок у міліцыю. Цяпер мужчыне (да слова – жанатаму, бацьку чатырох дзяцей!) давядзецца падрабязна пазнаёміцца са зместам часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Злоснае хуліганства з выключным цынізмам”).

“Кухар” опій гатаваў

Кожны ведае – кухня месца, дзе гатуюць ежу. А вось жыхар аграгарадка Ленінскі Аляксандр Б. прыстасаваў яе і для таго, каб варыць… атруту. У кватэры гэты штукар незаконна, без мэты збыту згатаваў надзвычай небяспечны наркатычны сродак – экстракцыйны опій аб’ёмам не менш за 13 мілілітраў, масай не менш за 12,68 грамаў. Колькі “важыць” ягоны ўчынак у крымінальным плане, скажа суд.

“Вазьмі мяне…” “У кантакце”

Паводле закона давядзецца адказваць і 35-гадоваму жабінкаўцу – за неабдуманы ўчынак, які здзейсніў амаль пяць гадоў таму. Тады грамадзянін Ц. з дапамогай інтэрнэта распаўсюдзіў на ўласнай старонцы “У кантакце” відэаролік “Вазьмі мяне” – поўная версія кліпа!!!” Гэтая поўная версія, даступная для ўсялякага карыстальніка інтэрнэта, які жадаў зайсці на старонку Ц., папала ў поле зроку праваахоўнікаў. Дзеянні аматара “кіно для дарослых”, у сваю чаргу, патрапілі пад частку 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Рэкламаванне парнаграфічных матэрыялаў праз інтэрнэт”).
Аляксандр ДЗЯГЕЛЬ, начальнік Жабінкаўскага
раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі
 Беларусь; Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top