Цяжкасці загартоўваюць характар

Цяжкасці загартоўваюць характар

IMG_8997Дзяніс Рамейка, дваццацігадовы хлопец з Буснёў, яшчэ добра памятае пажаданні, сказаныя на дарогу прызыўнікам прадстаўнікамі ўлады, ваеннага камісарыята, ГА “БРСМ”, бацькамі. То была ўрачыстасць, на якой ён разам з некалькімі дзясяткамі такіх жа юнакоў атрымаў позву і рыхтаваўся апрануць салдацкую форму, каб выканаць свой воінскі абавязак – служыць Айчыне. Пасля пятнаццаці месяцаў вайсковай службы ў Слонімскай 11-ай асобнай механізаванай брыгадзе юнак з усмешкай зазначае: “Тады я, вядома, хваляваўся, як буду без сваіх родных, якія адносіны складуцца з салдатамі ў казарме, афіцэрамі. Цяпер зразумеў – беспадстаўна, хоць спачатку давялося спазнаць пэўныя цяжкасці армейскага жыцця з яго строгім парадкам і дысцыплінай. Армейскія будні загартавалі мой характар, выхавалі сілу волі, прывучылі выконваць воінскі статут, строга падпарадкоўвацца патрабаванням афіцэраў. Адчуў ужо, што такое армейскае сяброўства”.
Цяпер Дзяніс у адпачынку, які ён праводзіць у роднай вёсцы, у сям’і, часам наведваецца да сябра дзяцінства Дзяніса Вадзько, які вучыцца ў Брэсце, сустракаецца з аднакласнікамі, але найчасцей яго можна бачыць у сям’і з сястрычкамі Сняжанай, Ганнай, братам Ягорам і матуляй. Так і павінна быць. Больш як год не бачыліся! Водпуск у салдата не малы, ажно дваццаць дзён. Дадатковы іх пяток Дзяніс атрымаў за ўдзел у шырокамаштабных вучэннях “Шчыт Саюза-2015”, якія праводзіліся на тэрыторыі Расіі, за ўмелае выкананне пад час іх мерапрыемстваў пры мнімай сустрэчы з ворагам.
Пра армейскія будні наш зямляк падзяліўся з карэспандэнтамі напярэдадні мужчынскага свята. Цікава ж, чым яны адметныя, чаго ўдалося дасягнуць за час службы салдату?
Служыць Дзяніс Рамейка ў пяхоце, ён сяржант аддзялення, дарэчы, самы малады па ўзросце. У яго падначаленні наводчык, механік, кулямётчык, снайпер. Перш чым займець пагоны сяржанта, давялося праявіць сябе ў тэсціраванні па псіхалогіі і матэматыцы, у фізпадрыхтоўцы. Да хлопца прыгледзеліся і накіравалі на чатырохмесячную вучобу ў ваенны падрыхтоўчы цэнтр Печаў. Прызнаўся, што не шкадуе пра такі вайсковы лёс. Знаходзіць агульную мову з салдатамі, што ў ягоным падпарадкаванні, пастаянна ўдасканальвае свае веды.
Дзень вайскоўца пачынаецца ў 6 гадзін раніцы. Праз пяць хвілін салдат чакае фіззарадка. Усе далейшыя заняткі строга распісаны. “Больш за ўсё, – удакладняе юнак, – падабаецца на палігоне, калі пачынаюцца вучэнні па стральбе. На лёгкае практыкаванне выдаецца дванаццаць патронаў, калі пяхота ідзе з баявой машынай, то 35. Мой удзел і выстралы ацэньваюцца адзнакамі “4” ці “5” (апошняя – самая высокая планка)”.
Дарэчы, у брыгадзе, акрамя пехацінцаў, служаць разведчыкі, танкісты, зенітчыкі. Ёсць і жабінкаўцы, не толькі ў адной часці, але нават у роце. Службу разам праходзяць Дзмітрый Клімук і Вячаслаў Глебік, з якімі герой нататкі прызываўся ў войска. Хлопцы пасябравалі, часта гутараць на розныя тэмы. Гэта вельмі добра, таму што колькі б ты ні праслужыў, хочацца ўспомніць пра дом, родных, аднакласнікаў! Наведваць родныя могуць адзін раз у два месяцы, тэлефанаваць дазваляецца толькі ў выхадныя. А добры і чулы сябар часам заменіць тыя званкі і сустрэчы, дапаможа адчуць блізкасць роднага дома.
Што ж самае галоўнае пад час службы? Дзяніс падумаў і сказаў: “У армейскім жыцці няма больш каштоўных якасцяў, чым дысцыплінаванасць, добрасумленнасць, адказнасць, шчырасць. Менавіта яны дапамагаюць пераадолець першыя цяжкасці, выпрабаванні і вызначыць далейшы – паспяховы і ўпэўнены – шлях ва Узброеных Сілах”.
Хоць Дзяніс Рамейка і праслужыў ужо пятнаццаць месяцаў, але прызнаўся, што любое практыкаванне ці заданне вымагаюць пэўных высілкаў, так што складанасці ўзнікаюць пад час усёй службы. Іх ён навучыўся пераадольваць з усмешкай, без злосці на афіцэраў, саслужыўцаў.
Зусім нямнога засталося Дзянісу да дэмбеля. Другога сакавіка ён вяртаецца ў сваю роту, дзе праз два месяцы закончыцца ягоная служба. Як складзецца яго далейшы лёс – ніякіх грандыёзных планаў не намячае. У хлопца ёсць некалькі рабочых прафесій, якія ён атрымаў у Кобрынскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы № 102 будаўнікоў. Ён муляр, газа-электразваршчык. Такія рабочыя спатрэбяцца ў будаўнічай галіне Жабінкаўшчыны.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top