Сыны пойдуць далей…

Сыны пойдуць далей…

І. Каб быць бліжэй да самалётаў

IMG_4632Каго з падлеткаў ясным летнім днём не зачароўвалі светлыя кропкі ў небе, якія хутка-хутка рухаліся, часам пакідаючы бялёсы след? Каму з малых не снілася, што ён за штурвалам беласнежнага лайнера лунае ў бясхмарнай прасторы? Мара стаць пілотам жыла і ў душы Аляксандра Рахно.
Скончыўшы сярэднюю школу № 1 у Жабінцы, юнак праходзіў медыцынскую камісію на права паступлення ў лётнае вучылішча. Аднак ён не мог стаць пілотам: хлопца крыху падвёў зрок, хаця і не закрыў дарогі быць курсантам. Аляксандр паступіў у Рыжскае авіяцыйна-інжынернае вучылішча. Хацелася быць бліжэй да самалётаў.
Вучоба юнаку падабалася. І хіба магло быць інакш, калі вывучаеш пабудову ЯКаў, ТУ, МІГаў, іншых паветраных суднаў?! Аляксандр з сябрам Ігарам Жаркоўскім гатовыя былі гадзінамі корпацца ў механізмах, адчуваючы радасць ад гэтага. Хлопцы марылі і далей быць ра-
зам, а іх раскідалі па розных рэспубліках: Ігар аказаўся ў Літве, а Саша – у Кіргізіі.
Часць, у якой выпала служыць Аляксандру Рахно, займалася лётнай падрыхтоўкай замежных спецыялістаў. Тут павышалі сваё майстэрства пілоты з 38 краін Еўропы, Азіі і Афрыкі. Былі і кубінцы, што прадстаўлялі Амерыканскі кантынент.
Што трэба, каб лайнер узняўся ў неба? Перш-наперш агляд інжынера па авіяцыйным абсталяванні (якраз гэту пасаду займаў Аляксандр Леанідавіч), а затым свае подпісы ў бартавым журнале пакідалі радысты, іншыя адказныя спецыялісты.
Так працягвалася да распаду Савецкага Саюза. Затым лётную часць расфарміравалі і вывезлі з Кіргізіі. Тым, хто хацеў застацца ў расійскай арміі, падшукалі блізкія спецы-яльнасці, а Аляксандр Рахно вярнуўся ў Жабінку, каб прымяняць свае веды, атрыманыя ў інжынерным вучылішчы, у грамадзянскім жыцці.

ІІ. Услед за бацькам

Нястрымна бяжыць час. Вось і выраслі ў сям’і Рахно сыны, і настала пара ім выбіраць жыццёвую дарогу. У 2009 годзе скончыў гарадскі ліцэй у Жабінцы старэйшы Сяргей.
Юнак разумеў, што салдатамі не нараджаюцца – імі становяцца. Для таго, каб верна служыць Айчыне, абараняць яе ад любога ворага. І выбраў сабе Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Як бы працягваючы ісці ўслед за бацькам. Праўда, Сяргею Рахно бліжэй аказаўся факультэт унутраных войск.
Летам 2014 года, скончыўшы акадэмію і атрымаўшы пагоны лейтэнанта, Сяргей Аляксандравіч нясе службу па забеспячэнні грамадскага парадку ў Мінску. Службу сваю любіць і аддаецца ёй цалкам. Нездарма ж маладому афіцэру нядаўна было прысвоена наступнае званне – старшы лейтэнант.
– Я разумею, – расказаў бацька Аляксандр Леанідавіч, – што служба ёсць служба. Таму бачымся рэдка, болей трымаем сувязь па тэлефоне. З Сяргеевых расказаў нам ясна, што служба яму падабаецца… І “растуць” маладыя намнога хутчэй, чым мы калісьці. Калі я пасля 1991 года ішоў у адстаўку ў званні старшага лейтэнанта, дык Сярожа дасягнуў гэтага за паўтара года. А значыць, ён пойдзе намнога далей, чым я, што вельмі радуе нас з маці…

ІІІ. Працяг дынастыі

Летась скончыў школу і меншы сын Ігар Рахно. Даўно ўжо заўважана, што неаспрэчным аўтарытэтам быў і застаўся для яго старэйшы брат. Часам, калі трэба было нешта зрабіць, Ігар пытаўся:
– А Сяргей як? IMG_4626IMG_4630
Даведаўшыся, што старэйшы брат падтрымлівае яго, браўся за справу. І зараз Ігар імкнуўся працягваць дынастыю, якая пачала складвацца ў іх сям’і. Болей таго, ён вырашыў паступаць не толькі ў тую акадэмію, якую скончыў Сяргей, але і на той жа факультэт.
Каб стаць курсантам, хлопцу трэба было не толькі прайсці медыцынскую камісію, паказаць сваю вынослівасць, але й вытрымаць тэсты па гісторыі Беларусі, мове і матэматыцы.
25 жніўня 2015 года Ігар Рахно прыняў воінскую прысягу, і для яго пачаліся заняткі ў Ваеннай акадэміі.
Зусім нядаўна, у канцы студзеня, здаўшы першую сесію, Ігар прыехаў да бацькоў у Жабінку: яму выпала пабыць два тыдні дома, а далей – зноў вучоба.
– Мне падабаецца ў акадэміі, – падзяліўся думкамі малады курсант. – Кожны дзень абавязковая ваенная падрыхтоўка, а таксама заняткі па юрыспрудэнцыі. Вельмі добра, што нас рыхтуюць быць афіцэрамі, спраўна несці воінскую службу. Даспадобы спецыяльнасць – хацеў стаць юрыстам і вучоба ў акадэміі набліжае да гэтай мары. Менавіта таму вельмі старанна рыхтаваўся да першых іспытаў і задаволены іх вынікамі.
Як складзецца жыццё братоў Рахно, загадваць не станем, але на сённяшні дзень яны ўпэўнены, што сваю дарогу выбралі правільна.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымках: Аляксандр Леанідавіч Рахно (справа) з сябрам пад час службы;  ягоныя сыны Сяргей і Ігар прымаюць прысягу на вернасць Радзіме і воінскаму абавязку (з сямейнага альбома Аляксандра Рахно). 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top