“Каб кожная пядзя зямлі давала аддачу…”

“Каб кожная пядзя зямлі давала аддачу…”

“Набыць зямлю, прыдбаць свой кут”, як пісаў калісьці Якуб Колас, мараць многія. Яна – вялікая каштоўнасць. Кожны вясковы жыхар, ды і многія гарадскія не ўяўляюць свайго жыцця без участка, без агарода. Вось і звяртаюцца яны тады ў землеўпарадкавальную службу, спецыялісты якой займаюцца падрыхтоўкай дакументаў аб прадастаўленні, адабранні і пераразмеркаванні зямельных участкаў.IMG_8970

Галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы Жабінкаўскага райвыканкама Сяргей Мікалаевіч Шыла – нараджэнец вёскі Ямнае, што на Століншчыне. У 1979 годзе скончыў Шанталаўскі саўгас-тэхнікум у Смаленскай вобласці, атрымаў спецыяльнасць агранома. Пасля службы ў арміі Сяргей Мікалаевіч не толькі вярнуўся ў Беларусь, але і прыйшоў на працу ў саўгас “Беларусь” (зараз ААТ “Ракітніца”). Шчыраваў у розныя гады аграномам-аграхімікам, брыгадзірам паляводчай брыгады, намеснікам дырэктара па кармах, начальнікам участка.
У 1994 годзе ўладкаваўся землеўпарадкавальнікам у Ракітніцкі сельвыканкам. На гэтым запісы ў працоўнай кніжцы аб займаемых пасадах перасталі мяняцца: Сяргей Мікалаевіч знайшоў працу па душы. Больш за два дзясяткі гадоў займаецца адвядзеннем, абмерамі і кантролем за выкарыстаннем зямельных участкаў, афармленнем і пераафармленнем дакументаў. Не пакінуў без увагі ні аднаго ўчастка зямлі, які не апрацоўваўся па розных прычынах. Напрыклад, летась за невыкарыстанне на тэрыторыі раёна было адабрана 277 зямельных участкаў. Папярэджвае спецыяліст уладальнікаў “лапікаў” зямлі і аб на-вядзенні парадку на іх.
У сувязі з ушчыльненнем абавязкаў спецыялістаў землеўпарадкавальнай службы, якія адбываліся на Жабінкаўшчыне двойчы, на сённяшні дзень у Сяргея Мікалаевіча, па словах яго начальніка Ліліі Сакаловай, самы вялікі фронт работ: Ракітніцкі і Азяцкі сельскія Саветы, а таксама 28 садаводчых таварыстваў. Лілія Мікалаеўна адзначае, што зямельныя ўчасткі ў апошніх карыстаюцца попытам, таму работы ў землеўпарадкавальнікаў хапае. Акрамя таго, Ракітніцкі сельскі Савет адзін з самых запатрабаваных у плане выдзялення зямельных участкаў. Прычына таму – зручнае месцазнаходжанне недалёка ад трасы М1 і ад абласнога цэнтра. Напрыклад, летась у сельсавеце было прададзена з аўкцыёна 11 зямельных участкаў. Зараз пад будаўніцтва і абслугоўванне жылля ў сельскіх населеных пунктах выдзяляецца ад 15 да 25 сотак зямлі (у горадзе – ад 5 да 15). Усяго ж у распараджэнні Ракітніцкага сельсавета амаль 453 гектары зямлі, Азяцкага – больш за 396. Акрамя таго, на тэрыторыі гэтых сельскіх Саветаў размяшчаюцца фермерскія гаспадаркі і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, землі якіх курыруе Сяргей Шыла. Аднак, як вопытны работнік, кваліфікаваны спецыяліст і ўважлівы чалавек ён выдатна спраўляецца з уласнымі абавязкамі, ведае сваю справу і падведамасную тэрыторыю.
Кожны панядзелак Сяргей Мікалаевіч вядзе прыём у Ракітніцы, першы і трэці аўторак месяца – у Азятах, астатнія дні – у Жабінцы. Упэўнілася на свае вочы: наведвальнікаў у галоўнага спецыяліста землеўпарадкавальнай службы шмат. Пры мне берасцейцы Вольга Шалямет з сынам Сяргеем выбіралі з дапамогай падказак Сяргея Мікалаевіча ўчастак у садовым таварыстве “Статыў”. А за дзвярыма чакалі сваёй чаргі яшчэ пяць чалавек.
З надыходам вясны і асабліва летам клопатаў у землеўпарадкавальнікаў прыбаўляецца. Звычайна ў гэтую пару людзі стараюцца вырашаць свае зямельныя пытанні, актывізуецца будаўніцтва, вяртаюцца ў вёску дачнікі. Па абавязку службы Сяргей Мікалаевіч нясе адказнасць за зямлю, за парадак на ёй. Яго мара і задача – каб кожная пядзя зямлі давала аддачу.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: берасцейцы Вольга Шалямет і яе сын Сяргей на прыёме ў галоўнага спецыяліста землеўпарадкавальнай службы Жабінкаўскага Сяргея Шыла.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top