Как живешь, молодой специалист?

Как живешь, молодой специалист?

Сталі ўжо традыцыйнымі сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія, атрымаўшы дыпломы, прыязджаюць сюды ў асноўным на сваё першае рабочае месца.
Сёлета 70 юнакоў і дзяўчат пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў папоўнілі працоўныя калектывы Жабінкаўшчыны. Большасць з іх вярнуліся на радзіму.
Спачатку маладым удзельнікам сустрэчы прапанавалі пазнаёміцца з галоўнымі спартыўным аб’ёктам раёна — ФАУ “Бадзёрасць” і самым буйным тутэйшым прадпрыемствам — ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Цікава, што экскурсію на вытворчасці праводзіла інжынер-тэхнолаг Аліна Дабравольская, таксама малады спецыяліст, але паспеўшая ўжо за год з невялічкім уліцца ў заводскі калектыў. Гэта яе другі сезон, і ёй, напэўна як нікому іншаму, добра вядомыя хваляванні юнакоў і дзяўчат, якія ўважліва сочаць і за працэсам вырабу салодкага прадукта, і за яе расказам. І хваляванні ўпаўне апраўданыя, бо як пройдзе адаптацыя маладога работніка, як складуцца ўзаемаадносіны ў працоўным калектыве залежыць далейшы яго лёс, прафесійнае станаўленне.
Прадоўжылася мерапрыемства ў актавай зале райвыканкама. Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама В.У.Бортнік прапанавала маладым людзям удзельнічаць у размове, выказваць свае пажаданні, падзяліцца першымі ўражаннямі аб месцы працы, задаваць пытанні, што хвалююць. Кіраўнікі і спецыялісты структур і служб райвыканкама, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, што прысутнічалі тут, гатовыя былі іх выслухаць. Старшыня райвыканкама М.В.Токар расказаў пра нашу Жабінкаўшчыну, выказаў спадзяванні, каб з сёлетніх выпускнікоў навучальных устаноў большасць усё ж прыжылася тут і шчыра пажадаў:
— Працуйце сумленна на карысць развіцця нашага рэгіёна, прымнажайце і шануйце зробленае старэйшымі пакаленнямі, а мы пастараемся падтрымліваць вас, ствараць належныя ўмовы працы і адпачынку. Прафесійнага вам росту, поспехаў і ўдачы.
Уважліва слухалі маладыя спецыялісты начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама А.М.Крупко, якая праінфармавала, што ў нашым раёне актыўна вядзецца ўзвядзенне жылля. Сёлета ў горадзе здадзена ў эксплуатацыю тры шматкватэрных дамы, на чарзе — чацвёрты. У наступным годзе будзе пабудавана яшчэ пяць жыллёвых кааператываў. У 2010 годзе ў раёне 30 індывідуальных забудоўшчыкаў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Вельмі важна таксама, што ў нашай дзяржаве існуе шэраг ільгот для маладых і шматдзетных сем’яў выплачваюцца субсідыі, а крэдыты ў Жабінцы, як у горадзе з насельніцтвам меней 20 тыс., выдаюцца пад адзін працэнт на 40 гадоў.
Выконваючы абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” М.В.Лугаўскі заклікаў юнакоў і дзяўчат актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, бо толькі так можа ўсебакова развівацца асоба, і паабяцаў, што ў маладзёжнай арганізацыі ім прапануюць нямала цікавых спраў.
Маладыя спецыялісты на сустрэчы не выйшлі на дыялог прапанаваны ім, але, думаецца, карысную інфармацыю для сябе атрымалі спаўна.
С.МІКАЛАЕВА.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top