Найбольш частае злачынства – крадзеж

Найбольш частае злачынства – крадзеж

9bb22dd18233dc6d509e7fd803e5fa0bУзровень злачыннасці ў разліку на дзесяць тысяч насельніцтва летась быў на тэрыторыі нашага раёна ніжэйшы за сярэднеабласны, а працэнт раскрывальнасці злачынстваў – вышэйшы: 76 супраць 72,9. Аднак і ў нас колькасць зарэгістраваных злачынстваў у параўнанні з 2014 годам узрасла – са 148 да 181. Непажаданы рост адбыўся і ў Жабінцы, і ў сельсаветах, за выключэннем Крыўлянскага і Сцяпанкаўскага. Больш стала цяжкіх і асабліва цяжкіх крымінальных учынкаў, крадзяжоў, згвалтаванняў, хуліганстваў і інш., пры гэтым узрасла колькасць злачынстваў, учыненых людзьмі ў стане алкагольнага ап’янення, асуджанымі раней, групай асобаў і падлеткамі. Зарэгістравана дзесяць дарожна-транспартных здарэнняў, у адным з якіх загінуў чалавек.
Найбольшую долю ад усіх парушэнняў законнасці ў раёне склалі крадзяжы. Было іх летась 84, і кралі злодзеі пераважна маёмасць грамадзян – электраінструменты, веласіпеды ды іншае, а часцей за ўсё – грошы. Спрыялі гэтаму, у прыватнасці, людская няўважлівасць, стан алкагольнага ап’янення. Злодзеі ў большай частцы – раней асуджаныя і наогул тыя, хто вядзе антыграмадскі лад жыцця, чыя мэта – прадаць крадзенае і купіць спіртнога. Кантроль за імі, на жаль, недастатковы. Не ў поўнай ступені выкарыстоўваюцца і такія сродкі прафілактыкі крадзяжоў ды іншых злачынстваў, як абсталяванне кватэр ахоўнай сігналізацыяй, устаноўка камер назірання ў грамадскіх месцах і на прадпрыемствах, належнае захоўванне таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і пільная ахова іх (з-за няўвагі да аховы аб’ектаў, дарэчы, летась быў тройчы нанесены ўрон рыбгасу “Сакалова”).
Выклікаюць занепакоенасць злачынствы і правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін. Праверка, праведзеная раённай пракуратурай, засведчыла, што аддзел унутраных спраў райвыканкама мала ўвагі надае прафілактычнаму ўліку грамадзян, не заўсёды прымяняе абаронныя прадпісанні да асобаў, што ўчынілі насілле ў сям’і. Прафілактыка сямейна-бытавых правапарушэнняў, п’янства і алкагалізму слаба вя-
дзецца таксама сельвыканкамамі, некаторымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, установамі адукацыі і аховы здароўя. Так, сямейны канфлікт у Арэпічах, які скончыўся цяжкай нажавой ранаю аднаго з удзельнікаў, не быў разгледжаны ні Сцяпанкаўскім сельвыканкамам, ні Саветам грамадскага пункта.
Нямала парушэнняў праверкі пракуратуры выявілі ў выкананні прадпрыемствамі і арганізацыямі заканадаўства аб працы і яе ахове, аб умацаванні бяспекі і дысцыпліны. У прыватнасці – нясвоечасовую выплату заробкаў пры звальненні работнікаў, а таксама пры выхадзе ў чарговы працоўны адпачынак. За гэта да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты кіраўнікі СВК “Шпіталі” і “Маціевічы”, ААТ “Ракітніца” і “Жабінкаўская сельгастэхніка”.
Насуперак патрабаванням Дырэктывы № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”, кіраўнікі не ў поўным аб’ёме прымаюць захады для пакрыцця прычыненага таму ці іншаму прадпрыемству ўрону: страты не спаганяюцца з віноўных работнікаў, нясвоечасова ставіцца пытанне пра вяртанне дэбіторскай запазычанасці і т. п. У інтарэсах працоўных калектываў нашай пракуратурай у 2015 годзе было накіравана ў раённы суд дзевяць іскаў на агульную суму 256 млн. руб.
Нарэшце – пра звароты грамадзян і юрыдычных асобаў. Да нас летась паступіў 61 пісьмовы зварот, пераважная большасць – 55 – ад грамадзян, 35 з іх вырашаны непасрэдна работнікамі пракуратуры, 20 накіраваны па падведамаснасці. За парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў патрабаваннем пракурора чатыры адказныя работнікі прадпрыемстваў і арганізацый былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, аднаму работніку было аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top