Цеплыню рук бутонам падарыла

Цеплыню рук бутонам падарыла

1Я в лепестки вплела мечты,
в бутоны рук тепло вложила,
Сплела из бисера цветы,
 завянуть им не разрешила.
Увы, в них аромата нет,
 их корни не польёт водица.
Цветов искусственных букет
 хранит души моей частицу.

Усяго год займаецца бісерапляценнем жыхарка Жабінкі Ірына Кухарчук. За гэты кароткі час яна стала сапраўдным майстрам, пра што сведчаць яе шматлікія работы.
Ірына Іванаўна – кветкавод. З 2008 года рупіцца ў Брэсцкай дыстанцыі ахоўных лесанасаджэнняў. Работа ў цяпліцах складаная, карпатлівая, але прыносіць жанчыне радасць і задавальненне, бо працуе яна ў атачэнні такога рознакаляровага хараства. Менавіта тут пачынаецца жыццё кветак, яны растуць, мацнеюць, а потым упрыгожваюць клумбы і вуліцы гарадоў Брэстчыны. Любая арганізацыя вобласці можа прыехаць сюды па бягоніі, петуніі, герані, калы, гіяцынты, манстэры, фікусы, розныя пальмы і многія-многія іншыя.
На рабоце Ірына Кухарчук з кветкамі, дома таксама. Толькі не вырошчвае іх, а стварае штучныя букеты. Спачатку спрабавала з паперы, а цяпер з бісеру. Як прызналася сама Ірына: “Неяк убачыла ў інтэрнэце вырабы майстроў: жар-птушку, цуда-дрэвы (інакш і назваць не магу), кветкавыя кампазіцыі – вачэй не адарваць – і ўсё з бісеру. Вырашыла тады: паспрабую, няўжо не атрымаецца?!”
Пачала знаёміцца ў сеціве са схемамі, прыёмамі і спосабамі бісерапляцення. Глядзела відэаўрокі, “прысутнічала” на віртуальных майстар-класах. Тут пазнаёмілася і з аднадумцамі, якія з ахвотаю дзяліліся творчымі сакрэтамі, дэманстравалі свае работы. З вялікім здзіўленнем Ірына даведалася, што сярод майстроў гэтай справы ёсць і мужчыны, якія ствараюць маштабныя работы – дрэвы, вадаспады.
Нарэшце пайшла выбіраць бісер, бо мела задумку: зрабіць каралеву кветак – ружу. І з колерам вызначылася – абавязкова чырвоную. Работа так захапіла, што ў выніку атрымаўся букет з трох прыгажунь.
Аформіла Ірына сваю першую кампазіцыю і ўзрадавалася: “Змагла! Атрымалася!” Пачатак быў пакладзены. У хуткім часе з’явіліся ружы белыя, ружовыя, барвовыя, потым фіялкі, лілеі, архідэі. Жанчына стала ўдасканальваць сваё майстэрства: выкарыстоўваць у работах больш колераў, умела спалучаць іх, пры гэтым кампазіцыі станавіліся больш яркімі, выразнымі. Глядзіш на яе работы, і здаецца, што кветкі жывыя. Вось зараз ад лёгкага ветрыку зварухнецца пялёстак лілеі, а на бутон ружы сядзе і адпачне матылёк.
Свае кветкі Ірына “садзіць” у прыгожыя пластмасавыя або гліняныя гаршчэчкі. Сцябліны замацоўвае гіпсам, каб надзейна ўсё трымалася. У афармленні экспазіцый выкарыстоўвае прыродныя матэрыялы, напрыклад ракавінкі.
“І як толькі часу хапае на ўсё гэтае майстэрства?” – пытаюся ў гераіні. “Калі справа па душы, заўсёды знойдзецца час, – кажа Ірына. – З работы прыязджаю вечарам, пакуль усе справы хатнія параблю, позна ўжо. Але саджуся ў крэсла, бяру ў рукі дроцік, бісер і пачынаю нанізваць яго – стома адступае, на душы спакой і радасць. Да глыбокай ночы не раз заседжвалася за любімым заняткам”.
Хатнія падтрымліваюць Ірыніна захапленне. Муж Аляксандр і дачушка Таццяна калі-нікалі купляюць ёй бісер, ведаюць, што перавагу аддае яркім, насычаным колерам. Здзіўляюцца і адначасова вучацца ў яе працавітасці, настойлівасці і цярпенню, ганарацца яе ўмелымі рукамі.
У планах Ірыны Кухарчук – разнастаіць свае вырабы, перайсці да стварэння дрэў, больш буйных работ. Не сумняваюся, што творчыя кампазіцыі маёй гераіні змогуць упрыгожыць любыя выставы, што ладзяцца пад час святаў у нашым горадзе. Тады жыхары Жабінкаўшчыны ўвачавідкі пазнаёмяцца з яе работамі і адкрыюць для сябе творчасць яшчэ адной таленавітай зямлячкі.
Зараз Ірына Іванаўна рыхтуе падарунак на дзень нараджэння сваёй любімай матулі, якая хутка адзначыць 70-гадовы юбілей. Што гэта будзе? Пакуль сакрэт. Упэўнена, сюрпрыз здзівіць нас незвычайным хараством, а юбілярка адчуе ўсю тую любоў і цеплыню, з якімі ён быў створаны дачкою для самага блізкага і роднага чалавека на зямлі.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: Ірына Кухарчук у атачэнні сваіх кветкавых кампазіцый.
Фота аўтара. 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top