Яго прызванне – любіць музыку

Яго прызванне – любіць музыку

Культура – святло душы і шчодрасць сэрца. Таленавіты музыкант нашага горада Іван Ісакавіч Пішчук адносіцца менавіта да людзей культуры.
Калі задумваешся над пытаннем, адкуль бярэцца талент, то ў першую чаргу вяртаешся да каранёў. Крыніца яго часцей тоіцца ў нашых бацьках, а потым як кветка раскрываецца ў дзецях.IMG_8865
Лёс Івана Ісакавіча здаецца быў прадказаны Богам. Нарадзіўся ён у сям’і земляробаў у Дывінскім раёне. Дзявяты дзясятак ідзе яму ад нараджэння. Бацькі і іх шасцёра дзяцей у саракавыя гады ХХ стагоддзя жылі на хутары. З самага нараджэння хлопчык рос пад чароўныя гукі музыкі. Справа ў тым, што дзед яго граў на скрыпцы, старэйшы брат таксама авалодаў гэтым інструментам. Ён нават сам зрабіў скрыпку і пазней вучыў іграць на ёй пяцігадовага Івана. А яшчэ хлопчык паспяхова вучыўся ў пачатковай школе, дзе прадметы выкладаліся на польскай мове.
Калі пачалася вайна, немцы прымусілі бацькоў з’ехаць з хутара. Хату перавезлі ў вёску Клецішча Кобрынскага раёна. Старэйшы брат пайшоў на фронт і не вярнуўся – загінуў у адным з баёў. Ягоная скрыпка засталася ў сям’і, на ёй пачаў іграць Іван.
Пасля вайны скончыў вячэрнюю школу ў Дывіне і праз некаторы час быў прызваны ў армію, службу, якая доўжылася тры гады, праходзіў ва Украіне. Калі вяртаўся з войска, то купіў у Кіеве баян і пачаў самастойна вучыцца граць на ім.
Праз два гады ўладкаваўся мастацкім кіраўніком у Дывінскі Дом культуры, акампанаваў хору. Жыў на кватэры. Тут жа ён сустрэў сваю будучую жонку Надзею Сяргееўну, якая скончыла курсы кіраўнікоў танцавальных гурткоў пры Мінскім оперным тэатры і навучала харэаграфіі вясковых дзетак, а таксама адначасова працавала ў бібліятэцы.
У 30-гадовым узросце Іван Ісакавіч прапанаваў руку і сэрца дзяўчыне. Яны пажаніліся. Акрамя хору, музыкант кіраваў і духавым аркестрам, сам іграў на кларнеце і трубе. Такім чынам была створана акампануючая група для хору і вакалістаў.
Аднойчы дырэктар адной са школ горада Пётр Міхайлавіч Грыцук прапанаваў Івану працаваць у Жабінцы, і ён пагадзіўся. Сям’я атрымала жыллё ў інтэрнаце, а Іван Ісакавіч пачаў працаваць у заводскай самадзейнасці і ў дзіцячым садзе. Потым ён атрымаў кватэру і перайшоў у музычную школу, дзе выкладаў тэхніку ігры на баяне.
А яшчэ ён кіруе хорам “Скарбніца”, а затым яму акампануе. Ніводзін канцэрт у Жабінцы не абыходзіцца без цудоўнага музыканта, добрага і чулага чалавека.
Яго сын Ігар таксама звязаны з мастацтвам, толькі ў другім напрамку. Праўда, у дзяцінстве ён навучыўся граць на фартэпіяна, але больш любіў маляваць. Паспяхова скончыў архітэктурны інстытут у Мінску, як архітэктар рэалізоўваўся ў Віцебску, зараз – у Сочы.
Нягледзячы на адыход у іншы свет любімага чалавека – жонкі – Іван Ісакавіч не замыкаецца ў сабе і не пакідае займацца творчасцю. Зараз ён акампаніятар ветэранскага хору “Тонус”. Разам з такой жа таленавітай Людмілай Васільеўнай Дошчык дабіліся для калектыву звання “народнага”. Пра гэтых людзей гавораць з падзякай і любоўю, таму што сваю працу яны робяць з добрым настроем, таленавіта і з загадкавай усмешкай.
У вольны ад музыкі час Іван Ісакавіч любіць працаваць на дачы, дзе ў яго ёсць домік, збіраць грыбы і рабіць смачныя нарыхтоўкі на зіму. Быць пры справе, нягледзячы на шаноўны ўзрост – 83 гады, – Івану Ісакавічу дапамагае менавіта любоў да музыкі, няўрымслівасць ягонага характару.
Вера МАНДРЭНКА, няштатны карэспандэнт.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*