На вялікія царкоўныя святы кожны можа ўзняцца на званіцу Азяцкай Свята-Мікалаеўскай царквы і ўдарыць у званы. За доўгую гісторыю храма па масіўнай дубовай лесвіцы ўзыходзілі сотні людзей. З дазволу сённяшняга настаяцеля айца Вадзіма напярэдадні Раства і мне пашчасціла патрапіць на званіцу. Не дзеля пустой цікавасці, але каб расказаць пра лёс чалавека, што пакінуў надпіс: “Тут я стаяў і разважаў…”
Дзяцінства на званіцы
ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ заўсёды паяднаныя. Часам гэтыя перапляценні можна адшукаць у самых незвычайных месцах.
Свята-Мікалаеўскі храм у Азятах – на вуліцы Крачкоўскага. Вуліца названа ў гонар этнографа, фалькларыста, гісторыка, педагога, старшыні Віленскай археаграфічнай камісіі Юліяна Фаміча Крачкоўскага.
Крачкоўскія перасяліліся з-пад Беластока на хутар Мельнікі (што паміж Азятамі і Старым Сялом) у 30-ыя гады ХІХ стагоддзя – па волі графа Луі Армана дэ Паліньяка, уласніка маёнтка Азяты Каралеўскія. Аднойчы француз, якога лёс занёс у палескую глыбінку, пачуў, як спявае Фама Крачкоўскі. Уражаны і ўсхваляваны прыгажосцю яго голасу Паліньяк запрасіў юнака ў Азяты і зрабіў псаломшчыкам у царкве.
25 ліпеня 1840 года ў сям’і Фамы з’явіўся на свет сын Юліян. Пазней, будучы ўжо вядомым вучоным, сваю аўтабіяграфію ён пачынаў словамі: “Дзяцінства маё прайшло на званіцы”.
З Азятаў – з “любоўю”?
ПРАЗ СТО ГАДОЎ, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, з царкоўнай званіцы чуліся галасы не толькі званоў. Акупанты ўсталявалі на ёй кулямёт, які сваёй чорнай руляй грозна “азіраў” наваколлі. Пры кулямёце была выстаўлена варта. Вартавыя бавілі час, пакідаючы надпісы на сценах. Гэтыя “пасланні нашчадкам” захаваліся да нашых дзён.
Сярод іх адразу кідаецца ў вочы манаграма: “Н.Н. 1943”. Гэтыя дзве літары і чатыры лічбы заключаны ў абрыс сэрца… Не інакш як: з Азятаў – з любоўю!
Год і ініцыялы раскрываюцца ніжэй: “Soldat Heinz Haase 18.8.1943 F.P. № 35193”, што перакладаецца: “Салдат Хайнц Хаазе 18.8.1943 П/п № 35193”.
Непадалёку можна адшукаць і іншыя аўтографы з таго ж сорак трэцяга года, пакінутыя радавымі “Вялікага Рэйха” Куртам Грабеніцам, Брунам Шыласкі, Эмілем Лайсам. Аднак найбольш цікавы надпіс – ад шарагоўца Штанге.
“…істотных зменаў не адбылося”
ШТО БАЧЫЎ 17-гадовы юнак, салдат 68-га рэзервовага грэнадзёрскага палка Карл-Хайнц Штанге са званіцы?
Тое, што нельга было не заўважыць, – жахі вайны. Сярод іх – спалены паліцэйскі ўчастак.
…Гэта адбылося за некалькі месяцаў да таго, як гер Штанге трапіў у Азяты.
23 мая 1943 года на бок партызан-чарнакоўцаў перайшлі 36 асецінаў пад кіраўніцтвам былога лейтэнанта Чырвонай Арміі Рамазана Козырава з так званага “каўказскага легіёна”, у які набіраліся чырвонаармейцы, што трапілі ў нямецкі палон і прайшлі падрыхтоўку ў спецшколе пад Беластокам, дзе ствараліся падраздзяленні для нясення аховы тылавых ваенных аб’ектаў.
Як згадваў пазней колішні партызан Іван Селівонік, камандаванне атрада імя Чарнака рыхтавала разгром Азяцкага паліцэйскага пастарунка, які мясцовыя называлі “гарнізонам”. Прыход каўказцаў, апранутых у форму афіцэраў і салдат вермахта, паскорыў аперацыю. Кіраваў ёю партызан Рамкоўскі, які добра валодаў нямецкай мовай.
“Паколькі ў першым баі даверыцца перабежчыкам было рызыкоўна, – працягвае свой расказ Іван Селівонік, – у склад групы ўключылі камандзіра ўзвода Маміта Смагулава і чатырох партызан, узброеных аўтаматамі”. Кіраўнік пераапрануўся ў форму нямецкага афіцэра, аднак большасць групы ўсё ж складалі асеціны, якіх узначальвалі Ісмачулаў і Козыраў. Аперацыю назначылі на аўторак, 25 мая.
У той дзень у эфір паляцела чарговае паведамленне Саўінфармбюро: “На працягу 25 мая на фронце істотных зменаў не адбылося”. Фронт нібыта “застыў” у чаканні актыўных баявых дзеянняў, а вось “партызанка” не спынялася.
У 7 гадзін раніцы ў Азяты ўвайшла паходная калона “немцаў”. Пераапранутыя партызаны строем накіраваліся да ўчастка. Паліцаі павіталі “гаспадароў”. Асеціны размаўлялі на сваёй мове. Гэта яшчэ больш упэўніла паліцэйскіх, якія не ведалі нямецкай, – прыйшло “падмацаванне”. Народныя мсціўцы занялі зручныя пазіцыі, акружылі паліцаяў так, каб тыя не маглі падысці да зброі. Рэзка прагучала каманда на асецінскай мове…
Як згадваў у сваёй справаздачы Сумбат Арзуманян, камандзір брыгады імя Сталіна, у склад якой уваходзіў атрад чарнакоўцаў: “У выніку бою забіты 11 паліцэйскіх, стараста і 9 здраднікаў. Узяты трафеі: 11 вінтовак, 1 тысяча патронаў, 20 гранат, абмундзіраванне”.
Нячысціка не згадвай у царкве
ШТО НЕ МОГ бачыць радавы Штанге?
У той самы дзень, калі рука юнака пакідала надпіс на сцяне, савецкія войскі фарсіравалі Днепр. Пачалася адна з трох мацнейшых бітваў 1943 года. Калі ў Сталінградскай аперацыі фашысцкім войскам было нанесена цяжкае паражэнне, пад Курскам яны пазбавіліся ілюзій пераламіць вынік вайны на сваю карысць, дык бітва на Дняпры засведчыла: вермахт ужо не ў стане спыніць наступленне Чырвонай Арміі. Вайна канчаткова і беспаваротна пакацілася на Захад, каб расквеціцца ў пераможным сорак пятым чырвонымі сцягамі над Рэйхстагам…
Але ў той дзень, 22 верасня 1943 года, яшчэ нават маршалы не ведалі, што лёс вайны вырашаецца за 1000 кіламетраў ад Азятаў, а хлопчык на званіцы нейкім сваім шостым пачуццём зразумеў: справа – швах і не за гарамі “Гітлер капут”. Таму й напісаў:
Тут я стаяў і разважаў,
як чорт занёс мяне ў Азяты.
Што сталася з аўтарам гэтага белага верша, напісанага ў чорныя дні ліхалецця?
Пакуль дакладна невядома.
Можа, “зольдат Штанге” вярнуўся ў Фатэрлянд і дажыў да старасці сярод дзяцей і ўнукаў, якім расказваў пра вайну-бяду і Азяты.
Можа, праз некалькі месяцаў склаў галаву ў Старым Сяле. Апошняе меркаванне мае права на існаванне. Бо некалькі гадоў таму, калі пракладвалі газаправод, паблізу помніка партызану Міхаілу Чарнаку натыкнуліся на пахаванне нямецкіх салдат. Адзін з іх, як згадваюць старажылы, быў зусім маладзенькі…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: званіца Свята-Мікалаеўскай царквы ў Азятах.
Фота аўтара.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.