Светлая памяць пераходзіць з пакалення ў пакаленне

Светлая памяць пераходзіць з пакалення ў пакаленне

IMG_8941Штогод на Жабінкаўшчыне адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія выконвалі воінскі абавязак далёка за межамі Радзімы. Гэта была неаб’яўленая, але кровапралітная вайна, якая доўжылася звыш дзевяці гадоў у гарах Афганістана.
Дзень 15 лютага стаў памятнай датай, а гісторыя яго звязана з вывадам у 1989 годзе савецкіх войскаў з той далёкай краіны, дзе многія сотні беларускіх сыноў склалі галовы, дадому яны вярталіся ў цынкавых трунах. Памяць пра іх навекі захавалася болем у сэрцах бацькоў, жонак, дзяцей і сяброў.
Свой інтэрнацыянальны абавязак выконвалі і нараджэнцы зямлі жабінкаўскай, чацвёра з якіх дамоў жывымі так і не вярнуліся. Гэта Васіль Дудар, Валерый Мігель, Мікалай Мароз і Сяргей Грудніцкі. Як прагучала з вуснаў старшыні Жабінкаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандра Яўстратава на сёлетнім Дні памяці, за прайшоўшыя гады пасля вываду войскаў ужо чатырнаццаць воінаў-інтэрнацыяналістаў адышлі ў іншы свет.IMG_8954
Традыцыйна мітынг адбыўся ля помніка загінулым воінам-афганцам у Жабінцы. Першым слова ўзяў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі.
Дзмітрый Мікалаевіч сказаў, што для сучаснікаў вайна ў Афганістане – гісторыя, якую павінен ведаць кожны, памятаць пра яе заўсёды, што Беларусь засвоіла жудасны ўрок і таму кіраўніцтвам краіны ўсё робіцца дзеля таго, каб умацаваць мір. Ён, у прыват-насці, заўважыў: “Сёння мы ўспамінаем тых, хто мужна і гераічна выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак. Адначасова смуткуем і раздзяляем боль страты з тымі, хто не дачакаўся з вайны здаровымі сваіх сыноў, мужоў, родных і блізкіх. Мы гаворым словы ўдзячнасці тым, хто вярнуўся да мірнага жыцця і рупліва працуе дзеля дабрабыту людзей і росквіту краіны ў цэлым. Кіраўніцтва раёна ўдзячна вам, воіны-інтэрнацыяналісты, за тое, што актыўна ўдзельнічаеце ў грамадскім жыцці раёна, у патрыятычным выхаванні моладзі, у прапагандзе міралюбівых ідэй нашай дзяржавы. Міру і згоды ў грамадстве, няхай не паўтараюцца войны, падобныя Афганскай; цярпення і вытрымкі ўсім нам. Гэтыя дзве рысы характару дапамогуць нам пераадолець на жыццёвым шляху любыя праблемы”.
Па-рознаму ацэньваюцца падзеі тых далёкіх афганскіх гадоў. Неаднолькава глядзяць на іх тыя, хто аддаваў загады, і тыя, хто іх выконваў. Але для ўсіх, хто прайшоў дарогамі Афгана, яны ўкладваюцца ў адно кароткае, але страшнае слова – вайна. Вось яны, удзельнікі суровай і страшнай барацьбы. Шэрагі іх з гадамі робяцца больш рэдкімі.
Да мікрафона падыходзіць удзельнік баёў Аляксандр Яўстратаў, старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. “Сёння мы аддаём даніну памяці тым, хто не вярнуўся з той далёкай вайны, – з болем зазначыў Аляксандр Вячаслававіч. – Ім, маладым хлопцам, не давялося спазнаць сапраўднага жыцця, шчасця. Пакуль у нашых сэрцах жыве памяць – жыве і сам чалавек. Шмат гадоў прайшло з таго часу, але сцерці падзеі, што там ад-бываліся, не змогуць ні гады, ні адлегласці”.
IMG_8946Са словамі ўдзячнасці да воінаў-інтэрна-цыяналістаў звярнуўся дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, святар айцец Сергій. Ён адзначыў, што менавіта ў адно з вялікіх гадавых святаў – Грамніцы – мы сустракаемся ўсе разам, каб пакланіцца героям Афганскай вайны, ушанаваць памяць загінулых на ёй. Айцец Сергій зазначыў: “15 лютага наша зямля сустрэла сваіх дзяцей, якія не з экранаў тэлевізараў і кніг ведаюць пра вайну, а на свае вочы бачылі смерць, пакуты. І сёння вы павінны расказаць пра гэта дзецям, дарослым, тым, хто цяпер ва ўладзе, каб ніколі больш не паўтарылася недарэчная страта чалавечых жыццяў. Вельмі хочацца, каб у наступным годзе афганцы ў гэты дзень прыйшлі ў храм і памянулі ў заўпакойных малітвах сваіх загінулых сяброў, якіх няма побач, але ёсць іх душы”.
Хвілінай маўчання, ускладаннем вянкоў і кветак да помніка воінам-афганцам ушанавалі ўдзельнікі мітынгу памяць пра загінулых. Няхай кожны з нас жыве толькі ў імя жыцця, любіць свет, блізкіх, сяброў, а подзвігі здзяйсняе толькі ў мірнай працы.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top