Больш строга да карупцыянераў

Больш строга да карупцыянераў

635833676357181626-ThinkstockPhotos-78432685Новы Закон “Аб барацьбе з карупцыяй” уступіў у сілу 24 студзеня г. г. Ён накіраваны на ўдасканаленне антыкарупцыйнага заканадаўства і з’яўляецца дакументам, які вызначае механізмы папярэ-джання карупцыі, у тым ліку абмежаванні, што распаўсюджваюцца на кіруючыя і прыроўненыя да іх асобы; рэгулюе парадак дэкларыравання іхніх даходаў і маёмасці; замацоўвае сістэмныя меры супрацьдзеяння гэтай грамадскай з’яве.
Упершыню прапісаны такія нормы, як спрашчэнне адміністрацыйных працэдур і скарачэнне іх колькасці. Забараняецца назначаць на кіруючыя пасады асобаў, звольненых па дыскрэдытаваных асновах (да 5 гадоў пасля звальнення), а таксама прымаць на дзяржаўную службу тых, хто раней здзейсніў цяжкое ці асабліва цяжкое злачынства супраць інтарэсаў службы ці звязанае з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў. Прадугледжана пазбаўленне дзяржаўных кіруючых работнікаў, якія здзейснілі пад час службы згаданыя злачынствы, права на пенсію за выслугу гадоў, што прадугледжана Законам “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”.
Удасканальваецца таксама парадак дэкларыравання даходаў і маёмасці дзяржаўных кіруючых асобаў, якія займаюць адказнае становішча. Змены датычацца абмежаванняў у сумеснай службе блізкіх родзічаў. Забараняецца праходзіць яе сумесна ў Следчым камітэце, дзярж-апараце, дзяржаўным камітэце судовых экспертыз ваеннаслужачым, асобам радавога і кіруючага саставу органаў унутраных спраў, у органах і падраздзяленнях надзвычайных сітуацый, органах фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, калі яны з’яўляюцца мужам і жонкай, блізкімі родзічамі ці сваякамі, калі іх служба звязана з непасрэднай падпарадкаванасцю ці падкантрольнасцю аднаго з іх другому.
Артыкулам 22 Закона забаронена на працягу 5 гадоў назначаць на пасады, якія ўключаны ў кадравыя рэестры кіраўніка дзяржавы, Саўміна, аблвыканкама і Мінгарвыканкама, райвыканкама, гарвыканкама (гарадоў абласнога падпарадкавання), мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, асобаў, якія звольнены па дыскрэдытаваных абставінах. Такія асобы абмяжоўваюцца таксама ў магчымасці ўладкавацца на працу на кіруючыя пасады ў любыя іншыя арганізацыі як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці. Незахаванне забароны аб прыёме на працу дыскрэдытаваных асобаў з’яўляецца грубым парушэннем працоўных абавязкаў і адпаведна можа выклікаць дысцыплінарную адказнасць ажно да звальнення.
Вельмі вялікі блок у новым законе прысвечаны дэкларыраванню даходаў і маёмасці. У ім выпадкі і парадак прадстаўлення дэкларацый аб даходах і маёмасці падрабязна рэгламентуюцца раздзелам 4, у які ўваходзяць 11 артыкулаў. Цяпер дэкларацыю аб даходах і маёмасці трэба падаваць не толькі пры паступленні на службу (назначэнні на пасаду), але і ў наступным штогод. Дэкларыруюцца не толькі ўласныя даходы і маёмасць, але й жонкі (мужа), непаўнагадовых дзяцей, у тым ліку ўсыноўленых, а таксама паўнагадовых блізкіх родзічаў, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку… Калі дзяржслужачы падаў няпоўную, непраўдзівую дэкларацыю за сябе ці за непаўнагадовае дзіця, то гэта з’яўляецца асновай для адмаўлення ў прыёме на працу (ці звальненні), а таксама прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Яна будзе выключана толькі ў тым выпадку, калі сам ён заявіць пра такую недакладнасць (да выяўлення яе кантралюючым органам), а таксама, калі памер непраўдзівасці не будзе перавышаць 10 працэнтаў ад правільнага. Своеасаблівая адказнасць будзе наступаць нават у тым выпадку, калі ўсе звесткі ў дэкларацыях правільныя, але памер расходаў на набыццё маёмасці (работ, паслуг) будзе на 25 % і больш перавышаць памер законна атрыманых даходаў.
І яшчэ адно цікавае новаўвядзенне. Артыкулам 39 Закона ўстаноўлена, што фізічнай асобе, якая садзейнічала ў выяўленні карупцыі, выплачваецца ўзнагароджанне, якое не адлюстроўваецца ў дэкларацыі пра даходы і маёмасць. Выпадкі і парадак выплаты такіх узнагароджанняў павінен вызначыць Савет Міністраў.
Калі вам вядомы факты парушэння заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, паведамляйце ў праваахоўныя органы, а таксама ў пракуратуру раёна па тэлефоне 25-2-40 у рабочы час з 9.00 да 18.00.
Алена СІДАРУК, намеснік пракурора
раёна малодшы саветнік юстыцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top