Працаваць з маленькімі дзеткамі няпроста. Як толькі ўбачыш захопленыя вачаняты і непадробную цікавасць да падзеі – разумееш, што ты на правільным шляху. Студыя развіцця “Час перамен”, якая паспяхова функцыянуе ў клубе цукровага завода, – гэта магчымасць стварыць дзецям яркае, незабыўнае дзяцінства.
Зусім нядаўна самыя маленькія выхаванцы студыі пабывалі ў казцы, якую стварылі самі. Тэатральна-творчая майстэрня “Чароўны свет казкі” пад кіраўніцтвам аўтара гэтай замалёўкі дэбютавала з першым лялечным спектаклем “Казка пра дурное мышанятка на новы лад”. Упершыню ў жыцці дзеткі выступалі на “дарослай” сцэне і з мікрафонам! Самым юным артыстам Настачцы Омесь, Лізавеце Максіменка, Мікіту Крэпскаму ўсяго пяць гадоў, Максім Баярчук старэйшы за іх на год, а Верачцы Хільчук споўнілася 7. У дашкольным узросце дзецям складана сінхронна гаварыць завучаны тэкст і вадзіць ляльку, бо адвольныя паводзіны ў гэтым узросце развіты слаба. Аднак дзеці выдатна справіліся адначасова з трыма ролямі. Сорак гледачоў доўга апладзіравалі новаспечаным артыстам.
Заняткі ў тэатральна-творчай майстэрні заўжды адбываюцца ў захапляльнай форме казкатэрапіі, якія дапамагаюць развіваць маўленне, акцёрскае майстэрства, камунікатыўныя навыкі і творчыя здольнасці. Для гэтых жа ўдзельнікаў быў праведзены конкурс на лепшую самаробку сваімі рукамі. Аўтары работ атрымалі прызы.
Казачныя героі ў яркіх рознакаляровых касцюмах прыйшлі і да самых юных выхаванцаў групы ранняга развіцця, якія займаюцца ў клубе пад кіраўніцтвам Алены Ціхаміравай. Усе малыя з задавальненнем гулялі, весяліліся з незвычайнымі гасцямі і атрымалі падарункі. Паводле водгукаў бацькоў, свята для маленькіх атрымалася выдатным.
Для ўдзельнікаў права-паўшарнага малявання быў наладжаны арт-тэрапеўтычны трэнінг. Пад кіраўніцтвам мастачкі С.Якубук дарослыя і дзеці засвоілі тэхнікі “расталы сняжок”, “пад шчасліваю зоркаю”, “мандала”. Весела пагулялі ў гульні “Ранішняя зарадка на шанц”, “Схапі ўдачу за хвост” і спявалі песні.
Да слова, у студыі развіцця “Час перамен”, маляванне адбываецца не ў класічным варыянце. Пад час заняткаў звычайна гучыць прыемная музыка, што падключае і слых да творчага працэсу. Галоўная асаблівасць студыі развіцця “Час перамен” – гэта комплексны і індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, каб раскрыць ягоныя задаткі і здольнасці.
Іна МАРТЫНЮК, педагог-псіхолаг студыі развіцця “Час перамен”.
На здымку: галоўныя ролі ў спектаклі выконваюць дашкаляты.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.