Нараджаемся, каб пакінуць след на зямлі

Нараджаемся, каб пакінуць след на зямлі

Дзень святога Валянціна – адно з самых маладых святаў у нашым календары. IMG_88955Прыйшло яно да нас з XV стагоддзя з Рыма, калі святара Валянціна абвясцілі апекуном закаханых. Новае свята грунтоўна замацоўваецца ў жыцці, асабліва ў асяродку моладзі, і няма ў гэтым нічога кепскага. Павіншаваць любага чалавека і прызнацца ў каханні – добрая і прыемная справа.
Мы, журналісты, напярэдадні яго заўсёды накіроўваемся на сустрэчу з чалавекам, якога нараклі такім імем, тым болей што цяпер папулярнымі з’яўляюцца Давід, Арцём, Захар… Нас цікавіць, да чаго ён імкнецца, у чым бачыць шчасце, якімі маральнымі нормамі кіруецца ў сваіх паводзінах, да якой мэты імкнецца.
Герой сённяшняй нататкі Валянцін Сцепаненка жыве з сям’ёй у Крыўлянах, а працуе газаэлектразваршчыкам у СВК “Арэпічы”. Валянцін Валянцінавіч карэнны жыхар зямлі жабінкаўскай, другое дзіця ў сям’і. У той час, як хлопчык абвясціў сваім крыкам аб нараджэнні (было гэта 9 лютага 1972 года) пра свята ў нас тады не гаварылася. Хутчэй за ўсё бацькі назвалі яго ў гонар таты Валянціна Васільевіча, які сумленна працаваў трактарыстам у саўгасе “Жабінкаўскі”, сёння адкрытае акцыянернае таварыства. Мама Надзея Рыгораўна была прадзільшчыцай у раённым камбінаце бытавога абслугоўвання.
Дзяцінства, юнацтва праляцелі імгненна. Трэба вызначацца ў прафесіі, і Валянцін падае дакументы ў Кобрынскае будаўнічае вучылішча №102 на газазваршчыка сантэхнічных сістэм. Такім чынам, вырашае прадоўжыць рабочую дынастыю Сцепаненкаў. З юных гадоў бацькі навучалі сына не палохацца цяжкасцяў, жыць з дабрынёй і шчырасцю ў душы, дарыць усім толькі дабро, не зайздросціць чужому багаццю, а старацца самому ствараць матэрыяльныя каштоўнасці, не губляць маральна-духоўныя ўласцівасці, якім бы пакручастым не быў да цябе лёс.
“Вучыцца было цікава, асновы будучай прафесіі стараўся засвоіць дасканала, з’явіліся новыя сябры, знаёмствы з нязведанымі мясцінамі, – расказваў Валянцін Сцепаненка. – Колькі было прыемных уражанняў ад курортнага горада Анапа, ад Чорнага мора, куды трапіў на практыку з групай навучэнцаў! Казка, дый годзе, пасля працы на будаўнічай пляцоўцы!”
Але любой казцы суджана заканчвацца. Прыемна, калі яна з часам зноў ажывае. У многіх працоўных калектывах давялося рупіцца маладому газаэлектразваршчыку: недзе заробкі не задавальнялі, у іншым месцы не ў меру праяўляў характар, таму й запісаў аб прыёме і звальненнях у працоўнай кніжцы хапае. Цяпер займаецца газаэлектразварачнымі работамі ў машынна-трактарным парку СВК “Арэпічы”. Заўважыў вопытнага спецыяліста старшыня сельгаспрадпрыемства Павел Аляксандравіч Шыдловіч і прапанаваў работу паводле дагавору. Як прызнаўся Валянцін Валянцінавіч: “Я знайшоў тут справу па душы, сваёй сям’і цяпер магу стварыць пэўныя матэрыяльныя даброты і падумаць пра яе будучыню”.
Пятнаццаць гадоў, як Таццяна і Валянцін злучылі свае жыцці ў адзінае цэлае, да гэтага ў кожнага з іх быў няўдалы першы шлюб. Пакуль усё ладзіцца ў сям’і, дзе чакаюць у сакавіку папаўнення. Старэйшыя дочкі Аня і Надзея вучацца ў Крыўлянскай адзінаццацігодцы, захапляюцца спортам, стараюцца не адставаць у вучобе, няблага малююць. Ганначка сёлета заканчвае школу, марыць вывучыцца на прадаўца-аператара паслуг сувязі, выбрала для гэтага навучальную ўстанову ў Оршы. На маё здзіўленне – чаму так далёка, можна і ў Брэсце – адказала: “Хачу пажыць самастойна, далей ад дому, у горадзе над Бугам правяла ўжо шмат часу, пакуль вучылася ў абласной спартыўна-юнацкай школе алімпійскага рэзерву. Маю разрад кандыдата ў майстры спорту ў кіданні кап’я. Пасля хваробы больш не магу займацца на прафесійным узроўні спортам, хоць марыла быць трэнерам. Вось і зараз рыхтуюся да турніру ў валейболе, прысвечаным памяці Васіля Дудара”.
Скажу, што дзяўчынкі ў гэтай сям’і – першыя памочніцы бацькам у немалой хатняй гаспадарцы. “Без яе нам не пражыць, – тлумачыць Таццяна Васільеўна. – Мы купілі сабе ў Крыўлянах дом, як кажуць у народзе “без акон і без дзвярэй”. Цяпер Валянцін прыводзіць яго да ладу. На будаўнічыя матэрыялы, ой, як многа грошай трэба. А дзе іх узяць? Вось і круцімся, як вавёрка ў коле. Той дом, дзе жывём, трэба вызваліць, таму што ён належыць СВК “Маціевічы”, а з нас ніхто там не працуе”.
Валянцін Валянцінавіч з задавальненнем расказаў, што ўдалося ўжо рэканструяваць. Усё робіць уласнымі рукамі, дзякуй Богу, яны ў яго здольныя да любой працы. Старэйшыя Сцепаненкі вераць, што летам адсвяткуюць наваселле. У кожнай з дзяўчынак будзе ўласны пакой, спальня для дарослых, зала і асобная кухня, якую дабудоўваюць. А пакуль усе яны жывуць у штодзённых клопатах і марах.
На развітанне ў гаспадара сям’і Сцепаненкаў запыталася, ці знайшоў ён у жыцці каханне (да чаго падштурхоўвае ягонае імя) і што з’яўляецца ўсё-такі лёсавызначальным? Пачула ў адказ: “Мы ўсе нараджаемся, каб пакінуць пасля сябе след, каб пражыць жыццё недарэмна. У нас з Таццянай ёсць дзеці – прадаўжальнікі роду на зямлі. Народная мудрасць сцвярджае, што яны нараджаюцца ў закаханых. Якая розніца, якім імем нараклі, абы жыццё склалася. Чалавек – каваль свайго шчасця”.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top