Так жылі салдацкія ўдовы

Так жылі салдацкія ўдовы

памяцьСям’я, у якой нарадзілася мая матуля, жыла ў невялічкай вёсачцы Гаравічы на Навагрудчыне, небагата, але і не бедавала, мелі трохі зямлі, трымалі гаспадарку. Вольга Іванаўна, так яе звалі, была прыгожай, спраўнай як да работы, так і да песень. Спрасці, выткаць, вышыць, звязаць атрымлівалася ў яе найлепш. Калі спявала, то людзі заслухоўваліся і гаварылі: “Вось гэта голас, дык голас!” Сваталіся да яе многія хлопцы, але выбрала Івана Сямёнавіча, хоць з сям’і ён быў беднай. Хаціна, дзе жыла маладая сям’я, была цесная. Калі нарадзілася я, а затым меншы брат, вырашылі будаваць сваю хату. Месца выбралі прыгожае: ля лесу, насупраць праз луг – рэчка з крынічнай чыстай вадой. Тата – на ўсе рукі майстар, таму ў хаце ўсё рабіў сам. Ніколі не чула, каб бацькі сварыліся, хоць гаспадар часцей мог успыліць, але матуля старалася прамаўчаць. Потым спакойна і лагодна ўсё разважыць, і тата астываў і згаджаўся.
Калі пачалася вайна, у нядзелю, у вёсцы было ціха-ціха. На другі дзень вуліцай сталі ісці і ехаць на машынах і матацыклах, не затрымліваючыся, немцы. Пайшлі ў бок Навагрудка. Бліжэй да зімы пачалі заходзіць партызаны, ціха стукалі ў акно, да іх выходзіў тата, у сенях ціха гаманілі.
Прыходзілі яны за цёплай вопраткай, прадуктамі, кормам для коней. Калі партызаны прывозілі муку, тады шчыльна завешваліся вокны посцілкамі, і ноччу маці пякла хлеб. Пад раніцу бацька складваў цёплыя яшчэ боханы ў мяшок і прыцемкам, па загуменнях нёс яго ў лес, дзе ў дамоўленым месцы яго чакалі партызаны. У верасні 44-га бацька пайшоў на фронт. Памятаю, як прыціскаў да сябе і цалаваў нас, дзяцей, як абхапіла за шыю і не хацела адпускаць яго мама, і як потым плакала голасна, зачыніўшыся ў каморы. У кастрычніку маці нарадзіла дзяўчынку. Бацька так і не ўбачыў яе, толькі напісаў у лісце, што вельмі рады і пажадаў шчасця немаўляці. Ён ваяваў ва Усходняй Прусіі. Пісьмы прыходзілі, але рэдка. Атрымалі ад яго ўсяго чатыры лісты. Добра памятаю гэтыя “трохкутнікі”, напісаныя хімічным алоўкам, замест адрасу быў толькі нумар палявой пошты і штэмпель: “Просмотрено военной цензурой”. Мы перачытвалі іх многа разоў і ведалі на памяць. На жаль, яны не захаваліся. Загінуў тата 16 сакавіка 1945 года. Калі прынеслі пахаванку з сельсавета, мамы ў хаце не было, калыхала малую. Я як даведалася, што напісана ў гэтай паперчыне, то ад слёз нічога не бачыла перад сабой. Брацікі таксама плакалі. Калі мама ўвайшла ў хату, то ўсё зразумела, рукі пачаліся трэсціся, як брала паведамленне, а потым моўчкі асела на падлогу. Мы ўсе кінуліся да яе, а яна нібыта скамянела: моўчкі села на лаўку, глядзела перад сабой і маўчала. Калі заплакала малая, схамянулася, кінулася да калыскі, абхапіла яе рукамі і загаласіла. Сабраліся суседзі, як маглі разважалі, суцяшалі яе. Больш матуліных слёз мы не бачылі. Толькі я адна ведаю, як плакала яна наўзрыд, у гумне, каб не бачылі меншыя.
Вайна скончылася, з фронту вярталіся мужчыны, а нам не было каго чакаць. Мне было ўжо 15 гадоў, і я разумела, які боль быў на сэрцы ў матулі.
Роспачы нельга было паддавацца, трэба гадаваць дзяцей. Пра гэта яна добра ведала і з дня ў дзень хадзіла на працу ў калгас, дома трымала хоць невялікую, але гаспадарку. Дзеці, як маглі, дапамагалі гаспадыні сямейства. Я хадзіла з маці на калгасныя “дзялкі”: палолі, рвалі лён, жалі жыта, граблі сена разам. Падрасталі хлопцы і “мужчынскую” работу паціху бралі ўжо на сябе: навучыліся касіць, нарыхтоўвалі дровы… Вечарам мама садзілася за старэнькую швейную машынку “Зінгер” і шыла, перашывала нам адзенне са старога, з бацькавых і сваіх рэчаў.
У пасляваенны час мы не галадалі, але каб купіць два боханы хлеба, мама і іншыя жанчыны пешкі ішлі 10 км кіламетраў у Навагрудак, каб закупіцца і паспець яшчэ на працу.
Гады ішлі, мы выраслі, маем свае сем’і. Праўда, і наша матуля даўно адышла ў іншы свет, але і цяпер, у сталым ужо ўзросце так хочацца ўбачыць ласкавую матчыну ўсмешку, шчыры погляд спагадлівых вачэй, адчуць цёплы дотык напрацаваных мацярынскіх рук. Яна не здзейсніла ніякага подзвігу, яна проста выгадавала нас, чацвярых, навучыла быць сумленнымі, працавітымі, паважаць людзей і самім заставацца людзьмі. Жыццё матулі не адзначана ўзнагародамі, так жылі сотні салдацкіх удоў ва ўсёй краіне. Але свой расказ я хачу закончыць словамі з песні, якую яна вельмі любіла:
“…Шинели не носила,
Под пулями не шла.
Она лишь только мужа
Отчизне отдала.
Он храбрым был гвардейцем
и солдатом.
И спит он вечным сном…”
Лідзія ЗІНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top