Па пыльных дарогах Афгана

Па пыльных дарогах Афгана

IMG_1813Напярэдадні чарговай гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана і ўшанавання памяці загінулых на афганскай зямлі сустрэлася з чалавекам, які паўтара года быў у тым пекле. Лічыла, яму ёсць што расказаць, узгадаць.
– А што расказваць? Хіба я герой які? – сціпла кажа былы воін-інтэрнацыяналіст Віктар Васільевіч Дылюк.
Сёння ён – апаратчык ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Сочыць за выпускам сухіх кармоў для жывёл, любіць сваю работу, карыстаецца аўтарытэтам калег.
Віктар Васільевіч неахвотна згаджаецца распавесці пра сваё жыццё: маўляў, нічога асаблівага.
Народжаны 7 сакавіка 1967 года, Віця Дылюк стаў сапраўдным падарункам матулі да Міжнароднага жаночага дня і яе надзейнай падтрымкай і апорай у жыцці.
Са слязьмі на вачах і хваляваннем праводзілі бацькі, сёстры ў 1985 годзе сына і брата ў армію. Пасля непрацяглай вучэбкі ў Фергане з Узбекістана Віктара на паўтара года перакінулі ў Афганістан. Служыў вадзіцелем на заставах ля Кабула. Першыя месяцы на БТРы, затым – на КАМАЗе.
Віктар Васільевіч не вельмі любіць узгадваць той час. Любая вайна – гэта разбурэнне, боль, смерць.
– У нас стралялі, мы стралялі, дзень прайшоў, нашы ўсе жывыя – і дзякуй Богу, – кажа ён. – Штодзённа глядзелі смерці ў вочы: душманская куля магла дагнаць у любую хвіліну. Колькі маладых хлопцаў загінула і вярнулася дадому ў цынкавых трунах “грузам 200”!
Днём салдат знясільвалі спёка і смага, з-за пылу на дарогах нічога не было бачна. Тыя пыльныя шляхі Афгана дасюль у памяці Віктара Дылюка.
– Нечаканай і за-памінальнай была сустрэча ў Кабуле з маім аднакласнікам з Магілявецкай сярэдняй школы, што на Пружаншчыне, Пятром Гатальскім. Беларусы неяк рэдка мне там трапляліся, а тут зямляк, сябар! Але сустрэча тая была кароткай: Пеця за рулём КАМАЗа, я ­­– таксама, у кожнага сваё баявое заданне…
Хлопцаў хацелі пакінуць служыць да вываду войскаў з Афганістана, але затым штосьці памянялася, і ў красавіку 1987-га іх накіравалі дадому.
Вяртанне да мірнага жыцця 20-гадовы Віктар Дылюк пачаў з працаўладкавання будаўніком у калгас “Прамень” (зараз ААТ “Жабінкаўскі”). Ствараць было маральна лягчэй, чым страляць і  разбураць. А вайну з яе жахамі стараўся не пускаць нават у сны. Больш за два дзясяткі гадоў Віктар Васільевіч аддаў будаўніцтву, а затым лёс прывёў яго на камбікормавы завод у Жабінцы.
Надзейны тыл былога салдата – яго сям’я. Жонка Ірына Аляксееўна – памочнік выхавальніка ў Якаўчыцкім дзіцячым садзе. Дачка Юлія працуе ў прыватнай фірме ў Брэсце.
Сярод захапленняў Віктара Васільевіча – рамонтныя работы ва ўласным доме ў Якаўчыцах, прагляд кінафільмаў. Цікавіцца ён заўсёды і свежымі навінамі, сочыць па тэлевізары і ў газетах, што адбываецца ў роднай краіне, у свеце. І, канечне, калі ідуць сюжэты пра ваенныя дзеянні ва Украіне, пра тэрарыстычныя акты ў розных месцах свету, яны не пакідаюць абыякавым ветэрана вайны ў Афганістане, які ведае цану міру і спакою на Зямлі.
Штогод 15 лютага Віктар Дылюк прыходзіць да помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Жабінцы, каб ускласці кветкі і ўшанаваць хвілінай маўчання памяць тых, хто не вярнуўся з суровай вайны.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: былы воін-інтэрнацыяналіст Віктар Васільевіч Дылюк.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top