Untitled-13

“Тадэвуш Касцюшка – наш славуты зямляк”

Такую назву насіла раённая дыстанцыйная віктарына, што праводзілася Жабінкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем з нагоды 270-ай гадавіны з дня нараджэння генерала Тадэвуша Касцюшкі. У ёй паўдзельнічалі 35 навучэнцаў 9–11 класаў з гарадскога ліцэя, СШ №1 і СШ №2, Ракітніцкай, Ленінскай і Якаўчыцкай сярэдніх, Маціевіцкай базавай школ. Днямі падведзены вынікі віктарыны. Найлепшай прызнана праца вучаніцы 11 класа Ракітніцкай СШ Алены Ігнацюк, на другім месцы – ліцэістка Алена Баброва, трэці радок заняў дзесяцікласнік першай гарадской школы Кірыл Бензярук. Паводле палажэння віктарыны, пераможцу і прызёраў чакаюць узнагароды – граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, памятныя падарункі.

“Няходжаныя сцяжыны” – для самых вытанчаных модніц

Амаль месяц, з 20 студзеня па 12 лютага, у Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры ладзілася выстава “Усе разам – 3”. Гэты творчы форум, ужо традыцыйны для горада над Бугам, сёлета аб’яднаў мастакоў з Брэста, Кобрына, Століна і Жабінкі. Выстава з 38 работ вызначалася разнастайнасцю творчых ідэй, стыляў, жанраў і напрамкаў. Прыемна здзіўлялі і захаплялі наведвальнікаў творы жабінкаўскай мастачкі Вольгі Данілюк. На суд гледачоў яна вынесла карціны, выкананыя ў тэхніцы бацік – “Іншыя” і “Сілы Зямлі”, і аўтарскую калекцыю жаночай вопраткі “Няходжаныя сцяжыны”, што складаецца з непаўторных, выкананых у адзіным экзэмпляры, а таму надзвычай арыгінальных і эксклюзіўных сарочак і тунік, пашытых з бавоўны і лёну з дэкаратыўнымі ўстаўкамі, распісанымі ўручную з дапамогай спецыяльнай тэхнікі.

Акцыя “За любімую Беларусь”

11 лютага стартавала традыцыйная Усебеларуская акцыя БРСМ “За любімую Беларусь”. Арганізатары яе звярнуліся да моладзі з заклікам “Калі ты малады і энергічны, у тваім сэрцы жыве любоў да родных і блізкіх, сяброў і знаёмых, да роднага горада і краіны, калі ты верыш, што твая любоў і дабрыня патрэбныя людзям, – будзь з намі”. У гэтыя дні сябры БРСМ падрыхтавалі незвычайныя валянцінкі – стылізаваныя чырвона-зялёныя сэрцы з надпісам “За любімую Беларусь!”, на якіх напісалі самыя шчырыя і цёплыя пажаданні свайму куміру. Актыўна адгукнуліся хлопчыкі і дзяўчынкі другой і трэцяй гарадскіх школ, Ракітніцкай, Крыўлянскай адзінаццацігодак і Жабінкаўскай спецыяльнай школы-інтэрната. Іх валянцінкі будуць уручаны кумірам на сталічнай сцэне.
Пад час гэтай акцыі ў моладзі фарміруецца патрыятызм, актыўная жыццёвая і грамадская пазіцыі, павага да родных культурных традыцый.

Паспяховыя “Старты надзей”

30 студзеня ў Брэсце адбыўся першы этап абласных спаборніцтваў у плаванні “Старты надзей” ва ўзроставай групе 2000-2001 гадоў нараджэння. Жабінкаўскія плыўцы занялі III месца ў комплекснай эстафеце. Бронзавыя медалі ў скарбонку каманды прынеслі Анатоль Супрун, Ілля Селех, Андрэй Астроўскі і Аляксандр Панятоўскі. Наступны этап спаборніцтваў пройдзе ў лютым у Баранавічах, а ў красавіку эстафету падхопіць Жабінка.

Заняткі па тэрытарыяльнай абароне

Кіруючыя асобы органаў кіравання тэрытарыяльнай абаронай Жабінкаўскага раёна праводзілі заняткі з афіцэрамі запасу, якія ўдзельнічаюць у камплектаванні тэрытарыяльных войскаў. Пад час заняткаў былі адпрацаваны канкрэтныя мерапрыемствы. Група кіравання ўдзельнічала ў шматступеннай трэніроўцы. Жабінкаўскія афіцэры запасу атрымалі адзнаку “добра”. Яны якасна выканалі свае функцыянальныя абавязкі, мэты праведзеных мерапрыемстваў былі дасягнуты.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top