Памятайце і шануйце гісторыю сваю

Памятайце і шануйце гісторыю сваю

IMG_подрубная жаннаДругі год Жанна Мікалаеўна Падрубная займае пасаду дырэктара Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Да гэтага 19 гадоў адпрацавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ва ўстановах адукацыі раёна. З юнацкіх гадоў цікавілася мінуўшчынай, малавядомымі гістарычнымі фактамі, любіла падарожнічаць, пры магчымасці наведвала музеі. Найбольш падабаліся няспешныя падрабязныя расповеды экскурсаводаў, якія, здавалася, ведалі ўсё пра падзею або асобу, пра якую расказвалі. “Вось бы і мне так”, – мільгалі неаднойчы ў яе такія думкі. Ужо потым, як класны кіраўнік, Жанна Мікалаеўна арганізоўвала для сваіх выхаванцаў розныя паездкі, знаёміла іх з цікавымі месцамі. Мары збыліся. Цяпер яна сама праводзіць экскурсіі па залах раённага гісторыка-краязнаўчага музея. А яшчэ атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў Інстытуце культуры Беларусі. Па яго заканчэнні будзе мець кваліфікацыю “Музеязнаўца”. Пра тое, якімі знакавымі датамі, падзеямі і сустрэчамі жыў раённы гісторыка-краязнаўчы музей у 2015 годзе, гутарым з Жаннай Падрубнай(на здымку).
– Жанна Мікалаеўна, размову хачу пачаць з навукова-даследчай работы, якая вядзецца супрацоўнікамі музея бесперапынна. Над зборам якіх матэрыялаў працавалі летась?
– На працягу мінулага года збіраліся матэрыялы пра стварэнне мемарыяльнага комплексу “Драмлёва”, пра былога вязня канцлагера, жыхарку Малых Сяхновічаў Зінаіду Маркаўну Баярчук, пра камандзіраў партызанскага атрада імя Чарнака Сяргея Шыканава і Рамазана Козырава, пра камандзіра першай роты атрада Нурума Сыдыкава. У далейшым яны будуць выкарыстоўвацца пры правядзенні экскурсій і мерапрыемстваў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Таксама збіраліся матэрыялы аб машынна-трактарнай станцыі, што працавала ў Малых Сяхновічах, аб гісторыі развіцця раёна з дня заснавання да сённяшніх дзён, каб выкарыстоўваць іх у далейшым у афармленні залы сучаснасці “Жабінка: у пошуках мінулага”.
Пачалі збіраць інфармацыі аб выдатніках адукацыі раёна, аб перадавіках цукровага завода.
– Якія экспанаты папоўнілі фонды музея? Хто з жыхароў раёна дапамог у гэтым?
– Летась у музей паступіла 130 прадметаў асноўнага фонду і 95 – навукова-дапаможнага. Усе яны зарэгістраваны ў Кнізе паступленняў, кожнаму прысвоены ідэнтыфікацыйны нумар, вызначана месца захоўвання.
Хочацца ўспомніць Веру Міхайлаўну Самасюк, жыхарку райцэнтра, дзякуючы якой папоўнілася калекцыя манет савецкага перыяду, старшыню раённага савета ветэранаў Васіля Міхайлавіча Шышчыца: перададзеныя ім прадметы папоўнілі залы музея ваеннай амуніцыяй, боепрыпасамі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Жыхарка Малых Сяхновічаў Зінаіда Баярчук, былы вязень, перадала ў музей фартух, падараваны ёй немкаю ў той перыяд, калі яна са сваёй маці знаходзілася ў палоне, супрацоўнік раённай газеты Анатоль Бензярук – фрагмент фундамента млына ХХ стагоддзя, педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таісія Журомская – камсамольскі і прафсаюзны білеты, пасведчанне дружынніка, ашчадную кніжку. Спіс прозвішчаў вялікі. Хачу падзякаваць усім, хто дапамог папоўніць фонды. А яшчэ па праграме “Культура Беларусі” музей набыў карціну “Тадэвуш Касцюшка і Юліян Нямцэвіч у Малых Сяхновічах” у берасцейскага мастака Сяргея Казака.
– Музей цесна супрацоўнічае з установамі адукацыі раёна, іншымі арганізацыямі. Як гэта адбываецца?
– Шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, былі арганізаваны і праведзены летась з навучэнцамі гарадскога ліцэя – сябрамі гуртка “Ваенная гісторыя Беларусі”, якім кіруе Эліна Чарнецкая. Так, 10 красавіка прайшлі вучнёўскія краязнаўчыя чытанні “Ведай свой край”. Лепшыя даследчыя работы ліцэістаў адзначаны граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама. 16 мая адбыўся сумесны паход навучэнцаў ліцэя і нашых супрацоўнікаў па маршруце Жабінка – Драмлёва – Малыя Сяхновічы – Жабінка, прымеркаваны да Вялікай Перамогі. На працягу чэрвеня ішла распрацоўка і маркіроўка маршрута “Па слядах героя двух кантынентаў” сумесна з Жабінкаўскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі па маршруце Новыя Дворы – Курпічы – Вялікія Сяхновічы – Жабінка – Здзітава.
У рамках міжнароднага дабрачыннага праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць”, што закрануў і Малыя Сяхновічы, вучні другой гарадской школы і работнікі Маціевіцкага СДК падрыхтавалі і правялі святочны канцэрт для былых вязняў Жабінкаўскага і Маларыцкага раёнаў.
Выхаванцы Жабінкаў-скай дзіцячай школы мастацтваў і міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа” Крыўлянскага СДК прынялі наша запрашэнне і паўдзельнічалі ў акцыі “Ноч музеяў” – парадавалі прысутных сваімі вы-ступленнямі. IMG_0845
– Вашу ўстанову актыўна наведваюць жыхары нашай краіны, а таксама госці з блізкага і далёкага замежжаў. Колькі іх было ў 2015-ым? Хто з гасцей найбольш запомніўся?
– За мінулы год музей наведалі 1285 чалавек. Перш-наперш хачу сказаць пра нашу асветніцкую дзейнасць сярод на-сельніцтва. Супрацоўнікі правялі 55 экскурсій і 2 музейна-педагагічныя заняткі, прачыталі 15 тэматычных лекцый, арганізавалі 9 выстаў.
Сярод наведвальнікаў былі турысты са сталіцы, Магілёва, Гродна, Брэста, Баранавічаў, Пружанаў, Бярозы, Камянца і, канечне, Жабінкі. Калі гаварыць пра замежных гасцей, то найбольш запомніліся дэлегацыі з Польшчы, якія звычайна прыя-зджалі да нас у суправаджэнні кандыдата гістарычных навук Леаніда Міхайлавіча Несцерчука і старшыні польскай фундацыі касцюшкаўскай Лешэка Марэка Кшэсняка.
Цікавае ўражанне засталося ад сустрэчы з турыстамі Аўстраліі, Швейцарыі, Ізраіля, якія не ведалі, што на радзіме Касцюшкі ёсць вось такі музей. Госці былі здзіўлены некаторымі фактамі з жыцця Касцюшкі, пра якія чулі ўпершыню. Вельмі спадабаўся ім і этнаграфічны пакой.
Засталіся ў памяці сустрэчы з турыстамі з Чыты (Расія), былымі ваеннымі, якія найбольш часу правялі ў зале баявой славы і паказалі сябе вельмі цікавымі суразмоўцамі, а таксама з удзельнікамі аўтапрабегу рэтрааўтамабіляў “Берасцейскі тракт”, сярод якіх былі прадстаўнікі не толькі нашай краіны, але й Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі. Пасля экскурсіі госці доўга фатаграфаваліся і не спяшаліся пакідаць таямнічыя Сяхновічы.
– Гаворачы пра асветніцкую дзейнасць сярод насельніцтва, вы, Жанна Мікалаеўна, узгадвалі пра лекцыі, з якімі супрацоўнікі музея выступалі перад калектывамі раённых арганізацый, навучэнцамі ўстаноў адукацыі. Якім тэмам яны прысвячаліся?
– У асноўным, Тадэвушу Касцюшку. Іх слухачамі былі работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, навучэнцы гарадскога ліцэя, гурткоўцы раённага цэнтра турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі.
З лекцыямі на тэмы: “Жабінкаўшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Як гэта было” (пра трагічны лёс дзесяці сяхноўцаў, якіх расстралялі фашысцкія акупанты за сувязь з партызанамі ў гады ваеннага ліхалецця) і “Завочнае падарожжа па музеі” – выступалі зноў жа перад ліцэістамі, жыхарамі Малых Сяхновічаў і індывідуальнымі прад-прымальнікамі Жабінкі. А таксама правялі музейна-педагагічныя заняткі ў другой гарадской школе, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны Рэспублікі Беларусь, і ў школе-інтэрнаце на тэму: “Птушкі, звяры і звераняты”.
– У музеі ладзяцца выставы, праводзяцца мерапрыемствы. Найбольш значныя, што адбыліся летась?
– Мінулы год быў шчодрым на выставы і мерапрыемствы. Усе пералічыць немагчыма, назаву асноўныя. Выставы, прымеркаваныя да Дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, Дня воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дня жанчын, да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Выстава пад назвай “Ля вытокаў” знаёміла наведвальнікаў з побытам сялянскай сям’і канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя, а “Вясна ідзе, вясне – дарогу” – з дзіцячымі работамі аб’яднання па інтарэсах “Паслухмяныя вузельчыкі” раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік Т.У.Журомская). У кастрычніку працавала персанальная выстава Кацярыны Крыўчэні – прадстаўніцы гэтага аб’яднання – і мела вялікі поспех. З работамі рамеснікаў Жабінкаўшчыны можна было знаёміцца на працягу ўсяго чэрвеня, а потым і жніўня. Выстаўляліся ў музеі і лісты пераможцам, напісаныя вучнямі ўстаноў адукацыі раёна. Гэтая экспазіцыя рыхтавалася да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У ліпені адбылася і выязная – “Падарожжа ў мінулае”, прысвечаная Дню горада. Завяршыўся год выставай навучэнцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі “Мы такія розныя, але мы разам” і экспазіцыяй “Цудоўны вянок талентаў”, дзе былі прадстаўлены музейныя экспанаты, створаныя рукамі народных умельцаў.
З праведзеных мерапрыемстваў можна вылучыць прымеркаванае да дня памяці спаленай вёскі Драмлёва, дзе выступіла дачка першага краязнаўцы Жабінкаўшчыны Паўла Філіпука – Алена Цыбуля, якая расказала аб трагічных падзеях 11 верасня 1942 года. Вялікі дзякуй Алене Паўлаўне за цікавы расказ, малавядомыя факты.
Карыстаючыся вы-падкам, хачу сказаць, што калектыў музея ніколі не заставаўся сам-насам са сваімі праблемамі, калі яны ўзнікалі. Ва ўсіх справах і пачынаннях нас падтрымлівалі і дапамагалі. Таму словы ўдзячнасці сёння выказваю былому старшыні райвыканкама Фёдару Каланчуку, намесніку старшыні – Але Ануфрыюк, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Ніне Куракевіч, намесніку начальніка аддзела, загадчыку сектара культуры Наталлі Бернат, дырэктару арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела Ірыне Дулевіч, старшыні СВК “Шпіталі” Віктару Марковічу. Спадзяюся і на далейшае цеснае супрацоўніцтва, дапамогу.
Ну, і колькі слоў пра калектыў музея. Тут рупяцца адказныя работнікі: галоўны захавальнік фондаў Уладзіслаў Скабук, навуковы супрацоўнік Дзіяна Дубіна і тэхнічны персанал: Надзея Раманюк, Надзея Юроўскіх і Ганна Марозька. Хоць і невялікі ён, але дружны і працавіты. Дзякуючы гэтаму ёсць добрыя вынікі нашай сумеснай работы.
– Якія планы на будучае? Што чакае ў 2016-ым наведвальнікаў музея?
– Прадоўжым работу ў накірунку навукова-даследчай і асветніцкай дзейнасці, папаўнення фондаў музея, стварэння новых экспазіцый і выстаў, правядзення мерапрыемстваў. Усіх задумак раскрываць не хочацца, няхай будуць прыемнымі сюрпрызы, якія падрыхтуюць супрацоўнікі музея для наведвальнікаў, жыхароў горада і раёна ў Год культуры. Скажу адно: традыцыйна пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Перамогі, Дня горада. Плануем прыняць удзел у міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”… Стаўлю шматкроп’е. Мерапрыемстваў будзе шмат, сачыце за анонсамі.
– Дзякуй за размову!
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top