Пашырэнне прысутнасці ў інфармпрасторы – асноўная задача СМІ

Пашырэнне прысутнасці ў інфармпрасторы – асноўная задача СМІ

БезымянныйРабота па пашырэнні кантэнту і прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы – асноўная задача сродкаў масавай інфармацыі, заявіла 4 лютага журналістам міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч перад пачаткам калегіі ведамства. «СМІ трэба больш эфектыўна працаваць па галоўнай тэме – кантэнце. Гэта распаўсюджваецца на мультымедыйную прастору, кінапрастору, тэлебачанне. Напрыклад, тэлебачанне сёння значна шырэйшае, чым проста трансляцыя па тэлевізары. Планшэт, спадарожнік, камп’ютар – гэта таксама сродкі для распаўсюджвання тэлебачання. Укараненне тэлебачання высокай выразнасці HD – таксама задача на 2016-2020 гады. Таму ўменне працаваць ва ўсіх асяроддзях – тая задача, якая будзе ставіцца перад СМІ ў бліжэйшы час», – сказала Лілія Ананіч.
Гаворачы аб друкаваных СМІ, міністр адзначыла, што яны практычна сама-акупныя, гэта больш як 90 рэгіянальных СМІ. Ім важна нарошчваць інтэрнэт-кантэнт, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Павінны з’явіцца мультымедыйныя дадаткі для падпісчыкаў, неабходна эфектыўна працаваць з улікам новых сучасных тэхналогій. Асобным пытаннем з’яўляецца пашырэнне работы службы маркетынгу. Міністр дадала, што ў Беларусі распаўсюджваецца больш як 200 замежных тэлеканалаў. Паводле яе слоў, даследаванні паказваюць, што тэлебачанне з’яўляецца лідарам па ўплыве на грамадскую думку. Яму належыць больш як 60 % аўдыторыі, 40 % – інтэрнэту, 20 % –  газетам.
«СМІ павінны кансалідаваць грамадства, паказваць усё, што адбываецца ў краіне. І дзе трэба, аргументавана даваць адпор усім выдумкам, спекуляцыям, якія з’яўляюцца ў інфармацыйным процістаянні, калі зрушыліся патокі і краіны», – рэзюмавала кіраўнік ведамства.

Мясцовыя газеты павінны нарошчваць эфектыўнасць свайго кантэнту

Лілія Ананіч адзначыла, што ў цэлым мясцовыя газеты адчуваюць сябе ўпэўнена – па выніках 2015 года прыбыткова спрацавалі 94 рэдакцыі, у меншай ступені па рэгіянальнай прэсе назіраецца спад тыражоў. «Разам з тым іх задача – нарошчваць эфектыўнасць свайго кантэнту», – падкрэсліла міністр.
«Мы не можам прыняць такую пазіцыю рэдакцый мясцовых сродкаў масавай інфармацыі, калі створаны ў інтэрнэце партал «СМІ Беларусі», адна з галоўных задач якога – папулярызацыя інфармацыі менавіта рэгіянальных СМІ, не знаходзіць належнай увагі з боку рэдакцыі»,  – сказала яна.
Яна таксама акцэнтавала ўвагу на праблеме спаду тыражоў рэспубліканскіх масава-палітычных друкаваных СМІ ў цэлым. «Гэта сведчыць аб новых тэндэнцыях, трэндах у развіцці інфармацыйнага поля», – заўважыла міністр.
Ва ўмовах, калі друкаваны сегмент скарачаецца, трэба шукаць дадатковую аўдыторыю, прымяняючы для гэтага адпаведныя тэхналагічныя фарматы, пераканана Лілія Ананіч.
Так, у мэтах найбольшага ахопу аўдыторыі важнейшай задачай дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі застаецца развіццё мультымедыйнага складніка ў сваёй дзейнасці. «Прыярытэтным напрамкам павінна быць распаўсюджванне кантэнту па максімальна магчымых каналах – друкаваныя, мабільныя, інтэрнэт-версіі, аўдыёвізуальныя рэсурсы. І вельмі важная папулярызацыя дзяржаўнай інфармацыі ў сетцы інтэрнэт», – дадала яна.

Перад электроннымі СМІ стаіць задача па процідзеянні дэструктыўнаму ўплыву на грамадскую думку

Як адзначыла міністр, электронныя сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца сёння не толькі камунікатыўным сродкам, але і галоўным інструментам уз-дзеяння на грамадства. Інфармацыйнае поле Беларусі, інтэграванае ў сусветныя інфармацыйныя патокі, пастаянна адчувае знешняе ўздзеянне.
Яна таксама выказала меркаванне, што СМІ неабходна ўсямерна ўзмацняць інфармацыйнае забеспячэнне рэалізацыі дзяржаўных задач, аргументавана процістаяць спекуляцыям на эканамічных цяжкасцях, акцэнтаваць увагу аўдыторыі на дасягненнях Беларусі па розных напрамках.

Мінінфарм Беларусі ў 2015 годзе абмежаваў доступ да 41 інтэрнэт-рэсурсу

Паводле яе слоў, інфармацыйныя рэсурсы былі заблакіраваны за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама інфармацыі, накіраванай на рэалізацыю наркатычных сродкаў, за неналежную рэкламу лякарстваў, прапаганду дзіцячай парнаграфіі, рэкламу алкагольных напіткаў. Акрамя таго, вынесена 36 папярэджанняў рэдакцыям друкаваных СМІ.

У Беларусі неабходна ўкараняць вымярэнне тэлеаўдыторыі па сусветных стандартах

Паводле слоў Ліліі Ананіч, развіццё айчыннага тэлебачання патрабуе больш поўнага ўліку дынамікі глядацкай аўдыторыі. «Адсутнасць у Беларусі сучаснай сістэмы тэлевымярэнняў не толькі ўскладняе работу па якасным медыяпланаванні беларускіх тэлеканалаў, але і не садзейнічае нарошчванню аб’ёмаў рэкламнага рынку і, адпаведна, даходаў нацыянальных тэлекампаній», – адзначыла міністр.
Яна выказала ўпэўненасць, што важна прыцягнуць аўтарытэтны медыявымяральнік, які адпавядае сусветным стандартам, а гэта, у сваю чаргу, акажа станоўчы ўплыў на актывізацыю рэкламных бізнес-працэсаў.
Міністр пазітыўна ацаніла практыку стварэння ў Беларусі медыяхолдынгаў, што дало магчымасць атрымаць адчувальны эканамічны эфект. Маюцца на ўвазе ўзбуйненыя інфармацыйныя структуры, створаныя некалькі гадоў таму на базе рэдакцый газет «Советская Белоруссия» і «Звязда».

Прыярытэт у стратэгіі развіцця тэлевяшчання да 2020 года – тэхналагічная трансфармацыя

Як адзначыла міністр, важным вынікам развіцця сферы тэлевяшчання ў 2015 годзе з’явіўся яе поўны пераход на лічбавае эфірнае вяшчанне, даступнае 99,5 % насельніцтва краіны, а агульнадаступны пакет папоўніўся яшчэ адным папулярным у краіне спартыўным тэлеканалам «Беларусь 5». Акрамя таго, атрымала развіццё рэгіянальнае тэлебачанне.
Паводле слоў Ліліі Ананіч, ключавую ролю ў развіцці тэлебачання адыгрывае кантэнт, прычым уласнай вытворчасці, якасны, які ўключае як перадачы, так і фільмы.
«На фоне існуючых аб’ектыўных фінансавых праблем, выкліканых значным падзеннем аб’ёмаў рэкламы, неабходна дакладнае захаванне прыярытэтаў – якасная грамадска-палітычная публіцыстыка, аналітыка, праграмы, арыентаваныя на дзіцяча-юнацкую аўдыторыю, спартыўнае, маладзёжнае вяшчанне, нацыянальныя тэлесерыялы. І вырашаць гэтыя пытанні давядзецца тут і цяпер», – сказала міністр.

Міністр інфармацыі заклікала разабрацца з праблемамі рэгіянальнага радыёвяшчання

Лілія Ананіч нагадала, што век праваднога радыё скончыўся, і ў сувязі з гэтым ужо неаднаразова абмяркоўваліся напрамкі і формы развіцця рэгіянальнага радыёвяшчання. У краіне на сёння большасць рэдакцый дзяржаўнага рэгіянальнага радыёвяшчання (92 радыёпраграмы) – структуры, што ўваходзяць у склад раённых газет, у якіх адсутнічае магчымасць стварэння паўнацэннай эфірнай радыёстанцыі са сваім частотным рэсурсам, студыяй, радыйным абсталяваннем і г.д.
«Пасля адключэння праваднога радыё асноўная маса мясцовых радыёстудый страціла тэхналагічную пляцоўку для радыёвяшчання», – сказала міністр. Гэта звязана з тым, што так званыя ўразанні ў эфір Першага канала Беларускага радыё супярэчаць беларускаму заканадаўству ў частцы выкарыстання радыёчастот, а таксама бюджэтнай палітыцы краіны. «Першы канал Беларускага радыё не можа ўспрымацца як калектыўнае мясцовае радыёвяшчанне, і разам з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, Міністэрствам інфармацыі, аблвыканкамамі мы павінны па кожным рэгіёне дэталёва разабрацца і зразумець, як будзем арганізоўваць мясцовае радыёвяшчанне», – падкрэсліла яна.
Кіраўнік ведамства са шкадаваннем канстатавала, што часта райвыканкамы ідуць самым лёгкім шляхам, прымаючы рашэнне аб ліквідацыі мясцовага радыё.
«З рэспубліканскага бюджэту Мінінфарму ў 2015 годзе выдзелена Br111,3 млрд, асвоена Br107,5 млрд», – праінфармавала Лілія Ананіч.
Па выніках мінулага года ёсць тры стратныя арганізацыі – «Мінаблсаюздрук», «Другі нацыянальны тэлеканал» і друкарня «Перамога». Па друкарні «Перамога» прынята распараджэнне Прэзідэнта «Аб бязвыплатнай перадачы акцый»: акцыі перададзены ў камунальную ўласнасць Маладзечанскага раёна. Развіццё гэтай друкарні будзе прадоўжана, запэўніла міністр. Намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава на калегіі Міністэрства інфармацыі Беларусі адзначыла, што работа журналістаў пры ўсёй яе часам складанасці патрабуе сумленнасці і прыстойнасці.

Рэгіянальныя СМІ павінны актыўней адлюстроўваць падзеі, што адбываюцца ў краіне

«Рэгіянальныя СМІ сёння карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. Людзі любяць і свае газеты, і радыё, і тэлебачанне. Але павінна быць сумесная работа з рэспубліканскімі СМІ па адлюстраванні асноўных падзей, якія адбываюцца ў рэспубліцы. Яны павінны знаходзіць сваё адлюстраванне і ў рэгіянальных сродках масавай інфармацыі», – лічыць віцэ-прэм’ер.
Рэгіянальным СМІ трэба быць ва ўзаемасувязі з вядучымі сродкамі масавай інфармацыі, каб падаваць аб’ектыўную і дакладную ілюстрацыю падзей у Беларусі, падкрэсліла Наталля Качанава.
Яна таксама звярнула ўвагу ўсіх СМІ на неабходнасць адгукнуцца на патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, інвалідаў. У Беларусі ёсць тэлеканал «Жэст», які дэманструе галоўным чынам кінафільмы. «Трэба насычаць тэлеканалы жэставай інфармацыяй, каб людзі з фізічнымі адхіленнямі мелі магчымасць атрымліваць паўнацэнную інфармацыю», – сказала Наталля Качанава.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top