Заваяваць пастаўшчыкоў і ўзысці на горы Сванетыі

Заваяваць пастаўшчыкоў і ўзысці на горы Сванетыі

На ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” больш як палову калектыву складаюць маладыя людзі. Яны “растуць” прафесійна, пераймаюць вопыт старэйшых калег, смела глядзяць у будучыню, прыўносяць у жыццё завода моладзевы запал. Сярод адукаваных, ініцыятыўных прадстаўнікоў маладога пакалення на прадпрыемстве ярка вылучаецца Аляксей Грузін. З ім – сённяшняя гутарка.
– Аляксей, які твой шлях на прадпрыемства?_DSC9521
– Перш чым прыйсці на завод, займеў веды і вопыт. Так, спачатку я скончыў Брэсцкі ліцэй на базе ПТВ-231 тэкстыльшчыкаў, дзе атрымаў першую спецыяльнасць – “Аператар ЭВМ”. Дарэчы, у ліцэі паглыблена вывучаў фізіку і матэматыку, а таксама англійскую і нямецкую мовы. Потым паступіў у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на факультэт “Фінансы і крэдыт”. Вучыцца было і лёгка, і цікава адначасова, таму ў атрыманым дыпломе былі амаль усе “выдатна”. Мне, як эканамісту, хацелася развівацца далей.
Падаў дакументы ў інстытут тэхналогій, інфармацыі і кіравання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паспяхова адвучыўся і атрымаў чарговую спецыяльнасць – па мытным афармленні і кантролі. Гэтыя веды праз некалькі гадоў аказаліся запатрабаванымі ў маёй працы.
Шлях на завод быў няпросты. Пэўны час спрабаваў сябе ў інспекцыі падаткаў і збораў, потым на цукровым заводзе год адпрацаваў эканамістам аддзела маркетынгу – кантраляваў адгрузку прадукцыі на ўнутраны рынак Беларусі, затым рупіўся бухгалтарам-эканамістам іарда-нскай фірмы “Агрыматка-96”. Там я дасканала вывучыў бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт, заключаў дагаворы і інш.
У 2008 годзе нарэшце прыйшоў на камбікормавы завод, стаў спецыялістам па закупе сыравіны на конкурснай аснове і мытным кантролі. Адразу зразумеў: гэта тая работа, якой хочацца займацца 24 гадзіны ў суткі, і “здраджваць” заводу не збіраюся.
– Цікава, а як уплывае твая асоба на вытворчы працэс?
– Калі нарыхтоўка збожжа вядзецца ў асноўным летам, пад час жніва, дык кампанентаў, неабходных для вытворчасці камбікорму – тых жа бялковых дабавак, мелу, шроту, малака, тлушчаў, фасфатаў і многага іншага – арганізоўваецца круглы год. Трэба дасканала ведаць сітуацыю на рынках пастаўшчыкоў, каб набываць неабходныя кампаненты па самым нізкім кошце. Даводзіцца ўдзельнічаць у біржавых таргах, электронных аўкцыёнах, ацэньваць і заключаць кантракты з пастаўшчыкамі, кантраляваць своечасовасць і правільнасць разлікаў, арганізоўваць дастаўку і адгрузку тавараў па заключаных дагаворах, атрымліваць патрэбныя дазволы на ўвоз замежных тавараў, праводзіць мытнае афармленне грузаў, весці справаздачнасць і многае іншае. Эканоміка ў тандэме з мытным заканадаўствам – гэта якраз тое, ад чаго я адчуваю асалоду. Бывае намнога выгадней купіць той жа вагон сыравіны ва Украіне, размытніць і прывезці ў Жабінку, чым скажам, з Мінска. Калі мне ўдаецца выканаць пастаўленую задачу і атрымаць сыравіну – лічу дзень пражыты не дарма.
– Адкуль чэрпаеш неабходныя веды?
– Многае падказвае мой непасрэдны начальнік – намеснік дырэктара прадпрыемства Сяргей Сяргеевіч Ступчык. Дарэчы, і нашы сталы стаяць у адным кабінеце невыпадкова. Я павінен быць у курсе ўсіх працэсаў, якія адбываюцца на прадпрыемстве ў сферы нарыхтовак, ведаць сітуацыю з сыравінай на ўнутраным і знешнім рынках, праводзіць штодзённы аналіз рынку, цэнавыя характарыстыкі прадукцыі.
Шмат займаюся самаадукацыяй. “Настольныя” кнігі – перыёдыка па эканоміцы і збор абнаўляемых ледзь не штодзённа нарматыўна-прававых дакументаў. Дапамагаюць “трымаць нос па ветры” інтэрнэт, курсы павышэння кваліфікацыі. Самастойна атрымаў амаль дзясятак сертыфікатаў, якія пацвярджаюць прафесіяналізм. Сярод іх, напрыклад, міжнародны сертыфікат менеджара па лагістыцы, мытны сертыфікат, а таксама нацыянальнага цэнтра маркетынгу, атрыманага ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Вучу вершы, каб памяць трэніравалася, бо шмат інфармацыі трэба трымаць у галаве, а не толькі ў штодзённіку.
— Якімі рысамі характару павінен валодаць спецыяліст па закупках сыравіны?
– Найперш быць стрэсаўстойлівым, бо не ўсё складваецца гладка ў фінансавым плане. А ты бяры ў саюзнікі белазубую ўсмешку, ветлівасць, добразычлівасць, гумар, анекдот – і знайдзі падыход да пастаўшчыка, каб нават па голасе ў тэлефоннай трубцы на тым канцы провада пра цябе казалі: “А, гэта камбікормавы завод турбуе…” Дарэчы, многіх пастаўшчыкоў я нават у вочы не бачыў, а па тэлефоне чую сяброўска-панібрацкае: “Лёша, прывітанне”. Каб навучыцца будаваць цёплыя адносіны з людзьмі, ад якіх залежу, давялося перачытаць горы літаратуры па псіхалогіі, пра паводзіны асобы ў грамадстве. На гэтым працоўным месцы чалавек, лічу, павінен быць усебакова развітым, прынцыповым, шчырым.
– Што чакаеш ад будучыні?
–Хачу стабільнасці і фінансавага дабрабыту, пабудаваць дом. Да гэтага я імкнуся, бо лічу:  тое, што сам робіш зараз, атрымаеш у будучым. Прынцып “бумеранга”. Я ўзышоў на самую высокую кропку Карпат – Гавэрлу (вышыня яе 2063 метры) і мару пабываць ў гарах Сванетыі, што ў Грузіі. Я многага дабіўся ў свае 34 гады і буду далей расці прафесійна.
– Што ж, поспехаў табе, Аляксей.
Гутарыла Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top