Своечасова афармляйце права на ўладанне аўтамабілем

Своечасова афармляйце права на ўладанне аўтамабілем

Класічны выраз “аўтамабіль – не раскоша, а сродак перамяшчэння” цяпер становіцца ўсё больш актуальным. Рэдка сустрэнеш сям’ю, у якой няма машыны. Аўтамабілі выстройваюцца ў некалькі шэрагаў у гарадскіх дварах, часам ствараюць праблемы для прагулак і добраўпарадкавання. Знайсці адказных за транспарт часам нялёгка, таму што не ўсе грамадзяне своечасова і правільна рэгіструюць уласнае права на аўтамабіль.  Да чаго гэта можа прывесці? Нашаму карэспандэнту адказаў суддзя Брэсцкага абласнога суда Канстанцін Харытанюк.
– Уладанне транспартным сродкам вызначаецца дагаворам куплі-продажу, які складаецца ва ўстаноўленым парадку пры пакупцы, продажы, абмене ці дарэнні (згодна з п. п. 1.2 п.1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых мерах упарадкавання здзелак на адчужэнне транспартных сродкаў”), – зазначыў Канстанцін Мікалаевіч. – Пра дагавор трэба паклапаціцца своечасова, пры набыцці аўтамабіля. Судовая практыка сведчыць, што лёгкадумныя адносіны да афармлення патрабуемых дакументаў могуць прывесці да вялікіх матэрыяльных выдаткаў як новага, так і ранейшага ўладальнікаў. 000000
Так здарылася, напрыклад, з Зіміным, які фактычна прадаў свой аўтамабіль “Фольксваген Гольф” Ларыну. Дагавору куплі-продажу яны не заключылі і не зарэгістравалі ў падраздзяленні ДАІ МУС. Здарылася няшчасце. Ларын, кіруючы аўтамабілем “Фольксваген Гольф”, наехаў на Жараву і траўміраваў яе. Суд рашыў спагнаць з Зіміна, як з уладальніка аўтамабіля, на карысць пацярпелай грашовую кампенсацыю за маральны ўрон, а таксама судовыя расходы, дзяржаўную пошліну і выдаткі, звязаныя з разглядам справы. Сума атрымалася каля 100 мільёнаў рублёў.
З фінансавымі праблемамі папярэдняга ўладальніка аўтамабіля таксама можа сутыкнуцца пакупнік, калі дагавор куплі-продажу не зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку. У выпадку грашовай запазычанасці прадаўца аўто на яго маёмасць накладваецца арышт, у тым ліку і на сродак перамяшчэння. Транспарт павінен быць канфіскаваны ў пакупніка і рэалізаваны ў лік кампенсацыі запазычанасці, а спагнаць грошы, заплачаныя за аўтамабіль, пакупніку будзе вельмі складана. Так, напрыклад, здарылася і са Смірновай. Аднойчы летнім днём, калі яна была за рулём “Аўдзі”, яе спынілі супрацоўнікі ДАІ і паведамілі, што аўтамабіль, які набыла два гады таму ў Волкава па даверанасці, без заключэння дагавору куплі-продажу, знаходзіцца пад арыштам. Такім чынам жанчына засталася на дарозе без транспарту, таму што “Аўдзі” адправілі на штрафстаянку. За два гады Смірнова і Волкаў не аформілі дагавор куплі-продажу. За гэты ж час у адносінах да Волкава была ўзбуджана выканаўчая справа. Згодна з рашэннем суда ў яго ўзніклі фінансавыя абавязкі. Канечне, Смірнова спрабавала вызваліць ад арышту аўтамабіль праз суд, але ў іску ёй было адмоўлена, так як паводле заканадаўства яна не з’яўляецца ўласнікам аўтамабіля. Права ўласнасці на транспарт узнікае толькі з часу рэгістрацыі дагавора, заключанага ў пісьмовай форме ў падраздзяленнях ДАІ МУС.
На дарогах з’явіліся спецыяльныя тэхнічныя сродкі, што працуюць у аўтаматычным рэжыме і фіксуюць перавышэнне хуткасці руху. Так званыя “лісты шчасця” атрымліваюць ліхачы, якія абавязаны заплаціць штраф. Гэта ўласнік (уладальнік) зафіксаванага на фота- і кіназдымцы  аўтамабіля. У згаданым выпадку, – ранейшы ўладальнік, таму што дагавор аб куплі-продажы не зарэгістраваны. Пры любым іншым правапарушэнні (напрыклад, наездзе на пешахода), калі кіроўца хаваецца, усе прэтэнзіі будуць прад’яўлены спачатку таму, на чыё імя зарэгістравана аўто. Чалавеку, які прадаў аўтамабіль, але не аформіў прававыя адносіны куплі-продажу. Яму давядзецца траціць свой час на тлумачэнні з выпадку наезду, якога ён не рабіў. Да такога прадаўца аўтамабіля могуць быць і прэтэнзіі страхавой кампаніі, калі пакупнік трапіў у ДТЗ на яго аўтамабілі. Тыя, хто не афармляе дагавор аб пераходзе права ўласнасці на аўтамабіль, нясуць адказнасць за іншага кіроўцу, за яго паводзіны не толькі на дарозе, але і пры здзяйсненні ім, напрыклад, паўторнага продажу машыны.
Будзьце ўважлівыя не толькі на дарогах, але і пры пакупцы і продажы аўтамабіля. Своечасова афармляйце дагавор куплі-продажу ў падраздзяленнях ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь.
Запісала Людміла ВОЛЬЧЫК.
Усе прозвішчы ў матэрыяле зменены.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top