Пры першых сімптомах грыпу звяртайцеся да ўрача

Пры першых сімптомах грыпу звяртайцеся да ўрача

З усіх вострых рэспіраторных вірусных інфекцый асобна вылучаецца грып, які мае адрозныя ад іншых ВРВІ клінічныя праяўленні і прыводзіць да развіцця ўскладненняў.
Для грыпу характэрны востры пачатак – дрыжыкі, павышэнне тэмпературы да максімальных памераў ужо ў першыя суткі хваробы, агульныя праяўленні інтаксікацыі (слабасць, разбітасць, галаўны боль у лобных абласцях, ламата ў мышцах, касцях, суставах, болі ў вочных яблыках, святлабоязь, слёзацячэнне і г.д.). Праз некалькі гадзін да вышэй пералічаных праяўленняў захворвання далучаюцца паражэнні дыхальных шляхоў, часцей у выглядзе закладзенасці носа, насмарку, пяршэння ў горле, сухога кашлю, асіплага голасу. У большасці хворых на грып поўнае выздараўленне настае праз 7-10 дзён. Аднак ёсць і схільныя да ўскладненняў. У першую чаргу гэта дзеці да 1 года, асобы старэй 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, пацыенты з хранічнымі захворваннямі.  Дадзеныя катэгорыі людзей павінны неадкладна звяртацца да спецыялістаў пры з’яўленні першых сімптомаў грыпу, бо толькі ранні пачатак тэрапіі здольны прадухіліць развіццё цяжкіх ускладненняў (пнеўманій, гаймарытаў, атытаў і г.д.).
Пры наяўнасці ў сям’і хворых на грып трэба не забываць пра перадачу інфекцыі родным і блізкім.
iЁсць неспецыфічныя і спецыфічныя метады прафілактыкі грыпу. Да першых адносяцца агульнапрынятыя гігіенічныя меры. Неабходна пазбягаць блізкага кантакту з хворымі на ВРВІ, грып, выкарыстоўваць ахоўныя маскі пры кантакце з імі, абмяжоўваць наведванне шматлюдных месцаў, часцей праветрываць памяшканні, прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.
Калі вы ўсё ж захварэлі, тады неабходна: пры дрэнным самаадчуванні заставацца дома і выконваць рэкамендацыі ўрача, па магчымасці трымацца ад здаровых людзей на адлегласці, адпачываць, выпіваць дастатковую колькасць вадкасці, закрываць рот і нос пры кашлі ці чханні насоўкай ці аднаразовымі сурвэткамі.
Адным з найбольш эфектыўных метадаў спе-цыфічнай прафілактыкі з’яўляецца вакцынацыя, бо яна змяншае распаўсюджванне хваробы і смяротнасць, у 3-4 разы танней, чым выдаткі на лячэнне грыпу і яго ўскладненняў, даступная, эфектыўная і бяспечная як для дарослых, так і дзяцей з 6-месячнага ўзросту, цяжарных жанчын. Аптымальны час для вакцынацыі – з кастрычніка да сярэдзіны лістапада. Варта памятаць вядомы ўсім прынцып, што лепш прадухіліць хваробу, чым яе лячыць.
Другім варыянтам спецыфічнай прафілактыкі грыпу з’яўляецца выкарыстанне  супрацьвірусных сродкаў (аксалінавая мазь, арпетол і інш.). Паказаннямі да медыкаментознай прафілактыкі грыпу з’яўляюцца: наяўнасць у сям’і хворага на грып, кантакт з ім, высокая рызыка ў асобных людзей цяжкага працякання хваробы. Прадбачыць ступень цяжкасці немагчыма, а ўскладненні могуць быць самымі рознымі. Толькі ўрач можа правільна ацаніць стан хворага, назначыць адэкватнае лячэнне.
Памятайце, ваша здароўе – у вашых руках.
Ірына АСТРОЎСКАЯ, урач-валеолаг УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top