Малочныя рэкі пачынаюцца з чыстай крыніцы

Малочныя рэкі пачынаюцца з чыстай крыніцы

Малако – асноўная штодзённая крыніца даходаў для большасці сельгасарганізацый, своеасаблівы манетны двор, на якім “куюцца” грошы. Ад таго, наколькі эфектыўна і рацыянальна развіваецца жывёлагадоўля, залежыць фінансавы дабрабыт сельгаспрадпрыемства.
_DSC9506У СВК “Рагазнянскі” мало-чная прадукцыя заўжды было ў прыярытэце. Гэтая гаспадарка трымае “пальму першынства” як па валавой вытворчасці малака, так і па яго якасці.
Усяго ў гаспадарцы 1500 кароў. На малочнатаварных фермах “Бусні-1”і “Бусні-1000”, дзе яны ўтрымліваюцца, наладжана трохразовае даенне. Дарэчы, такога распарадку там прытрымліваюцца многія гады. А яшчэ поспех рагазнянскіх жывёлаводаў забяспечваюць добрыя ўмовы ўтрымання жывёлы і збалансаваны рацыён кармлення яе. Усё гэта разам дазволіла летась павялічыць прадукцыйнасць кожнай каровы на 448 кілаграмаў і давесці яе да 7557 кілаграмаў (сярэднераённы паказчык – 6039). Валавы надой павялічыўся на 556,7 кілаграма і склаў 1066­­1 тону. Дзяржаве рагазнянцы рэалізавалі 93562 тоны малака: 98,9 працэнта яго гатункамі “экстра” і “вышэйшы”. Гаспадарка займае другі радок у раённай зводцы і па прыбаўленнях у вазе буйной рагатай жывёлы: цяляты на адкорме папраўляюцца на 721 грам за суткі.
На думку брыгадзіра жывёлагадоўлі Віктара Сабалеўскага для атрымання высакаякаснай прадукцыі ў сельгаспрадпрыемстве многае зроблена. Нават сёлета ў студзеньскія маразы малочнатаварныя фермы “Рагазнянскага” працавалі у звычайным рэжыме. Да іх даўно падведзена “блакітнае паліва”, таму ў бытавых памяшканнях, душавых няма перабояў з ацяпленнем і з гарачай вадой. Ніякіх пазаштатных сітуацый не ўзнікала. Для спецыялістаў і жывёлаводаў не страшна наколькі апусціўся слупок тэрмометра на вуліцы. З кармамі праблем таксама няма. Іх расходуюць эканомна і ашчадна.
– На надоі халоднае надвор’е на фермах не ўплывае, – расказвае Віктар Іванавіч. – Так, на МТФ “Бусні-1” надойваецца цяпер ад кожнай каровы 22,8 кілаграма.
Зразумела, што толькі ад сытай каровы можна атрымаць малако. Напрыклад, у дзень майго візіту ў “Рагазнянскім” рагулі ахвотна падбіралі з кармавога стала кукурузны сілас, перамешаны з разнатраўным сенажом, яравой саломай, жомам, камбікормам і патакай. Сіласу даюць у разліку 20 кілаграмаў на 1 галаву, сенажу – 2 кг, саломы – 3 кг, 1 кг патакі, жому ў залежнасці ад фізіялагічнага стану жывёлы. Так, высокаўдойныя каровы могуць разлічваць на 18 кілаграмаў яго і да 8 кілаграмаў камбікорму. Меншудойныя жому і камбікорму на кармавых сталах маюць менш. Дарэчы, каровы пасартыраваны па прадукцыйнасці: новацельныя, да 120 дзён лактацыі, 220 дзён лактацыі і вышэй.
З гэтых дзвюх фермаў што-дзённа адпраўляюць на “Савушкавы прадукт” 24 тоны малака, прычым за студзень 91,5% яго залічана гатункам “экстра”.
Гаспадарка зацікаўлена ў атрыманні малака найлепшай якасці, бо аплачваецца яно перапрацоўшчыкамі паводле большых расцэнак, чым “вышэйшае”. Заробак даярак залежыць ад надояў і якасці прадукцыі. За малако “экстра”, напрыклад, даяркі атрымлівалі ў мінулым годзе штомесячна даплату да 2 мільёнаў. Таму ў атрыманні якаснай прадукцыі яны зацікаўленыя.
У чым ж сакрэт атрымання “экстры”? Віктар Іванавіч Сабалеўскі лічыць, што ён хаваецца ў банальнай… чысціні, як жывёлы, так і абсталявання.
– Ферма “Бусні-1” набыла другое жыццё ў 2014 годзе, – тлумачыць брыгадзір. – Нам пад час рэканструкцыі ўстанавілі даільную залу “Вестфалія” паралель 24 на 2 і на раздоі 1 на 6. Усе 16 работнікаў фермы ашчадна адносяцца да прыбораў, адказна ставяцца да даручанай справы. У нас існуе негалоснае правіла – чысціня – крыніца якасці. Таму сочым, каб жывёла была своечасова падаслана, стараемся выявіць хворых жывёл на ранніх стадыях, малако ад мастытных кароў не трапляе ў агульны “кацёл”. Даяркі пад час даення кароў кожнае вымя старанна абмываюць цёплай вадой і выціраюць аднаразовымі сурвэткамі і дэзрастворамі. Усё абсталяванне, па якім малако паступае ў халадзільнік, пасля кожнага даення ачышчаецца праверанымі кіслотнымі і шчолачнымі мыйнымі сродкамі. Прычым тут існуе правіла: “любая аўтаматычная прамыўка заўсёды патрабуе ручной дамыўкі”, якога прытрымліваюцца ўсе работнікі. Кожны аўторак на ферме – санітарны дзень. Так што мікробам, якія любяць бруд і антысанітарыю, у “Рагазнянскім” няма шанцу прыжыцца і развівацца.
Віктар Іванавіч назваў яшчэ адзін сакрэт атрымання малака “экстра” – гэта чыстая вада. Пад час рэканструкцыі на МТФ устанавілі новае даільнае абсталяванне, найноўшую сістэму ачысткі вады. Яна цяпер у паілках кароў, ёю ж прамываюць шлангі, патрубкі, халадзільнік і інш. Немалаважны фактар – стан корму. Няякасныя, заплеснявелыя канцэнтраты і сілас не трапляюць на кармавы стол каровам.
І, бадай, самае галоўнае – адносіны жывёлаводаў да даручанай справы. З усіх гэтых фактараў і складаюцца якасныя “малочныя рэкі” “Рагазнянскага”.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: аператар машыннага даення кароў фермы “Бусні-1” Вольга Піліпук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top