Untitled-13

“Соладка” будзе ў красавіку

Мінулы буракаперапрацоўчы сезон скончыўся надзвычай хутка – яшчэ ў лістападзе. Планавалася нарыхтаваць звыш мільёна тон сыравіны, а насамрэч з-за засухі назапасілі і перапрацавалі ўсяго 650,4 тысячы тон салодкіх карэнняў. З іх атрымана 83,4 тысячы тон белага цукру.
“Салодкі” сезон звычайна мае працяг вясной, калі паступае ў перапрацоўку сырэц. Бягучы год – не выключэнне.
Як паведаміў намеснік галоўнага інжынера ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Андрэй Чарнапятаў,  у гэтыя дні тэхналагічная лінія рыхтуецца да перапрацоўкі цукру-сырцу, як чакаецца ў красавіку. Паводле папярэдніх падлікаў паступіць 40 000 тон яго. Гэтага аб’ёму хопіць на паўтара месяцы работы прадпрыемства. Цяпер збіраецца тэхналагічная схема, вядзецца мантаж вібраканвеера і элеватара сырога цукру.

У скарбонцы – чатыры дыпломы

У мінулую суботу, 30 студзеня, у Драгічыне адбылася абласная канферэнцыя (конкурс даследчых работ) навучэнцаў “З навукай у будучыню”. У ёй прынялі ўдзел чацвёра прадстаўнікоў нашага раёна. Усе вярнуліся з узнагародамі. Дыплом І ступені па нямецкай мове заваявала даследчая работа “Аналіз шляхоў утварэння і спосабаў перапрацоўкі цвёрдых бытавых адходаў у Беларусі і Германіі” дзесяцікласніцы гарадскога ліцэя Вольгі Чарнецкай (педагог Святлана Канстанцінаўна Пташнік). Дыплом ІІ ступені па рускай мове за работу “Нікнэйм як віртуальны антрапонім” прывезла дзевяцікласніца СШ №2 г. Жабінка Вольга Цупа (педагог Марына Іванаўна Пакала). З дыпломамі ІІІ ступені з абласной канферэнцыі вярнуліся дзесяцікласнікі ліцэя: Сяргей Куян за работу па гісторыі “Пад покрывам Божай Маці: іконы Багародзіцы Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка” ( педагог Эліна Уладзіміраўна Чарнецкая)  і Марыя Захарчук за работу па англійскай мове “Мемарыялы дзецям – ахвярам вайны” (педагог Алена Мікалаеўна Дамасевіч).
Абараняць гонар Жабінкаўшчыны на рэспубліканскай канферэнцыі, якая пройдзе ў лютым, будуць Вольга Чарнецкая і Вольга Цупа. Дзяўчаты выступяць у складзе берасцейскай каманды навучэнцаў.

Алімпійскае дараванне-2015

У канферэнц-зале Брэсцкага гарвыканкама праведзены заключны этап акцыі “Алімпійскае дараванне-2015”. У мерапрыемстве, арганізаваным прадстаўніцтвам НАК Рэспублікі Беларусь у нашай вобласці сумесна з упраўленнем адукацыі аблвыканкама, прынялі ўдзел больш як 100 юных спартсменаў, якія паказалі летась высокае майстэрства на спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.
Жабінкаўшчыну на ўрачыстасці прадстаўлялі Яўген Грэцкі, валейбаліст-дзевяцікласнік СШ №1 г. Жабінка, які з 2014 года гуляе ў абласной валейбольнай камандзе, і Ганна Сідарук, чацвёртакласніца з Ракітніцкай сярэдняй школы, якая была другой у рэспубліцы ў спрынтарска-бар’ерным бегу ў мерапрыемстве “300 талентаў для Каралевы”. Цырымонія пачалася з дэманстрацыі фільма “Раўненне на алімпійцаў”, кадры якога нагадалі пра знакамітых спартсменаў Брэстчыны, расказалі, дзе яны трэніруюцца. Затым юныя дараванні былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі і сертыфікатамі.

Старажылы

1 лютага на 105-ым годзе жыцця памерла Марыя Іванаўна Шаўчук з невялічкай вёскі Ліскі, што ў Азяцкім сельсавеце. Апошнімі гадамі яна была найстарэйшай жыхаркай Жабінкаўскага раёна. Пражыўшы паважаны свой век у нялёгкай працы і клопатах аб пяці дочках, бабуля Марыя пайшла ў іншы свет у атачэнні 19 унукаў, 46 праўнукаў, некалькіх прапраўнукаў. Цяпер найстарэйшай жыхаркай на Жабінкаўшчыне стала Алена Якаўлеўна Панфілюк з вёскі Шчэглікі. Паводле дакументаў яна нарадзілася ў маі 1913 года.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top