82 працэнты беларусаў упэўнены ў сваёй бяспецы

82 працэнты беларусаў упэўнены ў сваёй бяспецы

БезымянныйПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у калегіі МУС па выніках работы органаў унутраных спраў за 2015 год. На пасяджэнні калегіі разгледжаны вынікі аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў, унутраных войскаў МУС у 2015 годзе і вызначаны задачы на 2016 год. Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць шэраг напрамкаў і пытанняў, якія неабходна вырашаць не рэагуючы, а змагаючыся, не паддаючыся сумненням у правільнасці выбранага курсу.
Органам унутраных спраў трэба нарошчваць намаганні ў спыненні і прадухіленні распаўсюджання наркаманіі, кардынальна ўзмацніць барацьбу з крадзяжамі, змяніць сітуацыю са злачыннасцю ў вёсцы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыярытэтную ўвагу МУС неабходна ўдзяляць абароне дзяцей і пажылых грамадзян ад злачынных замахаў.
У ліку прыярытэтаў таксама процідзеянне эканамічнай злачыннасці. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым напрамку хацеў бы больш актыўнай работы з боку ведамства.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў рабоце міліцыі павінна праяўляцца прынцыповасць да тых, хто парушае закон. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на неабходнасць падтрымання чысціні радоў унутры саміх органаў унутраных спраў.

Змяніць сітуацыю з крадзяжамі

Прэзідэнт прывёў даныя, што крадзяжы складаюць больш як 40 працэнтаў у агульным аб’ёме зарэгістраваных злачынстваў. У Брэсцкай вобласці ў мінулым годзе ўсплёск крадзяжоў дасягнуў максімальных у краіне значэнняў і склаў аснову высокіх тэмпаў росту злачыннасці ў цэлым. Разам з тым у Мінску дабіліся істотнага зніжэння крадзяжоў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вялікая колькасць крадзяжоў сведчыць аб няхватцы прафілактычнай работы.
Яшчэ адна праблема, на якой асабліва спыніўся Кіраўнік дзяржавы, — злачыннасць у вёсцы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на рост злачыннасці сярод непаўналетніх.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў прымаць самыя жорсткія меры і ў адносінах да тых, хто ўчыняе правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення, і асабліва па чыёй віне гінуць людзі. Тым больш недапушчальна, калі такія злачынствы ўчыняюць людзі, надзеленыя ўладай.

Распаўсюджвальнікам наркотыкаў – невыносныя ўмовы

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што са свайго боку прыняў усе рашэнні, якіх патрабавалі тыя, хто змагаецца з наркаманіяй.
У той жа час ён канстатаваў, што настойлівасць і сістэмныя рашэнні ў сферы процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў сапраўды дазволілі пераламаць сітуацыю на найбольш пагражальных напрамках.
«Гэта выбіла ў наркадзялкоў глебу з-пад ног у пытаннях вырабу наркотыкаў. Таксама пастаўлена заслона распаўсюджванню спайсаў, што выратавала не адно маладое жыццё. Вы атрымалі магчымасць больш дакладна наносіць удары па збытчыках зелля, больш эфектыўна перакрываць каналы яго паставак у краіну, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Унесеныя змяненні ва ўмовы адбывання пакарання асобамі, асуджанымі за нарказлачынствы, выключылі пашырэнне кола іх спажыўцоў. На заканадаўчым узроўні выбудавана дакладная сістэма, якая вызначае не толькі галаўное ведамства, але і паўнамоцтвы ўсіх адказных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый на гэтым напрамку».

Моцная прафілактыка — непазбежнасць пакарання

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, статыстыка па эканамічнай злачыннасці сведчыць, што міліцыя ў мінулым годзе актывізавалася ў барацьбе з гэтым злом.
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць і прафілактычных мер. «Самая добрая прафілактыка — гэта не расказ і інфармаванне, гэта таксама трэба рабіць, але самая моцная прафілактыка — гэта непазбежнасць пакарання, самае жорсткае пакаранне тых, хто лезе ў дзяржаўную кішэню, калі гавораць аб эканоміцы, і тых, хто пазбаўляе жыцця і здзекуецца з чалавека», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што меры, якія прымаюцца міліцыяй, павінны заўсёды абапірацца на атрыманую дакладную інфармацыю аб парушэннях у гаспадарчай дзейнасці.
Больш як 80 працэнтаў жыхароў Беларусі ўпэўнены ў сваёй бяспецы на вуліцы і ў грамадскіх месцах. Аб гэтым сведчаць даныя сацыялагічнага апытання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам.
Пераважная большасць апытаных (82 працэнты) заявілі, што адчуваюць сябе ў бяспецы, знаходзячыся на вуліцы, у грамадскіх месцах. Адмаўляюць гэта 16 працэнтаў рэспандэнтаў.
Параўнальны аналіз у разрэзе рэгіёнаў паказвае, што доля рэспандэнтаў, у той ці іншай ступені ўпэўненых у сваёй бяспецы, найбольшая ў Гродзенскай і Мінскай абласцях (у сярэднім па 86,5 працэнта), найменшая — у Брэсцкім, Магілёўскім рэгіёнах і Мінску (па 79 працэнтаў).
Згодна з вынікамі сацыялагічнага даследавання, дамінантная большасць рэспандэнтаў (43 працэнты) лічаць, што сітуацыя са злачыннасцю ў іх раёне (горадзе, вёсцы) за год палепшылася. Аб тым, што абстаноўка не змянілася, заяўляюць 36 працэнтаў удзельнікаў апытання, пагоршылася — толькі 6 працэнтаў.
Паляпшэнне сітуацыі са злачыннасцю за апошні год часцей адзначаюць жыхары Мінскай вобласці (50,5 працэнта), радзей — Брэсцкай і Магілёўскай абласцей (у сярэднім па 37 працэнтаў).
Ацэньваючы дзейнасць органаў унутраных спраў, 39 працэнтаў насельніцтва лічаць, што за апошні год яна не змянілася. На паляпшэнне работы органаў унутраных спраў указалі 28 працэнтаў грамадзян. Аб пагаршэнні выказаліся 6 працэнтаў рэспандэнтаў.
Згодна з вынікамі апытання, рэжым работы і ўмовы абслугоўвання насельніцтва ў структурах МУС задавольваюць 71,5 працэнта рэспандэнтаў. Незадаволены рэжымамі работы і ўмовамі абслугоўвання насельніцтва 5 працэнтаў апытаных.
Якасці работнікаў унутраных спраў (аператыўнасць у рабоце, прафесіяналізм, уменне працаваць з людзьмі, прыстойнасць, адказнасць, ветлівасць, тактычнасць, уважлівасць) у той ці іншай ступені задавольваюць 57 працэнтаў рэспандэнтаў.
Вынікі сацыялагічнага апытання паказваюць, што за апошні год, як і папярэднія перыяды, найбольш часта грамадзяне звярталіся па дапамогу, вырашэнне узнікаючых пытанняў у органы ўнутраных спраў (17 працэнтаў). Сярод грамадзян, якія звярталіся за апошні год у гэтыя органы, больш за палавіну засталіся задаволенымі вырашэннем сваіх пытанняў (55,5 працэнта).
Даныя апытання паказалі, што ўзровень даверу органам унутраным спраў склаў 67 працэнтаў, недаверу — 21 працэнт.
Большасць насельніцтва рэспублікі (69 працэнтаў) адчувае сябе абароненым ад магчымага самавольства з боку супрацоўнікаў разглядаемай структуры. Доля тых, хто лічыць сябе неабароненым перад органамі ўнутраных спраў, склала 20,5 працэнта. Не змаглі адказаць 10,5 працэнта грамадзян.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top