Казус з “ASUS”ам

Казус з “ASUS”ам

vor-s-kompyuterom1Жабінкавец П. і раней быў пад судом за крадзёж. Аднак, відаць, першага затрымання за незаконны “промысел” мужчыне падалося мала. Інакш як патлумачыць ягоны нахабны ўчынак. 12 снежня 2015 года паміж 10.00 і 10.30 зламыснік з павільёна, размешчанага на другім паверсе ўнівермага ў райцэнтры, украў ноўтбук “ASUS”. Гэтым злодзей прычыніў гаспадару камп’ютара шкоду на суму ў 4,5 мільёна рублёў. П. быў арыштаваны і цяпер абвінавачваецца паводле часткі 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Крадзёж”) .

Сужыцель – на сужыцельку…

Увечары 20 снежня на падворку па вуліцы Цэнтральная, што ў аграгарадку Вялікія Якаўчыцы, разгарэлася сварка. Раўнівец П. накінуўся на сужыцельку. Вясковы “Атэла” нанёс не менш за 15 удараў рукамі і нагамі, прычыніў жанчыне цялесныя пашкоджанні ў выглядзе чэрапна-мазгавой траўмы. Жанчына праляжала да раніцы, атрымала абмаражэнні, яе ледзь выратавалі ўрачы. Грамадзяніну П. давядзецца з усёй строгасцю закона адказваць паводле часткі 1 артыкула 149 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

…а сужыцелька – на сужыцеля

Трыма днямі раней падобная брыдкая “сямейная” сцэна адбылася таксама на вуліцы Цэнтральная, толькі цяпер ужо ў аграгарадку Хмелева. Сварка разгарэлася не ў двары, а ў хаце. На гэты раз крымінальную “актыўнасць” праявіла сужыцелька, якая нанесла ўдар нажом свайму “каханаму” ў вобласць грудзей. Жанчыне давядзецца падрабязней “пазнаёміцца” са зместам часткі 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Цяжкія цялесныя пашкоджанні, небяспечныя для жыцця”).

Колькі вяровачцы не віцца…

29 снежня 2015 года быў затрыманы раней судзімы мінчанін-наркаман, які здзейсніў пяць крадзяжоў у горадзе над Бугам. Пакінуў свой крымінальны след ён і на Жабінкаўшчыне. Прынамсі, 4 снежня ў аграгарадку Ленінскі тайна скраў сумку з аўтамабіля “Аўдзі”. У ёй знаходзіліся дакументы і грашовыя сродкі – 300 долараў ЗША і 2 мільёны рублёў. За гэтую серыю крадзяжоў грамадзяніну давядзецца трымаць “справаздачу” перад людзьмі ў судзейскіх мантыях.

Некрымінальная трагедыя

1 чэрвеня 2015 года, калі святкаваўся Дзень абароны дзяцей, у сям’і жабінкаўцаў нарадзіўся сын. Маленькі трагічна загінуў 24 снежня. Здаецца, нішто не прадказвала такога зыходу. Маці пакарміла дзіця сумессю з бутэлечкі і паклала спаць у ложачак, прылегла і сама. А калі прачнулася пасля абеду, з жахам пабачыла, што сын ляжыць на жываце тварам уніз, без прыкмет жыцця…
З гэтай страшнай сітуацыі маладыя бацькі павінны вынесці ўрок: трэба пасля кармлення патрымаць немаўлятка вертыкальна і дачакацца, каб яно зрыгнула. А ў ложачак абавязкова класці яго так, каб, выпадкова зрыгнуўшы, дзіця не захлынулася.
Аляксандр ДЗЯГЕЛЬ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь; Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top